Каталіцкі біскуп з пацярпелага ад Бока Харам рэгіёну: застаецца толькі прабачыць

"Бока Харам" — гэта джыхадзісцкая група, якая актыўная ў паўночна-ўсходняй Нігерыі, а таксама ў Чадзе, Нігеры і паўночным Камеруне. Паводле розных ацэнак, колькасць яе сябраў вар’іруецца ад 7000 да 10000 байцоў.



stephen_mamza.jpg

Група першапачаткова была звязана з "Аль-Каідай", але ў 2015 годзе яна прысягнула на вернасць да Ісламскай дзяржавы. Джыхадзісты забілі больш за 13 000 грамадзянскіх асоб у час нападаў, якія адбываюцца ў асноўным на паўночным усходзе Нігерыі. Больш за 1,5 млн чалавек сталі бежанцамі ў выніку гвалту.

Стывен Дамі Мамза (Stephen Dami Mamza), каталіцкі біскуп з Ёла у паўночна-ўсходняй Нігерыі, чыя дыяцэзія моцна пацярпела ад дзейнасці "Бока Харам", распавядае ў сваім інтэрв’ю krynica.info аб джыхадзістах, прабачэнні і сітуацыі ў краіне.

— Вашая дыяцэзія знаходзіцца ў паўночнай частцы Нігерыі, у той час як большасць хрысціянскага насельніцтва пражывае на поўдні краіны. Ці шмат хрысціянаў у вашым рэгіёне?

— Большую частку насельніцтва Нігерыі складаюць хрысціяне, але ў асноўным яны, вядома, пражываюць на поўдні. Але шмат хрысціян жыве і ў маім рэгіёне. У маім горадзе хрысціяне складаюць 55—60% насельніцтва. Астатнюю частку складаюць мусульмане. Разам з тым, як мне падаецца, палітычная, эканамічная і традыцыйная ўлада знаходзіцца ў руках мусульман. Таму часам хрысціяне, якія хоць і знаходзяцца ў большасці, адчуваюць сябе маргіналізаванымі.

А якія ўзаемадачыненні паміж хрысціянамі і мусульманамі?

— У мінулым мы не мелі вялікіх праблемаў. Мы жылі як добрыя суседзі, браты і сёстры. Але ў апошнія часы, асабліва пад уплывам актыўнасці Бока Харам, сітуацыя пачала змяняцца. Раней у нас сутыкненняў не было.

Калі "Бока Харам" пачала сваю актыўнасць?

— "Бока Харам" распачала сваю актыўнасць у 2009 годзе. У тым годзе адбылося вельмі шмат іх атак на поўначы Нігерыі, асабліва ў паўночна-ўсходняй яе частцы, бо непасрэдная актыўнасць “Бока Харам” распачалася ў горадзе Майдугуры — сталіцы штата Барно на паўночным усходзе Нігерыі. Найбольш пацярпелі ад “Бока Харам” тры штаты, у якіх былы прэзідэнт нават увёў надзвычайнае становішча: Барно, Адамаўа і Ёбэ. І я са штату Адамаўа. Мой родны горад таксама моцна пацярпеў ад “Бока Харам”. Са жніўня мінулага год увесь мой родны горад і поўнач майго роднага штату былі акупаваныя “Бока Харам”. І толькі два месяцы таму ўсе гэтыя мясціны з Божай дапамогай былі вызваленыя.

Колькі людзей сталі ахвярамі “Бока Харам”?

— “Бока Харам” забілі вельмі шмат людзей. Дакладнай лічбы няма, але гаворка ідзе пра прынамсі 15 тысяч чалавек. Але я ўпэўнены, што колькасць забітых у выніку дзейнасці “Бока Харам” нашмат большая.

Ці даводзілася вам самому сутыкацца з “Бока Харам”?

— Так, я таксама пацярпеў ад “Бока Харам”. Мой дом быў захоплены “Бока Харам”. Мой брат быў забіты. Тры мае стрыечныя браты былі забітыя. Мой дзядзя быў забіты. Вельмі шмат маіх знаёмых былі забітыя. Увогуле, у маім горадзе ды на ўсім паўночным усходзе Нігерыі няма чалавека, які б не пацярпеў прама ці ўскосна ад дзеянняў “Бока Харам”. Я не падвяргаўся атакам “Бока Харам”, але імі было забіта вельмі шмат людзей, якіх я ведаў.

