Краіна, дзе не трэба адказваць за «Бацьку»
Навошта ехаць у Эстонію, спытаецеся вы, чаго мы там не бачылі? Пра мясцовыя славутасці і цікавосткі можна прачытаць у турыстычным даведніку. Іх нямала, нягледзячы на сціплыя памеры тэрыторыі. Я ж згадаю некаторыя дробязі, якія ўпускаюцца з-пад увагі турыстычнымі даведнікамі. Бо ў дробязях хаваецца не толькі д'ябал, але і самы цымус.
Стылізацыя пад эстонскі сцяг
Калі мяне, як і сотні іншых, судзілі 20 снежня 2010 года за ўдзел у вядомых падзеях, я супрацоўнічаў з «Радыё Свабода». Адзін з маіх канваіраў у калідоры суда пацікавіўся тады
ў свайго напарніка, а што гэта за радыё такое, ніколі не чуў. Той яму даволі вобразна патлумачыў: «У Прыбалтыцы глазураваны сырок каштуе два еўра. Я там быў, ведаю. Калі хочаш, каб
у нас сырок каштаваў два еўра, слухай гэта радыё». Спалохаўшыся такой перспектывы, маладзенькі міліцыянт паабяцаў ніколі яго не слухаць.
Не такі страшны глазураваны сырок
Краінамі Балтыі даволі часта палохае насельніцтва дзяржаўная прапаганда ў Беларусі і Расіі, каб запэўніць у правільнасці выбару на карысць адмаўлення ад заходняй цывілізацыйнай мадэлі. Апроч
таго, што там сыркі па два еўра за штуку, яшчэ і развалена прамысловасць, знішчана сельская гаспадарка, ліквідавана сацыяльная інфраструктура (ЖКГ, адукацыя, медыцына, спартыўна-аздараўленчыя
ўстановы, грамадскі транспарт ды інш.), а насельніцтва масава ўцякае за лепшай доляй. Вось вам вынік свабоды і дэмакратыі, вось вам і Еўрасаюз. Бойцеся і моцна трымайцеся за нашу цвёрдую руку, нават
і не глядзіце ў той бок.
Сырок за 1668 рублёў па курсу на 16 жніўня
Крах аграімперыі
Але ж ядуць яны, вядома, пластыкавае мяса і пенапластавы гарнір? Бо калі там няма калгасаў, адкуль узяцца сельскай гаспадарцы. Адна палова насельніцтва гандлюе, іншае набывае, так і ходзяць з
гіпермаркета ў банк і назад, вырабляць прадукцыю няма каму? У іх жа не было прэзідэнта, які б запусціў заводы і пабудаваў аграгарадкі.
Потым я неяк абвыкся, калі праехаў Эстонію ўздоўж і папярок, але напачатку, шчыра прызнаюся, у мяне нават галава закружылася ад мільгання палёў з разнастайным ураджаем за акном
аўтобуса.
Тыповы эстонскі краявід
З аднаго боку, ну што тыя палі, і наогул сельская гаспадарка? Калі глядзець на яе праз прызму чыста эканамічных паказчыкаў, яна выглядае чымсці трэцеразрадным і неабавязковым. У Беларусі
сельская гаспадарка дае 7,5% ВУП, у Эстоніі — 3,7% (пры ВУП на душу насельніцтва, пералічаным па парытэцы пакупніцкай здольнасці, каля 15 тыс. даляраў у Беларусі і 20 тыс. у
Эстоніі). Цьху — і расцерці.
Сельская гаспадарка стала не проста каньком і фетышам у Беларусі, яна вырасла да маштабаў унікальнай з'явы, на ўзроўні восьмага цуда свету. Гэты вобраз падмацоўваўся шматлікімі ахамі і
охамі гасцей з Расіі над нашымі палямі, садамі і статкамі, як быццам Беларусь апошняе месца, дзе яны засталіся. Таму я быў крыху расчараваны — не апошняе. Эстонцам у бліжэйшы час таксама не
пагражае перспектыва харчавацца грашыма.
