Польшча плануе пабудаваць агароджу на мяжы з Беларуссю да сярэдзіны будучага года
Кіраўнік польскага МУС заявіў, што гарантуе: агароджа не будзе толькі звычайным фізічным плотам.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы паведаміў, што сістэма аховы польска-беларускай мяжы будзе пабудаваная да сярэдзіны наступнага года. Марыюш Каміньскі (Mariusz Kamiński) падкрэсліў, што гэта не будзе звычайная сцяна, але агароджа, абсталяваная сучаснай тэхнікай. Міністр заявіў у эфіры TVP Info, што дэталі, датычныя аховы мяжы, будуць прадстаўленыя пасля таго, як толькі закон аб будаўніцтве агароджы падпіша прэзідэнт Анджэй Дуда:
— Перш за ўсё я хачу падкрэсліць, што гэта не толькі фізічная агароджа, але электронная сістэма аховы, якая будзе манітараваць і паведамляць пра тое, што адбываецца ўздоўж мяжы. Гэта дэтэктары руху, цеплавізійныя камеры іг.д. Гэта будзе сучасная, прафесійная і сур’ёзная сістэма. Мы павінны стварыць яе як мага хутчэй. У нас канцэпцыя гатовая.
Кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі запэўніў, што ўрад выдзеліў дастатковыя сродкі на будаўніцтва згаданай сістэмы. Марыюш Каміньскі нагадаў, што Еўракамісія адмовіла Літве, якая звярнулася да яе з просьбай аб фінансаванні будаўніцтва агароджы на сваёй мяжы з Беларуссю. Палітык нагадаў, што ў інтарэсах Еўрасаюза, каб яго знешнія межы былі эфектыўна ахоўваныя.
Паводле www.polskieradio.pl