Як бы вы маглі апісаць баевікоў “Бока Харам”? Хто гэтыя людзі?

— “Бока Харам” — гэтыя людзі, якія ваююць у імя ісламу. Іх назва ў перакладзе азначае — “заходняя адукацыя забароненая (грахоўная)”. “Бока” — азначае заходнюю адукацыю, веды, а “харам” — гэта арабскае абазначэнне таго, што грахоўнае ці забароненае.

Не ўсе мусульмане падтрымліваюць "Бока Харам". Але актывісты "Бока Харам" настолькі перакананы ў сваёй дзейнасці, што яны сапраўды змагаюцца за Алаха, і яны гатовыя рызыкаваць сваім жыццём, каб памерці за тое, што змагаюцца.

Stephen-Mamza1-900x675.jpg

Па якіх прычынах людзі далучаюцца "Бока Харам"?

— Людзі далучаюцца "Бока Харам" па многіх прычынах. Па-першае, ёсць сапраўдныя фанатыкі, якія хочуць спраўдзіць свой фанатызм. А па-другое, ёсць некалькі прычын, звязаных з беднасцю. Два гады таму паведамлялася, што членам "Бока Харам" пры далучэнні давалі па 3000 даляраў кожнаму. Калі вы даяце 3000 даляраў каму-небудзь, хто ніколі не бачыў 100 даляраў, ён гатовы зрабіць усё, што вы яму скажаце. Вось некаторыя з прычын, чаму людзі далучаюцца да "Бока Харам". У нашай краіне шмат беднасці і беспрацоўя. Людзі бедныя, яны не працуюць і чакаюць усіх, хто прыйдзе і нойме іх для чаго-небудзь. І яны гатовыя на гэта пагадзіцца.

У "Бока Харам" шмат добра адукаваных людзей. Чаму яны далучаюцца да яе і прымаюць удзел у злачынствах?

— Так, ёсць нават добра адукаваныя лекары, якія высокія прафесіяналы і якія далучыліся да "Бока Харам". Ёсць таксама інжынеры і іншыя спецыялісты. Вельмі цяжка зразумець іх прычыны. Але я думаю, што яны далучаюцца менавіта да барацьбы ў імя ісламу. Некаторыя з іх, верагодна, былі так выхаваныя з самага дзяцінства, так яны раслі. На самай справе вельмі цяжка сапраўды зразумець, чаму чалавек далучаецца да такога роду дзейнасці. Прычыны могуць быць рознымі для вернікаў, абшчыны ці нават для канкрэтнага чалавека. І ёсць таксама тыя, хто на самай справе вымушаныя далучыцца да "Бока Харам". Часта бывае, што "Бока Харам", займаючы вёску, прымушае ўсіх пайсці на навучанне, а затым змагацца за групоўку. Ёсць тыя, хто далучыўся добраахвотна, каго прымусілі далучыцца бацькі і аднадумцы або ўласна "Бока Харам".

Ці кантралюе сёння "Бока Харам" якую-небудзь тэрыторыю ў Нігерыі?

— На дадзены момант няма нейкага мясцовага самакіравання, якое б групоўка заняла або кантралявала. Але ў мінулым яны кантралявалі шмат самакіраванняў на паўночным усходзе. Калі ваенныя атрымалі новае абсталяванне для таго, каб змагацца "Бока Харам", яны змаглі адваяваць большасць з гэтых самакіраванняў. І цяпер "Бока Харам" сканцэнтравана ў лесе Самбіса. Гэта вельмі велізарны лес. З плошчай у сотні кіламетраў. Яны жывуць у гэтым лесе, і час ад часу ідуць у горад ці вёску, атакуюць іх і зноў вяртаюцца ў лес. І ваяры "Бока Харам" вельмі навучаныя. У іх ёсць не толькі агнястрэльная зброя, але і танкі, і самалёты, і розныя іншыя віды зброі.

Вы сказалі, што нігерыйская армія атрымала новую зброю. Чаму яна не атрымала яе раней?

