Карнавал замест рэферэндуму
Да правядзення нелегальнага рэферэндуму насуперак пастанове Канстытуцыйнага суда каталонская эліта не гатовая. Яе, у тым ліку, непакоіць адмоўнае стаўленне да каталонскага незалежніцкага праекту ў Брусэлі.
Урад Каталоніі адмовіўся ад правядзення рэферэндуму аб незалежнасці на карысць мерапрыемства, што не мае ніякай юрыдычнай сілы. Аднак гэта не фінал барацьбы за суверэнітэт краю.
13 кастрычніка ў Іспаніі адбылася важная падзея. Дырэкцыя і футбалісты славутага клубу «Барселона» заявілі пра падтрымку ідэі каталонскай незалежнасці. Заява была зробленая пасля таго, як канстытуцыйныя суддзі забаранілі рэферэндум пра незалежнасць рэгіёну.
Нагадаем, 27 верасня кіраўнік іспанскай аўтаномнай супольнасці Каталонія Артур Мас падпісаў дэкрэт аб правядзенні рэферэндуму аб незалежнасці, на які павінна было быць вынесена два пытанні: "Ці хочаце вы, каб Каталонія стала дзяржавай?" і "Ці хочаце вы, каб гэта дзяржава была незалежнай?».
29 верасня Канстытуцыйны суд Іспаніі па запыце Кабінета міністраў прыпыніў рашэнне аб правядзенні рэферэндуму.
Крок футбалістаў быў вельмі сімвалічным, з улікам таго, што напярэдадні Федэрацыя футболу Іспаніі папярэдзіла клуб аб магчымым выключэнні з федэрацыі ў выніку падтрымкі ідэі абвяшчэння каталонскай незалежнасці. Дэманстратыўная пазіцыя «Барселоны» даводзіла рашучасць каталонцаў дабіцца незалежнасці нават за кошт каласальных матэрыяльных выдаткаў (футбол у незалежнай Каталоніі наўрад ці будзе здольны прыносіць такія даходы, як удзел у іспанскім дывізіёне).
А ўжо на наступны дзень, 14 кастрычніка, іспанскі палітычны лексікон абагаціўся новым выразам: «Las elecciones plebiscitarias» (плебісцытныя выбары). Так называецца акцыя, якая, на думку прэм’ера Артура Маса, павінна замяніць каталонцам рэферэндум пра незалежнасць краю. Знешне "Las elecciones plebiscitarias" будзе выглядаць як рэферэндум. Ва ўсіх муніцыпалітэтах ствараць т.зв. «сталы для галасавання», дзе можна будзе выказацца наконт ідэі суверэнітэту.
"Мая пазіцыя ясная. Нашым праціўнікам, прычым вельмі моцным, з'яўляецца іспанская дзяржава, якая любым спосабам не хоча дапусціць, каб каталонцы выказалі сваё меркаванне аб будучым палітычным уладкаванні сваёй краіны. Працягваць падрыхтоўку да апытання насельніцтва так, як планавалася ў падпісаным мною ўказе, азначала б біцца аб скалу з вялікай верагоднасцю разбіць сабе галаву. Таму мы павінны прыняць іншае рашэнне, якое дазволіла б высветліць меркаванне грамадзян Каталоніі і адначасова цалкам адпавядала б iснуючым законам", — заявіў Мас.
Уся гэта прыгожая фразеалогія палітыка разбіваецца аб адзін дробны, аднак вельмі важны нюанс — прававых наступстваў галасаванне 9 лістапада, у адрозненне ад рэферэндуму, мець не будзе. Улада, як адзначаюць юрысты, проста пракансультуецца з насельніцтвам. Пра несур’ёзнасць мерапрыемства сведчыць і рэакцыя Мадрыда на ініцыятыву Маса. Іспанскі Мінюст вуснамі намесніка кіраўніка дэпартамента заявіў, што не будзе аспрэчваць праз суд ідэю правядзення "Las elecciones plebiscitarias", паколькі гэта «форма актыўнасці сацыяльнага, а не прававога інстытуцыйнага характару».
