Канстытуцыйны суд не хоча нават разглядаць пазовы аб адмене вынікаў выбараў у Грузіі

Канстытуцыйны суд не прыняў да разгляду пазовы аб адмене вынікаў выбараў, які скіравалі прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі і 30 апазіцыйных дэпутатаў. Рашэнне канчатковае.

Судді Канстытуцыйнага суда Грузіі 

Судді Канстытуцыйнага суда Грузіі 

Канстытуцыйны суд Грузіі не прыняў да разгляду пазовы прэзідэнта Саламэ Зурабішвілі і 30 апазіцыйных дэпутатаў аб прызнанні вынікаў парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка несапраўднымі. 

Рашэнне пленума было апублікавана на сайце Канстытуцыйнага суда сёння, 3 снежня. Асаблівае меркаванне выказалі двое суддзяў з дзевяці: Тэймураз Тугушы і Георгій Кверенчхіладзэ.

«Рашэнне з'яўляецца канчатковым і абскарджанню або перагляду не падлягае», – паведамляюць у судзе, паведамляе «Эхо Кавказа».

19 лістапада ў Канстытуцыйны суд быў пададзены пазоў ад імя прэзідэнткі Грузіі. Зурабішвілі заявіла, што на выбарах быў парушаны прынцып таямніцы галасавання і запатрабавала прызнаць вынікі неканстытуцыйнымі. Акрамя таго, яна паказвала на парушэнне прынцыпу ўсеагульнасці галасавання, — таму што магчымасці ўдзелу ў выбарах эмігрантаў былі абмежаваныя.

1 снежня Зурабішвілі заклікала мітынгоўцаў у горадзе Батумі «аказаць ціск на суд».

Нагадаем, выбары ў парламент Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Афіцыйна на іх перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара», якая атрымала амаль 54% галасоў. Прахадны бар'ер у 5% пераадолелі яшчэ чатыры апазіцыйныя партыі. Усе яны адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў і ўваходзіць у парламент. Апазіцыя праводзіць акцыі пратэсту.

Легітымнасць заканадаўчага органа не прызнае і прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі.

Глядзіце таксама

На парушэнні падчас выбараў — а менавіта выпадкі запалохвання і подкупу выбаршчыкаў, ціск на дзяржслужачых, шматразовае галасаванне і ўкідванні бюлетэняў — звярнулі ўвагу і міжнародныя назіральнікі. Расследаваць магчымыя фальсіфікацыі і меркаванае ўмяшанне ў выбарчы працэс у Грузіі заклікалі ЗША і Еўрапейскі саюз.

Пасля таго, як 28 лістапада ЕС выступіў з заявай пра непрызнанне выбараў, грузінскія ўлады абвясцілі аб адмове ад перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз да канца 2028 года. Цяпер у краіне ўжо некалькі дзён праходзяць масавыя акцыі пратэсту. Паліцыя жорстка разганяе дэманстрантаў у Тбілісі.

Удзельнікі пратэстаў абвінавачваюць урад у спыненні працэсу еўраінтэграцыі і патрабуюць правядзення новых парламенцкіх выбараў.

За апошнія пяць дзён падчас акцый пратэсту на праспекце Руставелі ў Тбілісі былі адміністрацыйна затрыманыя не менш за 260 дэманстрантаў па абвінавачванні ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі. Судовыя пасяджэнні праходзяць штодня, адзначае www.radiotavisupleba.ge.

Паводле звестак МУС Грузіі, што былі апублікаваныя раніцай 2 снежня, справы завершаны ў дачыненні да 74 чалавек. З 74 завершаных спраў 36 былі аштрафаваныя, 34 — адміністрацыйныя арышты. Статыстыка па судах за мінулыя суткі пакуль не апублічаная.

Глядзіце таксама

Між тым, новы парламент (пасяджэнні якога байкатуюць усе апазіцыйныя палітычныя сілв) ужо выказаў давер абноўленаму складу ўрада Іраклія Кабахідзэ. 14 снежня парламент плануе правесці выбары прэзідэнта, якога гэтым разам збіраюцца ўпершыню абраць-прызначыць не праз агульныя выбары, а калегіяй выбаршчыкаў з 300 чалавек. На пасаду кіраўніка дзяржавы прадстаўлена кандыдатура ветэрана футбола Міхаіла Кавелашвілі, якога падтрымала кіроўная партыя «Грузінская мара».

Паводле www.ekhokavkaza.comwww.dw.comwww.radiotavisupleba.ge


Глядзіце таксама