Якім будзе прэзідэнцтва Трампа

Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў прэзідэнта ЗША аналітыкі спрабуюць прадказаць, у якой ступені Трампу ўдасца выканаць свае перадвыбарчыя абяцанні.

trrr_1.jpg

Прэзідэнцкія паўнамоцтвы

Дзякуючы сыстэме стрыманняў і процівагаў, замацаванай у канстытуцыі ЗША, рэалізацыя палітыкі Трампа шмат у чым залежыць ад падтрымкі Кангрэса.

Калі Трамп мае намер выканаць свае абяцанні і знізіць падаткі на прадпрыемствы, змяніць законы пра паклёп і згарнуць распачатую Баракам Абамам рэформу аховы здароўя, яму спатрэбіцца падтрымка заканадаўчай і выканаўчай галінаў улады.

Аднак аналітыкі мяркуюць, што шмат якія планы Трамп можна рэалізаваць з дапамогай прэзідэнцкіх указаў.

Больш таго, на Трампа ўжо некалькі месяцаў працуе спецыяльная пераходная каманда, якая падрыхтавала каля 25 указаў для падпісання ў першы ж дзень прэзідэнцтва — 20 студзеня.

У знешняй палітыцы «паўнамоцтвы прэзідэнта тэарэтычна велізарныя, — кажа экспэрт па знешняй палітыцы ЗША з лёнданскага Інстытута стратэгічных дасьледаванняў (IISS) Дана Элін. — Цяжка ўявіць, якім чынам Кангрэс можа абмежаваць іх. Прэзідэнт мае права прымаць разнастайныя рашэнні ў гэтай сфэры — у тым ліку пра размяшчэнне войскаў або пачатак ваеннай аперацыі. Мабыць, у гэтай галіне кантраляваць яго няма каму».

Вось што казаў Трамп у часе перадвыбарчай кампаніі.

Расія і НАТО

Трамп казаў, што хацеў бы «сябраваць з Расіяй», крытыкуючы «тое, што адбываецца цяпер». Паводле яго слоў, збліжэнне дзвюх краін дазволіла б сумесна «пайсці і прыкончыць» баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Трамп выказваў упэўненасць, што зможа выправіць адносіны ЗША з Расіяй.

У верасні ён заявіў, што ў яго будуць «вельмі-вельмі добрыя адносіны» з прэзідэнтам Пуціным, і выказаў меркаванне, што будзе дамаўляцца з ім значна больш эфектыўна, чым прэзідэнт Абама.

Крытыкі Трампа гэтую ўпэўненасць не падзяляюць, адзначаючы, што Абама спрабаваў палепшыць адносіны з Расіяй і нават «перазапускаў» іх падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну. Акрамя таго, апаненты Трампа сумняваюцца, што ён захоча процідзейнічаць агрэсіўным крокам Масквы ў дачыненні да ЗША і іх саюзнікаў.

Трамп выказваў захапленне Пуціным і называў яго лепшым лідэрам, чым Абама. У сакавіку ён назваў НАТА «састарэлым», абяцаючы згарнуць ваенную падтрымку іншых чальцоў альянсу, калі тыя не падвысяць ваенныя выдаткі і ня «выканаюць свае абавязацельствы» перад ЗША.

Кіраўнік праграмы «ЗША — трансатлянтычныя адносіны» пры нямецкай Радзе па знешняй палітыцы Хэнінг Рыкэ кажа, што, калі ЗША падчас прэзідэнцтва Трампа пачнуць «схіляцца ў бок Расіі», гэта можа мець «прамыя і вельмі небясьпечныя наступствы для еўрапейскай бясьпекі».

Калі Трамп пачне перамовы аб іншым разьмеркаванні нагрузкі ў НАТО, яму давядзецца «сутыкнуцца з рэальнасцю», адзначае Рыкэ.

«Абавязацельствы па абароне саюзнікаў — адна з ключавых пазыцый, якія дазваляюць ЗША называцца звышдзяржавай», — кажа Рыкэ, і Расія, верагодна, паспрабуе скарыстацца любымі шчыліны ў заходняй сыстэме бясьпекі.

Масква «з усіх сіл спрабуе аслабіць» НАТА і ЕЗ, каб «узмацніць свой уплыў — перш за ўсё ў Цэнтральнай Азіі і Усходняй Эўропе, — кажа Рыкэ. — Калі прэзідэнт ЗША зробіць гэтую працу за Расію, Пуцін будзе толькі шчасьлівы».

Іранская ядзерная праграма

У Трампа будуць паўнамоцтвы выканаць сваё абяцанне і паспрабаваць змяніць умовы дагавора з Іранам аб зьмякчэнні санкцый у абмен на згортванне ядзернай праграмы.

Аднак, на думку Рыкэ, зрабіць гэта будзе «вельмі цяжка, таму што для гэтага спатрэбіцца вярнуць за стол перамоваў астатніх удзельнікаў перамоваў — у тым ліку Расію і Еўразвяз.

Падобны крок «згуляе на руку прыхільнікам жорсткага курсу ўнутры Ірана» і прывядзе да распаду дагавора, які не дазваляе Тэгерану займацца распрацоўкай ядзернай зброі.

Нераспаўсюджванне ядзернай зброі

Трамп ня стаў выключаць прымяненне супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ядзернай зброі і прапанаваў Японіі і Паўднёвай Карэі самастойна пачаць распрацоўку ядзернай зброі.

Рыкэ і Алін лічаць, што перадвыбарчая рыторыка Трампа можа падарваць намаганні па нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Іншыя дзяржавы «могуць вырашыць перагледзець свае прынцыпы бясьпекі і патрэбу ў ядзернай зброі», — адзначыла Алін напярэдадні 8 лістапада.