— Былы прэзідэнт звяртаўся да розных краін, асабліва ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы дзеля падтрымкі Нігерыі ў барацьбе з "Бока Харам". У прыватнасці, зброяй. Але Захад адмовіўся адправіць зброю Нігерыі. Нават калі Нігерыя хацела купіць зброю, яны адмовіліся. Яны спаслаліся на парушэнне правоў чалавека з боку вайскоўцаў. І я думаю, што гэта было прычынай, чаму наша армія не магла вырашыць пытанне "Бока Харам" да цяперашняга часу. Але нядаўна, перад тым, як былы прэзідэнт перадаў уладу, вайскоўцы змаглі атрымаць новую зброю, каб змагацца з "Бока Харам". І я не ведаю, з якой краіны яны змаглі яе атрымаць. Але не з Амерыкі і не з Еўропы. Як толькі яны атрымалі зброю, на працягу аднаго месяца нігерыйская армія адваявала ўсе месцы, якія былі акупаваныя "Бока Харам". Так што, перадусім, праблема была ў недахопе зброі.

І я не быў здзіўлены, што былы прэзідэнт не быў падтрыманы Захадам у барацьбе з "Бока Харам" з-за таго, што адбылося каля двух гадоў таму. Пытанне гей-шлюбаў было вынесена ў наш парламент, яно абмяркоўвалася, і ўсе члены ніжняй і верхняй палаты ананімна пагадзіліся, што мы не прымаем гэта. І прэзідэнт падпісаў гэты закон. І проста з гэтага моманту нашага прэзідэнта ўзненавідзеў Захад. Такім чынам, мы не былі здзіўлены, калі ён не быў падтрыманы ў змаганні з "Бока Харам".

Былы прэзідэнт Нігерыі быў каталіком, а сёння ў вас прэзідэнт — мусульманін. Ці палепшылася сітуацыя ці наадварот стала горш з-за гэтага?

— На жаль, сітуацыя стала яшчэ горш. Забойстваў, з якімі мы сутыкаемся ў цяперашні час за новым прэзідэнтам Бухары, стала значна больш, чым пры прэзідэнце Гудлаку Джонатане. Мы думалі, што праблема з прэзідэнтам, які таксама з’яўляецца мусульманінам, вырашыцца прасцей, але, на жаль, усё стала яшчэ горш. Не было і дня пасля інаўгурацыі  Бухары прэзідэнтам Нігерыі, каб мы не падвергліся нападу. На наступны дзень пасля інаўгурацыі і пачаліся атакі. Так што сітуацыя пагоршылася, забойстваў стала больш пасля прыходу новага прэзідэнта. І гэта сапраўды дзіўна, бо мы думалі, што ўсё стане лепш. Адзінае, што "Бока Харам" не ў стане пайсці і апанаваць пэўную вобласць і заняць яе, як яны рабілі ў мінулым. Яны засталіся толькі ў лясах або ў супольнасцях, дзе яны дзейнічаюць і забіваюць людзей.

У гэтым годзе "Бока Харам" прысягнула на вернасць Ісламскай дзяржаве. Як вы думаеце, ці паўплывае гэта неяк на сітуацыю ў Нігерыі?

— Мы сапраўды былі прыгнечаныя, калі яны прысягнулі на вернасць ІД, бо яны могуць атрымаць больш зброі і больш падтрымкі. Але я думаю, што ўсе афрыканскія краіны ў цяперашні час аб’яднаны ў мэтах барацьбы з "Бока Харам". Яны не змогуць дзейнічаць так, як у мінулым. Зноў жа, раней мы не атрымлівалі падтрымку ад нашых суседзяў, калі змагаліся з Бока Харам. Нават некаторыя афрыканскія краіны, як Чад і Нігер, падтрымлівалі "Бока Харам". А цяпер Чад быў атакаваны "Бока Харам", Нігер быў атакаваны "Бока Харам", Камерун быў атакаваны "Бока Харам". Такім чынам, яны аб’ядналіся супраць "Бока Харам", бо раней гэта была, перадусім, толькі праблема Нігерыі. І зараз гэта не толькі праблема Нігерыі, гэта афрыканская праблема, гэта агульнасусветная праблема. І, можа быць, менавіта таму Захад вырашыў падтрымаць Нігерыю зараз, бо яны зразумелі, што гэта будзе ўплываць не толькі на Нігерыю, але таксама, прама ці ўскосна, на Захад.

