«Калі і піць, то толькі піва!»
Роўна 30 гадоў таму ў польскі Сейм сенсацыйна прайшла мясцовая партыя аматараў піва. Гэтая, на першы погляд, кур'ёзная падзея стала прадвеснікам новай палітычнай эпохі.
27 кастрычніка 1991 года за Бугам адбыліся парламенцкія выбары. Яны сталі першымі цалкам свабоднымі парламенцкімі выбарамі ў Польшчы ажно з 1928 года (тады Пілсудскі абмежаваў правы апазіцыі ў рамках курса санацыі). Што да партыйнай сістэмы пасля Другой сусветнай вайны, то яна была відавочна неканкурэнтнай. Уся ўлада, па сутнасці, была манапалізаваная Польскай аб'яднанай працоўнай партыяй і яе сатэлітамі.
Гэта працягвалася да 1989 года, калі ў выніку перамоў за круглым сталом былі праведзены часткова свабодныя выбары.
Затое барацьба за мандаты ў 1991-м была поўнасцю адкрытай і дэмакратычнай. Гэтыя выбары, як і чакалася, завяршыліся перамогай дэмакратаў. Але і без сенсацый не абышлося. Гаворка пра фурор Польскай партыі аматараў піва (РРРР). Яе спіс атрымаў 3,27% галасоў (дзясяты вынік са 111 партый). Такая сума галасоў дазволіла аматарам піва правесці ў Сейм ажно 16 дэпутатаў (!).
Ідэя стварэння незвычайнай партыі ўзнікла ў сяброў творчага калектыву, які рабіў тэлепраграму «Піўныя скаўты». На хвалі папулярнасці праграмы была створана «Асацыяцыя піўных скаўтаў», якая пазней ператварылася ў палітычную партыю. Першым прэзідэнтам PPPP быў сатырык Януш Рэвіньскі.
Шмат у чым праект мадэляваўся, зыходзячы з досведу руху «Аранжавая альтэрнатыва» — папулярнай падчас ваеннага становішча анарха-багемнай тусоўкі, якая выкарыстоўвала гумар як інструмент палітычнай мабілізацыі.
Афіцыйна мэта PPPP была вельмі высакародная: прасоўванне культурнага стылю ўжывання піва замест гарэлкі.То-бок барацьба з грубымі формамі алкагалізму. «У нас няма ілюзій, што паляк адмовіцца ад алкаголю. Але няхай ён п'е не гарэлку, а смачнае, халоднае, духмянае піва. З півам можна абменьвацца меркаваннямі, з півам лягчэй дамовіцца і ладзіць. Давайце ладзіць, давайце будзем памяркоўнымі. Давайце піць піва!» — гаварылася ў выбарчай пракламацыі РРРР.
Праз экзатычную назву і расчараванне многіх палякаў у першых ліберальных эканамічных рэформах у партыі хутка з'явіўся свой выбаршчык. Шмат каму спадабаўся адзін з перадвыбарчых лозунгаў РРРР: «Лепш не будзе, але, прынамсі, будзе смяшней». Іншы папулярны слоган РРРР: «Калі і піць, то толькі піва!»У партыі нават быў свой гімн.
Менавіта гумарам партыя і спрабавала займацца ў парламенце. Там яе дэпутацкая група падзялілася на дзве фракцыі: «мала піва» і «шмат піва», нягледзячы на заявы Равіньскага аб тым, што «піва не цёмнае і не светлае, яно проста смачнае».
З 1992 года старшынёй партыі стаў Лешэк Бубель, пад кіраўніцтвам якога партыя атрымала толькі 0,1% галасоў на парламенцкіх выбарах 1993-га. Асноўная прычына такога выніку выбараў заключалася ў тым, што дэпутаты РРРР разбегліся хто куды і балатаваліся ў Сейм па іншых выбарчых спісах. Той крызіс партыя не перажыла. У адпаведнасці з патрабаваннямі новага Закона, партыя хутка спыніла сваю дзейнасць.
Аднак на гэтым яе гісторыя не скончылася. Сёння многія пішуць, што РРРР аказалася правобразам праектаў, якія актыўна выкарыстоўваюць агрэсіўны сатырычны маркетынг і пратэставае галасаванне. Элементы палітычных тэхналогій РРРР можна сустрэць у агітацыйных «фішках» многіх сённяшніх паспяховых палітычных акцый, пачынаючы ад «Руху трох зорак» у Італіі і заканчваючы кампаніяй Уладзіміра Зяленскага ў 2019-м.
Таксама дарэчы ўспомніць, што перамога РРРР 30 гадоў таму на выбарах выклікала моду на піўныя партыі ў нашым рэгіёне. У ФРГ узнік «Саюз немцаў, якія п'юць піва», а ў Расіі — «Партыя аматараў піва» (ПЛП), якая адстойвала «права кожнага чалавека піць піва, зрэшты, як і права яго не піць». ПЛП нават удзельнічала ў выбарах у Дзяржаўную Думу другога склікання (снежань 1995), заняўшы 21-е месца з 43 і атрымаўшы 428 727 галасоў выбаршчыкаў (0,62%). Пасля гэтага яна паступова знікла з гарызонту.
Не засталася ў баку ад модных павеваў і Беларусь, дзе ў 1993-м з'явілася «Партыя аматараў піва» (ПАП). Старт праекту быў вельмі шматабяцаючым. Не толькі таму, што пад гэтым лейблам удалося сабраць дастаткова творчую публіку. У ПАП тусаваліся мастак Міхал Анемпадыстаў (аўтар партыйнай сімволікі), музыкі Сяргей Скрыпнічэнка (zygimont VAZA), Лявон Вольскі (N.R.M.), журналіст Севярын Квяткоўскі і іншыя.
Галоўным фактарам цікавасці да ПАП былі нюансы палітычнай сітуацыі сярэдзіны 90-х, а менавіта крызіс старых партыйных структур, якія шмат каму надакучылі. Нядзіўна, што, паводле апытанняў, ПАП пасля прыходу ў вялікую палітыку хутка пачала дыхаць у спіну камуністам і БНФ — вядучым партыйным брэндам таго часу. Тэндэнцыя выклікала шок у некаторых палітолагаў. Аляксандр Фядута, памятаецца, нават пісаў, што поспех ПАП у рэйтынгах з'яўляецца пралогам з'яўлення «Партыі аматараў каўбасы», якая з такой шыкоўнай назвай проста асуджаная перамагчы на выбарах.
Зрэшты, развіць першапачатковы поспех айчынным аматарам піва не ўдалося. Трансфармацыя палітычнай сістэмы пасля рэферэндуму 1996-га нівеліравала ролю партый, а некаторыя з іх проста сышлі ў небыццё. Напаткаў гэты лёс і аматараў піва, якія страцілі рэгістрацыю ў 1997-м.
Аднак канчаткова хаваць «партыйны піўны праект» у Беларусі ўсё ж не варта. Як адзначалася вышэй, у сучасным грамадстве ёсць устойлівы попыт на яркія скандальныя партыі, што можа ў будучыні абумовіць рэнесанс ПАП або з'яўленне яе аналага.