Абарона навакольнага асяроддзя

Трамп сцвярджаў, што «тэорыю глябальнага пацяплення прыдумаў Кітай, каб зрабіць амерыканскую прамысловасць неканкурэнтаздольнай».

На пасадзе прэзідэнта ён зможа выканаць сваё абяцанне выйсці з Парыскага пагаднення, якое абмяжоўвае выкіды ў атмасфэру газаў, якія спрыяюць парніковаму эфэкту.

Акрамя таго, Трамп паабяцаў аслабіць экалагічныя нормы на федэральным узроўні. Яго энэргетычную і экалагічную палітыку падтрымліваюць большасць рэспубліканцаў у Кангрэсе.

З дапамогай указаў Трамп тэарэтычна можа зноўку санкцыянаваць нафтавую выведку на ахоўных тэрыторыях у Алясцы і ў Паўночным Ледавітым акіяне, а таксама працягнуць будаўніцтва нафтаправода з Канады, прыпыненае пры Абаме.

Іміграцыя

Трамп паабяцаў затрымаць і дэпартаваць 11,3 млн. нелегальных імігрантаў на працягу двух гадоў. Ён прапаноўваў стварыць для гэтага спэцыяльнае падразьдзяленне.

Фінансаванне гэтай праграмы патрабуе ўхвалення Кангрэсу, прычым многія рэспубліканцы выступаюць супраць гэтай прапановы, паколькі яна не знаходзіць разумення сярод выбаршчыкаў лацінаамерыканскага паходжання і прыхільнікаў фіскальнага кансерватызму.

Паводле ацэнак кансерватыўнага вашынгтонскага аналітычнага цэнтра American Action Forum, поўнамаштабная рэалізацыя плянаў Трампа на працягу двух гадоў «запатрабуе беспрэцэдэнтнага пашырэння інфраструктуры і штата амерыканскіх іміграцыйных службаў».

Акрамя таго, выгнанне з краіны ўсіх нелегальных імігрантаў прывядзе, па дадзеных цэнтра, да зніжэння ВУП ЗША на 1, 6 трыльёнаў даляраў і праз два гады можа справакаваць «рэзкую і глыбокую рэцэсію».

Ёсць сумневы і адносна планаў Трампа пабудаваць сцяну ўздоўж паўднёвай мяжы ЗША і прымусіць Мексіку за яе заплаціць. Улады Мексікі заявілі, што плаціць ня будуць. Паводле ацэнак газэты Washington Post, гаворка ідзе пра суму каля 25 млрд. даляраў.

Трамп прапанаваў канфіскоўваць грашовыя пераводы нелегальных імігрантаў з Мексікі ў адпаведнасці з «Патрыятычным актам», аднак юрысты сумняваюцца, што ў дадзеным выпадку маюцца падставы ўжываць закон, закліканы перашкодзіць фінансаванню тэрарыстаў.

З дапамогай указаў Трамп можа рэалізаваць сваё абяцанне часова забараніць мусульманам уезд у ЗША і прыпыніць працу праграм для ўцекачоў.

Абодва гэтыя крокі, верагодна, будуць аспрэчаныя, аднак на прыняцце канчатковага рашэння ў судзе сыдзе нямала часу.

Зніжэнне падаткаў

Згодна з эканамічнай праграмай Трампа, зніжэнне падаткаў для прадпрыемстваў з цяперашніх 35% да 15% стане стымулам для інвэстыцый, якія прывядуць да эканамічнага росту і стварэння новых працоўных месцаў.

Рэспубліканцы ў цэлым падтрымліваюць зніжэнне падаткаў. Аднак незалежныя і двухпартыйныя эканамічныя групы, а таксама фіскальныя кансерватары, выступаюць супраць.

Па дадзеных вашынгтонскага пазапартыйнага аналітычнага цэнтра Tax Foundation, зніжэнне падаткаў прывядзе да «скарачэння федэральнай выручкі» на 5,9 трлн даляраў — без уліку эканамічнага росту — і істотна паменшыць падатковую нагрузку на багатых грамадзян.

Гандлёвыя пагадненні

Іншая частка эканамічнай праграмы Трамп зыходзіць з таго, што амерыканскія прадпрыемствы пакутуюць ад «катастрафічных» гандлёвых пагадненняў, і іх неабходна перагледзець.

На пасадзе прэзідэнта ў Трампа будзе дастаткова паўнамоцтваў, каб выйсці з Трансціхаакіянскага партнэрства (TPP) і Паўночнаамерыканскай зоны свабоднага гандлю (NAFTA). Акрамя таго, ён заяўляў, што прымусіць міністэрства гандлю ЗША падаць пазовы аб парушэнні гандлёвых пагадненняў супраць Кітая і іншых краін, а таксама ўвядзе пошліны на асобныя катэгорыі імпарту.

Трамп таксама пагражаў выхадам ЗША з Сусветнай гандлёвай арганізацыі, у якую ўваходзяць 164 краіны і якая выступае арбітрам у спрэчках аб пошлінах і правілах гандлю. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі СГА не падтрымае яго гандлёвую палітыку. У Трампа будуць адпаведныя паўнамоцтвы на пасадзе прэзідэнта.

Па ацэнцы галоўнага эканаміста кампаніі Moodyʼs Analytics Марка Зандзі, эканамічная палітыка Трампа «значна» аслабіць эканоміку ЗША з-за скарачэння міжнароднага гандлю, іміграцыі і наўпроставых замежных інвэстыцый.

Паводле Радыё Свабода