У выпадку, калі "Бока Харам" будзе пераможана, як варта ставіцца да тых, хто ўдзельнічаў у дзейнасці "Бока Харам" і здзяйсняў злачынствы?

— Я думаю, што гэта будзе вельмі вялікім выклікам. Асабліва ў тых раёнах, якія былі захопленыя "Бока Харам". У вёсках і гарадах, занятых "Бока Харам", былі тыя, хто супрацоўнічаў з імі, асабліва сярод мусульман. Яны віталі "Бока Харам", падтрымлівалі іх, дапамагалі ім у знішчэнні касцёлаў і руйнаванні дамоў. Гэта асабліва вялікі выклік для нас — рэлігійных лідараў. Перад намі стаіць вельмі вялікая задача, якая мусіць быць выкананая. Мы павінны прапаведаваць прымірэнне, прабачэнне, каб мы маглі жыць у міры і адзінстве. Бо цяпер "Бока Харам" не з’яўляецца чыімсьці сябрам. Яны таксама забіваюць мусульман. Яны забіваюць усіх, каго бачаць у цяперашні час. Яны забіваюць і хрысціян, і мусульман. Яны таксама нападаюць на касцёлы і мячэці. Так што "Бока Харам" з’яўляецца агульным ворагам для сапраўдных мусульман і хрысціян. І надышоў час для хрысціян і мусульман зразумець, што Бока Харам з’яўляецца агульным ворагам. Такім чынам, хрысціяне і мусульмане павінны аб’яднаць свае высілкі, каб змагацца з "Бока Харам".

Што мусульманскія багасловы думаюць пра "Бока Харам"? Ці былі якія-небудзь тэолагі, якія падтрымлівалі "Бока Харам"?

— Большасць мусульман у Нігерыі сёння не падтрымлівае "Бока Харам". Праблема была ў пачатку, калі "Бока Харам" з’явілася. Нават мусульманскія рэлігійныя лідары не выйшлі і адкрыта не асудзілі дзейнасць "Бока Харам". І мы адчувалі сябе здраджанымі. Нават публічна яны казалі: «Не, гэта нашыя дзеці, нашыя сыны і гэтак далей». І гэта пачало ўплываць на іх ("Бока Харам"). Я думаю, што калі б з самага пачатку мусульманскія і хрысціянскія лідары змаглі разам сказаць “Не!” "Бока Харам", мы б маглі даўно перамагчы. Але, на жаль, гэта не было зроблена. Зараз жа, я думаю, усе кажуць, што "Бока Харам" — гэта зло.

Ці гатовыя хрысціяне дараваць сваім мусульманскім суседзям, якія ўдзельнічалі ў злачынствах "Бока Харам"?

— Гэта вельмі і вельмі складаная сітуацыя. Як я ўжо казаў, мой брат быў забіты, трое з маіх стрыечных братоў былі забітыя, мой дзядзька быў забіты, і мае знаёмыя былі забітыя. Гэта не проста сказаць «Добра, я дарую» ці штосьці такое. Але, адназначна, мы не маем выбару, апроч як дараваць. Але павінен быць механізм, згодна з якім тыя, хто вядомы як удзельнік "Бока Харам", мусіць быць пакараны. Калі яны будуць пакараныя, я думаю, хтосьці задумаецца. Гэта не проста, вярнуцца ў вёску і бачыць чалавека, які забіў твайго бацьку, твайго брата ці сына. І вы павінны жыць у міры з ім, хоць ён не атрымаў ніякага пакарання. Гэта заахвочвае гвалт, падштурхоўвае да злачынства. І калі яны будуць пакараныя, рэлігійным лідарам будзе прасцей абвяшчаць Евангелле прабачэння. А таксама зразумець, што не ўсе мусульмане ўдзельнічаюць у дзейнасці "Бока Харам". Бо мусульмане пацярпелі нават у большай ступені, чым хрысціяне. Больш мусульман было забіта, чым хрысціян з моманту, калі "Бока Харам" распачала сваю дзейнасць.

krynica.info