Каровы займаюцца ландшафтным дызайнам
Зрэшты, ну іх, тыя сухія лічбы. Лепей я раскажу, як сам мімаволі ахнуў, нібы той расіянін, убачыўшы на выспе Саарэмаа незвычайную сельгасжывёлу. Спачатку мне падалося, што гэта экзатычныя які,
тыбецкія быкі. Буйны, магутны корпус, застрашлівыя рогі, густая кудлатая поўсць, нейкі легкадумны хуліганскі чубчык, што спадае на вочы.
Высакагорная шатландская карова з цялём
Мая праважатая, гід Марыя Пеэп, патлумачыла, што гэта высакагорныя шатландскія каровы, жывёлы многафункцыянальныя. Яны ўстойлівыя да суровага клімату — ім не страшны дождж, вецер, мароз
і снег. Таму гэтыя каровы знаходзяцца круглы год пад адкрытым небам, што мінімізуе выдаткі на іх утрыманне. Вылучаюцца доўгажыхарствам і працягваюць пладзіцца нават пасля 18 гадоў. Не баяцца ваўкоў,
што актуальна для Саарэмаа, дзе драпежнікі сталі сапраўдным бедствам для авечкагадоўцаў. Мяса з паніжаным узроўнем тлушчу і халестэрыну, а пратэіна і жалеза ў ім больш, чым у звычайнай
ялавічыне.
Хіба ж не крэатыўны падыход? Адным стрэлам — адразу трох зайцоў.
Статак шатландскіх высакагорных кароваў завезлі сюды на грант, атрыманы ў Еўрапейскім фондзе рэгіянальнага развіцця. Раздалі на ўтрыманне хутаранцам. Калі карова ацеліцца, цяля можна пакінуць у
сябе, а карову перадаць суседу.
«Заняпад Еўропы» адкладаецца
Калі ўжо зайшла гаворка пра дызайн, згадаю архаічныя каменныя агароджы, зробленыя без цэменту, якія разам з саламянымі стрэхамі і натуральнымі донкіхотаўскімі млынамі надаюць Саарэмаа вельмі
старажытны выгляд. Такія агароджы апаясвалі амаль усе хутарскія ўгоддзі, што я бачыў. Пытаюся ў Марыі, як толькі не разбурыліся за столькі часу? Высветлілася, што некаторыя з іх зроблены
зусім нядаўна. У рамках праекта, прафінансаванага сумесна ўрадам Эстоніі і ЕС. У залежнасці ад вышыні гаспадарам хутароў плацілі ад 20 да 35 еўра за метр такой агароджы. Праца вельмі няпростая, але
некаторыя хутаранцы ўзвялі сапраўдныя кітайскія сцены.
Пабудова каменнай агароджы
Мясцовыя атрымалі працу, турысты прыемны для вока пейзаж, Саарэмаа ў цэлым — стратэгічную інвестыцыю. А я атрымаў разуменне, што глыбіня і цяжар крызісу ў краінах ЕС крыху
перабольшаныя. Калі магчымае ажыццяўленне падобных праектаў, я мяркую, заняпад Еўропы адкладаецца.
Як даехаць
Пра Эстонію беларусы ведаюць мала з прычыны адсутнасці агульнай мяжы і нязручнасці транспартнага злучэння. Туды не ездзяць цягнікі і не лятаюць самалёты, а 12-гадзінную паездку ў аўтобусе не
кожны вытрымае.
Варта толькі даехаць. Перамяшчаючыся на аўтобусе ўнутры краіны, нават калі давядзецца ехаць 6-7 гадзінаў (бывае і такое, Эстонія ўсё-ткі не карлікавая краіна), вы забудзеце пра тое, што
«паездка на аўтобусе аказвае цяжкі ўплыў на псіхіку і здароўе». Прасторна, свежа, выцягвай ногі і спі сабе. Прыбіральня не зачынена, тэлефон можна падзарадзіць.