Крытыкуюць Маса і прыхільнікі незалежнасці. Яны не могуць зразумець, у чым сэнс "Las elecciones plebiscitarias".
«CiU ("Канвергенцыя і Саюз" — партыя Артура Маса) не вытрымала ціску з боку іспанскай дзяржавы. Яны збіраюцца правесці «плебісцытныя выбары» і сімвалічна абвясціць незалежнасць, што нагадвае карнавал, які ўжо меў месца ў 2009-м», — кажа Жардзі Кантэра (Jordi Cantero), лідар партыі "Estat Catalá" (Каталонская Дзяржава).
Сапраўды, праект Маса вельмі падобны на акцыю, якую правялі нацыяналісты пяць гадоў таму. Тады жыхарам 554 муніцыпалітэтаў Каталоніі прапанавалі выказацца за і супраць незалежнасці. Відавочна, на ўчасткі пайшлі выключна аматары пункту «так» (у выніку іх было каля мільёну). Па слядах апытання, якое хутчэй, сапраўды, нагадвала вулічнае свята, быў складзены ліст да дэпутатаў з заклікам прыслухацца да народнай думкі. Дакумент урачыста перадалі ў апарат ураду і парламент, дзе бюракраты пра яго хутка забыліся.
Але асабліва непакоіць уладу пазіцыя левай нацыяналістычнай партыі "Левыя рэспубліканцы" (ERC), ад галасоў якіх залежыць лёс ураду, які не мае большасці ў парламенце. "Левыя рэспубліканцы" пагражаюць разарваць пакт з CiU, умовай якога было менавіта правядзенне рэферэндуму пра незалежнасць. Калі ўрад не зможа праводзіць свае законапраекты ў парламенце, Каталонію чакаюць папярэднія выбары, на якіх ERC будзе адназначным фаварытам. У кіраўніцтве партыі, дарэчы, лічаць, што рэферэндум — не такая ўжо і важная рэч. Незалежнасць, на іх думку, можна абвясціць шляхам простага галасавання ў парламенце.
Іншыя нацыяналісты прапануюць судзіцца з цэнтрам, патрабуючы гарантаванага Асноўным законам права грамадзян на самавызначэнне. У любым выпадку, пакуль ніводная з партый незалежнікаў не падтрымала ідэю правядзення "Las elecciones plebiscitarias". Гэта значыць, што існуе пагроза развалу блоку прыхільнікаў суверэнітэту і адтэрміноўка праекту незалежнай Каталоніі.
Палітычныя каментатары больш асцярожна ацэньваюць крок Маса. Напрыклад, «El Mundo» лічыць што, па сутнасці, у прэм’ера не было іншага варыянту. Да правядзення нелегальнага рэферэндуму насуперак пастанове Канстытуцыйнага суда каталонская эліта не гатовая. Яе, у тым ліку, непакоіць адмоўнае стаўленне да каталонскага незалежніцкага праекту ў Брусэлі. Каб выйграць час для роздуму, Артур Мас і вымушаны быў прыдумаць "Las elecciones plebiscitarias".
Акрамя таго, ERC у выніку новых выбараў не здольная атрымаць парламенцкай большасці і, адпаведна, кіраваць Каталоніяй. Цугцванг прымусіць яе шукаць агульную мову з Артурам Масам, якога сёння лідары ERC называюць выключна "botifler" (здраднік). А гэта значыць, што на самай справе ад ідэі незалежнасці Барселона так ці інакш не адмовіцца. Як прыклад, 14 кастрычніка дэпутаты ад Каталоніі ў Еўрапарламенце пачалі дабівацца таго, каб Еўрапарламент прызнаў каталонцаў асобнай нацыяй.