Кітай і Расія маюць намер прызнаць «Талібан»
У Маскве і Пекіне заявілі аб планах будаваць сяброўскія адносіны з «Талібанам», пішуць СМІ. Аднак пакуль «Талібан» застаецца прызнаны ААН тэрарыстычнай арганізацыяй. Лічыцца ён такім і ў Расіі.
Кітай і Расія плануюць прызнаць праўленне «Талібана», які захапіў уладу ў Афганістане, пра гэта піша korrespondent.net са спасылкай на «DailyMail».
Адзначаецца, што Кітай і Расія маюць намер будаваць з талібамі сяброўскія адносіны і заклікаюць да мірнай перадачы ўлады.
Таксама паведамляецца, што Расія не плануе эвакуацыі сваёй амбасады. Талібы гарантавалі бяспеку дыпламатычнага персанала Расіі.
У МЗС РФ паведамляюць пра ўстанаўленне працоўных кантактаў з новымі ўладамі ў Кабуле.
«Амбасада Расіі ў Кабуле працягвае функцыянаваць у штатным рэжыме. Устаноўлены працоўныя кантакты з прадстаўнікамі новых улад у мэтах забеспячэння бяспекі расійскай замежнай установы», — гаворыцца ў паведамленні.
«Паводле наяўнай інфармацыі, абстаноўка ў Кабуле і ў Афганістане ў цэлым стабілізуецца. Талібы прыступілі да навядзення грамадскага парадку, пацвердзілі гарантыі бяспекі мясцовых жыхароў і замежных дыпмісій. Заклікаем усе афганскія бакі ўстрымлівацца ад гвалту і садзейнічаць урэгуляванню сітуацыі мірным шляхам», — дадалі ў МЗС РФ.
Як паведамляе France 24, паводле слоў прэс-сакратара МЗС Кітая Хуа Чунін, «Талібан» неаднаразова заяўляў пра спадзяванні адносна развіцця адносін з рэспублікай і далейшага аднаўлення Афганістана.
«Мы вітаем гэта. Кітай паважае права афганскага народа самастойна вызначаць свой лёс і гатовы працягваць развіваць... сяброўскія адносіны і адносіны супрацоўніцтва з Афганістанам», — дадала Чунін.
Тым часам палесцінская ваенізаваная групоўка «ХАМАС» ужо павіншавала «Талібан» з захопам улады.
Групоўка адзначыла, што сыход амерыканцаў пацвярджае неабходнасць супраціву народаў, у тым ліку палесцінскага, для будучай перамогі, і пажадала жыхарам Афганістана далейшых поспехаў.