Не ведаю, каму належыць кампанія VR Lines, але каму б ні належала, відавочна, уладальнік упэўнены, што беларусам «і так сыдзе». Трэба мяняць гэтае ўражанне.
Навошта ехаць
А навошта туды ехаць, спытаецеся вы, чаго мы там не бачылі? Пра мясцовыя славутасці і цікавосткі можна прачытаць у турыстычным даведніку. Іх нямала, нягледзячы на сціплыя памеры тэрыторыі. Я ж
згадаю некаторыя дробязі, якія ўпускаюцца з-пад увагі турыстычнымі даведнікамі. Бо ў дробязях хаваецца не толькі д'ябал, але і самы цымус.
У былых «брацкіх рэспубліках» мяне заўжды вельмі раздражняла першая рэакцыя шэраговых жыхароў на беларускага госця. Маюцца на ўвазе абавязковыя кампліменты «вашаму Бацьку». Праз іх я даволі часта лічыў за лепшае наогул прадстаўляцца кім-небудзь іншым, не беларусам, гэтак надакучвала тлумачыць, што «ён мне не бацька». Хіба гэта не абразліва, калі дзевяцімільённы народ выступае ў ролі прыдатка аднаго палітычнага дзеяча? Чыя абранасць гэтым самым народам, да таго ж, выклікае небеспадстаўныя сумневы.
Дык вось, Эстонія стала першай «брацкай рэспублікай», дзе мне не давялося адказваць за «Бацьку».
Хоць у пекле згарыце, калі хочаце
У расіян ёсць рыса характару, якую адны лічаць «непасрэднасцю», іншыя «нахабствам» — казаць свайму суразмоўцу тое, што думаюць, нават па самых спрэчных пытаннях. Асабліва не пераймаючыся, ці не абражаюць яны яго, ці не наступаюць на мазоль. Часцяком усходні сусед будзе ведаць лепей за вас, што для вас добра, а што дрэнна. Аднойчы масквіч у цэнтры Вільні (!) павучальным тонам тлумачыў мне, чаму я мушу падтрымліваць палітыку беларускага прэзідэнта.
Эстонцы ўяўляюць сабой поўную супрацьлегласць расіянам. Яны вельмі асцярожныя ў міжасабовых зносінах. І калі не будуць упэўнены, як вы ставіцеся да таго ці іншага пытання, абыдуць яго бокам. Або
спачатку запытаюцца, што вы на гэты конт думаеце. Калі ж памыляцца ў ацэнцы вашых поглядаў і дазволяць сабе «няправільнае» выказванне, хутчэй выправяць «памылку»,
чым будуць настойваць на сваім.
Прэзідэнт з жонкай
З гэтай прычыны эстонцы, бывае, няўхвальна адгукаюцца пра Эвелін Ільвэс, жонку свайго цяперашняга прэзідэнта (так, у прэзідэнта ёсць жонка, жыццю і дзейнасці якой прысвечаны вялікі раздзел
прэзідэнцкага сайта). На іх погляд, спадарыня Ільвэс дазваляе сабе «ментарскі тон» у публічных выказваннях. Яна можа ўсяго толькі прапагандаваць спажыванне экалагічных прадуктаў,
даваць парады па садоўніцтву, кулінарыі ці рукадзеллю, а ёй за гэта прыпісваюць «амерыканскія замашкі». Хаця не яна, а яе муж шмат часу пражыў у ЗША. Ну не падабаецца эстонцам
схільнасць прадстаўнікоў «вялікіх народаў» да безапеляцыйных выказванняў.
Пастар Леха Палдрэ
У Львове я аднойчы вымушаны быў адказваць на папрок: «Чаму вы дасюль яго не зрынулі?» Не скажу, каб чуць гэта было прыемней, чым згаданы вышэй камплімент. Што да
эстонцаў, ад іх я не пачуў ані абразлівых кампліментаў, ані крыўдных папрокаў.
