Казахстан: ахвярай крызісу стаў кожны
Як ні дзіўна гэта гучыць, але сярод валют краін СНД ёсць такія, якія нягледзячы на крызіс застаюцца стабільнымі. Сярод іх казахскі «тэнге». За кошт чаго ўтрымліваецца курс? Пра гэта і пра іншыя аспекты крызісу ў Казахстане карэспандэнт «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, казахскім журналістам і праваабаронцам.
Як ні дзіўна гэта гучыць, але сярод валют краін СНД ёсць такія, якія нягледзячы на крызіс застаюцца стабільнымі. Сярод іх казахскі «тэнге». За кошт чаго ўтрымліваецца курс? Пра гэта і пра іншыя аспекты крызісу ў Казахстане карэспандэнт «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, казахскім журналістам і праваабаронцам.
—ЯкпраяўляеццакрызісуэканоміцыіграмадскімжыцціКазахстана?Якія настроі ў грамадстве?
— Здаецца, што ахвярай крызісу стаў кожны. Урад доўгі час пераконваў, што ў нас усё нармальна, што Казахстан ідзе па свайму унікальнаму шляху развіцця і таму крызіс краіну не закране.
Аднак жа закрануў. Шэраг буйных прадпрыемстваў краіны зараз на мяжы закрыцця або значна скарацілі вытворчасць. Напрыклад, металургічны камбінат у Карагандзе. Рабочых адпраўляюць у прымусовыя
адпачынкі. А гэта галоўныя прадпрыемствы для ўсёй мясцовай інфраструктуры. Другая галіна, дзе ўсё амаль згарнулася, — будаўніцтва. Усё гэта паўплывала на банкаўскую сферу. У банках людзі
доўгі час трымалі грошы і бралі крэдыты пад тую ж пабудову кватэр. У сваю чаргу банкі бралі крэдыты на Захадзе. Аднак усё гэта навярнулася за лічаныя месяцы. Прыкладна 25 працэнтаў бізнесу ўжо
зачынілася. З-за дрэннага эканамічнага становішча пачалі рэзаць заробкі. Апошні ўдар: папаўзлі ўніз цэны на нафту. З яе экспарту галоўным чынам фармаваўся бюджэт. Цяпер узніклі праблемы ў бюджэтнікаў
і пенсіянераў. Каб выратаваць банкі, дзяржава палезла ў асабістыя пенсійныя фонды, і шмат хто стаў са здзіўленнем канстатаваць, што яго грошы пачалі кудысьці знікаць. Асобна можна сказаць пра
злачыннасць. Яна неверагодна павялічылася. Паліцыя ў паніцы: злачынцамі становяцца тыя, хто звычайна раней сябраваў з законам. Галоўным чынам гэта былыя будаўнікі або гастарбайтэры з суседніх краін.
Пасля васьмі гадзін вечара стала небяспечна выходзіць на вуліцы Алма-Аты. А літаральна два дні таму ўвесь горад ускалыхнуў такі выпадак: злачынцам стаў чарнаскуры. Ён прыпыніў машыну з дапамогай
драбавіка, забраў рэчы вадзіцеля і збег. Такога кур’ёзу яшчэ не было.
— Сітуацыя ў Казахстане лепшая або горшая ў параўнанні з іншымі рэспублікамі Сярэдняй Азіі?
— Пакуль лепшая, бо яна заўсёды была лепшай. Аднак тут ёсць такі момант: суседнія краіны не былі так моцна завязаныя на замежных крэдытах, а банкаўская сфера Казахстана лічылася адной з
лепшых у СНД. Вось чаму заходнія банкі ахвотна давалі казахскім калегам грошы ў доўг. Цяпер яны патрабуюць іх вяртання. А плаціць няма чым. З іншага боку, нашы суседзі і так, па шчырасці, дрэнна
жывуць. Па вялікаму рахунку, там нічога не змянілася ў апошнія часы, хіба што цэны выраслі. А Казахстан апошнія тры-чатыры гады жыў вельмі добра, і цяпер цяжка прызнаваць, што ўсё гэта
заканчваецца.