«Калі піва не піт, гарэлка не піт...»
Пазней я распавёў пра яго рэакцыю святару Эстонскай апостальскай праваслаўнай царквы Афрату Лаасу, у якога абыякавасць да рэлігіі сярод эстонцаў выклікае сум. Я чакаў, што айцец Афрат
грэбліва паморшчыцца ад згадкі «сектанта» і буркне што-небудзь з'едлівае. Але ён мяне здзівіў, сказаўшы з усмешкай: «Дык пратэстанты любяць працаваць. А мы,
праваслаўныя, не вельмі».
Айцец Афрат Лаас
Зрэшты, не толькі баптысцкі пастар, але і 53-гадовы хіпі («адзіны хіпі на ўсю акругу!») з вёскі Вярска, які жыве на сацыяльную дапамогу па беспрацоўю — яму аплочваюць камунальныя выдаткі і даюць на рукі 76 еўра — не аддаецца жалю да сябе і свайго становішча: «Калі піва не піт, гарэлка не піт, галавой думат, усё будзе добра».
Піт ці не піт піва? Заўсёднік пляцоўкі каля крамы ў Вярска
У тым, што ўсё будзе добра ў таго, хто здольны «галавой думат», быў упэўнены і рамеснік, які гандляваў сувенірамі ўласнай вытворчасці на супрацьлеглым канцы Эстоніі, на выспе
Саарэмаа. За апошнія гады гандаль у яго пагоршыўся — колькасць турыстаў расце, але яны ўсё меней схільныя набываць саматужныя вырабы. Ну, трэба пашукаць іншыя месцы збыту — і ён
едзе ў Швецыю на святочныя кірмашы. Яму самому ўжо цяжкавата «варушыцца», але сын таксама раптам захапіўся рамесніцтвам, ёсць надзея, што справа не загіне.
Не ўспрымаць цяжкую сітуацыю фатальна безнадзейнай, у якой можна толькі гараваць і зайздросціць тым, у каго яна лепей — яшчэ адна рыса эстонскага характара.
Жыроўкі і жыллёвыя магчымасці
Аплата жылля і камунальных паслуг — вельмі балюча адчувальная графа расходаў для жыхароў Эстоніі. Кіроўца Андрэй Крыкуноў з невялікага гораду Курэсаарэ (13,5 тысяч чалавек), што на
выспе Саарэмаа, займаючы двухпакаёвую кватэру, плаціць за яе ўлетку 50 еўра. Узімку яму даводзіцца плаціць ужо каля 100 еўра. Пры тым, што ён карыстаецца пячным ацяпленнем. Бібліятэкарка
Таццяна Ганюкова з Нарвы (59 тысяч чалавек) плаціць за такую ж кватэру каля 150 еўра ў ацяпляльны сезон. Жыхар Таліна Аляксей Гюнтэр за кватэру 80 кв.м. мінулай зімой плаціў 270 еўра. Панэльны дом у
раёне Ласнамяэ, 1989 года пабудовы. У нас такую суму плацяць хіба ўладальнікі кватэраў у доме «Ля Траецкага».
Мне мінулай зімой давялося аднойчы заплаціць за трохпакаёўку каля 60 еўра. І гэта быў сапраўдны шок. Большая сума аплаты камуналкі ў мяне неяк у галаве не ўкладваецца.
Паводле Дзяржкамстату, у гэтым годзе на аплату камунальных паслуг беларус аддаваў 5,8% ад сумы намінальнага налічанага сярэднемесячнага заробку. Гэта ўмоўная лічба глядзіцца вельмі выгадна ў
параўнанні з выдаткамі эстонца, які аддае на «камуналку» ажно 18% сваіх даходаў.
Заля, кватэра ў Курэсаарэ. 68.3 м², 51 000 EUR ($ 66300). Што характэрна, амаль за такія самыя грошы можна набыць кватэру і ў Таліне.
І не толькі праз сваю прыродную стрыманасць яны маўчалі. Эстонцы схільныя дбайна ўсё ўзважваць. Бо тую кватэру спачатку яшчэ трэба набыць. Калі ж параўнаць умовы набыцця ўласнай кватэры,
акажацца, што эстонец знаходзіцца ў значна лепшым становішчы, чым беларус. Як падлічыў аналітык у галіне нерухомасці Тыну Тоомпарк, на сярэдні эстонскі заробак можна набыць двухпакаёвую кватэру
плошчай 51 кв. м. у спальным мікрараёне Таліна. Вядома, не адразу, а ўзяць на яе крэдыт з тэрмінам выплаты ў 25 гадоў. Муж з жонкай могуць набыць ужо трохпакаёўку пры сярэднім заробку ў
абодвух.
Міжволі пачнеш чухаць патыліцу: што лепей — мець адносна простую магчымасць абзавесціся сваёй кватэрай ці жыць разам з сям'ёй у некалькі пакаленняў, затое плаціць адносна
невялікія грошы за камунальныя паслугі?
«Народная» Беларусь супраць «буржуазнай» Эстоніі
Апроч таго, адрозніваюцца не толькі жыроўкі, адрозніваюцца і заробкі. Возьмем сціплую стаўку бібліятэкара ў Нарве, не самым, скажам так, квітнеючым эстонскім горадзе. Таццяна Ганюкова атрымлівае
чыстымі 400 еўра. (Гэта не шмат, у суседнім горадзе мясцовы савет плаціць сваім бібліятэкарам ужо 600 еўра.) Пасля аплаты камунальных плацяжоў узімку ў яе на руках застаецца 250 еўра або 2,9
млн. у пераліку на беларускія рублі. Тады як Нацыяльная бібліятэка запрашае бібліятэкара на 2 мільёны рублёў.
Улады Эстоніі на ролю такога клапатлівага дабрадзея не прэтэндуюць. І «народалюбівай» рыторыкай не карыстаюцца. «Мы ж будуем амерыканскі, а не еўрапейскі капіталізм.
Гэта вялікая розніца. Наша кіроўная партыя кажа, што калі ты бедны, ніхто ў гэтым, апроч цябе самога, не вінаваты», — тлумачыць журналіст газеты Saarte Hääl
Тыну Прэй з ледзь заўважнай з'едлівай усмешкай. Яму гэта не падабаецца, ён аддае перавагу скандынаўскай мадэлі гуманнага капіталізму.
Пільны баец ідэалагічнага фронту мог бы тут мяне падлавіць: калі ў эстонскіх настаўнікаў і лекараў так усё добра, чаго яны баставалі летась? Нашы вунь не бастуюць, значыць, яны задаволеныя тым,
што дае ім народная ўлада!
У Эстоніі не адкрыты філіял рая на грэшнай зямлі, таму добра там далёка не ўсё і не ўсім. Адзінае дык дакладна добра — яе грамадзяне не з'яўляюцца безаблічнай масоўкай, чые думкі
і настроі пастаянна агучвае нехта іншы, прыпісваючы разам з тым сабе ўсе іх агульныя дасягненні. «Народнай» улады няма, а народ ёсць. Зробленыя ў Эстоніі памылкі і дасягнутыя ёй
поспехі — гэта яго, эстонскага народа, памылкі і яго поспехі. Яны не толькі беларускага прэзідэнта не будуць узгадваць у размовах з вамі, пра сваіх палітыкаў эстонцы таксама гавораць нешмат.
Чым іх адарыла або чаго ім недадала ўлада — не тэма размовы для эстонцаў. Ім цікавей размаўляць пра тое, што яны зрабілі ці хацелі б зрабіць самі.
(Працяг будзе)