— Беларускі ўрад доўгі час адмаўляўся прызнаваць факт рэцэсіі. Нават зараз дзяржаўная прапаганда сцвярджае, што слова «крызіс» не павінна ўжывацца ў дачыненні да
Беларусі. А як паводзяць сябе казахскія ўлады?
— Як я ўжо казаў, даўгі час урад рабіў выгляд, што ўсё добра. Аднак калі нават апошні лох у эканоміцы стаў разумець, што справа кепская, чыноўнікі прызналі: так, крызіс ёсць. І нават
выступілі з некаторымі мерамі, якія, аднак, былі вельмі познія. У сваіх апошніх выступах прэзідэнт заклікаў чыноўнікаў да эканоміі. Хаця ў бюджэтнай галіне панічная эканомія на ўсім, што можна, ужо
назіраецца.
— Чаму Казахстан не праводзіць дэвальвацыю тэнге? Ці ёсць чуткі наконт магчымай дэвальвацыі, і, адпаведна, ці назіраецца паніка каля пунктаў абмену валют?
— Чуткі — абавязковая складаная казахскай палітыкі. Пра дэвальвацыю размаўляюць даўно, і нават называліся канкрэтныя тэрміны — у сярэдзіне снежня пасля Дня
незалежнасці. Аднак пакуль усё нармальна. Панікі не назіраецца. Народ проста прызвычаіўся да чутак і не спяшаецца пасля чарговай плёткі кідацца набываць соль і мыла. Пакуль дзяржава выкарыстоўвае
ўнутраныя валютныя рэзервы і тэнге трымаецца. Наколькі гэтых рэсурсаў хопіць, я сказаць не магу.
— Як паводзіць сябе ў новых умовах палітычная апазіцыя? Ці здолела яна ўзняць свой рэйтынг? Ці не спрабуюць улады знайсці нейкі кампраміс з апанентамі, каб не дапусціць палітызацыі
магчымых пратэстаў?
— У нас пайшлі іншым шляхам. Каб апазіцыя не згуляла на пратэстных настроях, Астана атакавала першай. Супраць усіх палітычных лідэраў былі ўзбуджаны крымінальныя справы аб укрыванні
злачынцы. Сем гадоў таму з Казахстану ва Украіну збег адзін з палітычных праціўнікаў Назарбаева, якога абвінавацілі на радзіме ў забойстве. Украіна, дарэчы, палічыла казахскія абвінавачанні не
дастатковымі. Так ці інакш, у той час сем лідэраў апазіцыі звярнуліся да афіцыйнага Кіева з просьбай не выдаваць уцекача. Цяпер ім нечакана прыгадалі той ліст у Кіеў, палічыўшы, што ён падпадае пад
артыкул «дапамога ва ўкрыванні злачынцы». Шэсць падпісантаў ужо чакаюць суда. Адзін на момант узбуджэння справы знаходзіўся ў Манголіі, і цяпер ён вяртацца не спяшаецца.
— Ці магчымы пратэсты? Калі так, то хто патэнцыйна можа іх узначаліць? Якія патрабаванні могуць высунуць іх удзельнікі?
— З вялікім скепсісам можна паверыць у тое, што народ падымецца супраць прэзідэнта. Хіба што падобнае можа адбыцца ў атачэнні кіраўніка дзяржавы. Праціўнікаў у яго хапае нават у сваёй
сям’і. Аднак перспектыва народнага бунту мала рэальная.
— Ці адлюстраваўся нейкім чынам крызіс на знешнепалітычных арыенцірах Астаны?
— Прыярытэты ў гэтай галіне засталіся старымі: адсутнасць нейкіх вызначаных арыенціраў пры некаторых сантыментах на адрас Расіі. Праўда, з боку самой Расіі былі абвінавачанні ў тым, што
Казахстан быццам збіраецца даць згоду на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі баз NАТО. Аднак казахскі МЗС аператыўна заявіў, што гэта лухта. Шчыра кажучы, на гэтым усё і скончылася.
— Што кажуць казахі пра газавую вайну Украіны і Расіі?
— Амаль нічога. У асноўным нашы выданні цытуюць расійскую прэсу. На самай справе для Казахстану гэта нешта далёкае і не актуальнае.