Інтрыга маскоўскіх выбараў

Восеньскія выбары мэра Масквы завочна трапілі ў падручнікі. Упершыню ў гісторыі за пасаду кіраўніка расійскай сталіцы будзе змагацца адкрыты гей Антон Красоўскі, чыя балаціроўка выклікала шмат спекуляцый.

18519223_10155489324550809_956695001_o.jpg

Хаця да саміх выбараў яшчэ вельмі далёка, Красоўскага ўжо зараз называюць расійскім Харві Мілкам. Нагадаем, Харві Мілк — першы адкрыты гей, абраны ў 1977-м на дзяржаўную пасаду ў штаце Каліфорнія ў якасці чальца гарадскога назіральнага савета Сан-Францыска. Пасля таго, як Мілка забіў нейкі вар'ят, той стаў сапраўднай іконай для руху за правы сексуальных меншасцяў.

Параўнанне Антона Красоўскага з Харві Мілкам, напэўна, трошкі нацягнутае. Мілка да яго паходу ў палітыку мала хто ведаў, а імя Красоўскага дастаткова вядомае ў палітычных і журналісцкіх колах. Ён — былы галоўны рэдактар тэлеканала «Kontr TV», дырэктар фонду дабрачыннасці «СПИД.Центр» і ўдзельнік перадвыбарчага штабу Ксеніі Сабчак, з якой моцна пасварыўся. Яшчэ ў 2013 годзе Антон прызнаўся, што з’яўляецца геем і хворы на СНІД.

Аднак галоўная розніца паміж Мілкам і Красоўскім, напэўна, у знешнім антуражы. Прэцэдэнт перамогі Харві Мілка на выбарах з'явіўся адлюстраваннем шырокіх сацыяльна-палітычных і культурных зменаў у амерыканскім грамадстве. Ці можна цяперашнюю Маскву параўнаць з ліберальнай Каліфорніяй узору 1970-х? Пытанне, як мінімум, спрэчнае.

Нарэшце, Харві Мілк удзельнічаў у выбарах, на якіх у яго быў хоць нейкі шанец перамагчы. Пра будучыя выбары маскоўскага мэра такога сказаць нельга. Іх трыумфатар вядомы ўжо зараз. Калі верыць дадзеным сацыёлагаў «Лявада-цэнтра», рэйтынг усіх апанентаў Сяргея Сабяніна — цяперашняга маскоўскага мэра, які вырашыў пераабрацца, — не перавышае аднаго працэнта. Рэйтынг Сабяніна ж складае пакуль 34 працэнты. Няма сумневаў, што, мабілізаваўшы бліжэй да выбараў адмінрэсурс, Сабянін атрымае патрэбную для перамогі лічбу.

Трэба прызнаць, і сам Красоўскі не хавае, што перамога яму наўрад ці свеціць. «Само маё вылучэнне, з майго пункту гледжання, з’яўляецца ўжо перамогай — паспрабуйце знайсці яшчэ хоць аднаго адкрытага гея, які вылучаўся б на такую пазіцыю ў краінах былога СНД», — кажа прэтэндэнт у маскоўскія кіраўнікі. У такім ключы ўспрыняла ініцыятыву і аўдыторыя. Хіба што некаторыя лібералы абвінавацілі Красоўскага ў тым, што ён эксплуатуе тэму гамафобіі ў мэтах асабістага піяру.

maxresdefault_47.jpg

Аднак па ходзе разгортвання кампаніі падыход да скандальнай кандыдатуры Красоўскага стаў паступова карэктавацца. Высоўваюцца версіі, што за дэмаршам гея хаваецца нейкі падступны план. Напрыклад, балаціроўка Красоўскага без сумневаў паляпшае імідж Крамля на Захадзе, дзе Расію стала вінавацяць у дзяржаўнай ксенафобіі. Зараз у падобных сітуацыях можна смела паказваць на Красоўскага. Кандыдат-гей таксама прыцягнуў інтарэс грамадскасці да выбараў, якія яшчэ ўчора мала каго ўвогуле цікавілі.

Акрамя таго, гей-кандыдат дапамагае змяніць шаблоны пра антыпуцінскую апазіцыю. Красоўскі кажа, што ён ліберал, аднак пры гэтым не хавае сентыментаў на адрас рэжыму і асабіста кіраўніка Расіі. «Я і зараз да Уладзіміра Пуціна стаўлюся з павагай і часам з захапленнем. Гэта гістарычны персанаж з абсалютна гістарычнымі дзеяннямі, які не каштаваў Расіі той крыві, якая ў Расіі звычайна бясконца льецца», — сказаў Красоўскі ў інтэрв'ю выданню «Медуза».

Пры гэтым ажыятаж вакол кандыдатуры Красоўскага адбываецца на фоне сумных разборак унутры старой апазіцыі. Апазіцыйная субкультура напярэдадні выбараў традыцыйна не змагла дамовіцца наконт адзінага кандыдата. Таму на пасаду мэра Масквы прэтэндуюць два апазіцыянеры — Дзмітрый Гудкоў і Ілля Яшын, якія па ходзе кампаніі не стамляюцца сварыцца паміж сабой. Такая канфігурацыя на флангу апазіцыі яўна гуляе на руку Красоўскаму. Побач з палітыканамі і грантасмокамі, ён выглядае як больш-менш сумленны чалавек.

Маскоўскі журналіст Дзмітрый Кастэнка распавёў «Новаму Часу» пра перспектывы кандыдата-гея:

Красоўскі — з генерацыі маладых лібералаў, якія разумеюць, што ў цяперашніх рэаліях франтальная атака на ўладу «а-ля Навальны» не мае перспектыў. Таму яны намагаюцца не скандаваць лозунгі, а інтэгравацца ў сістэму. Нешта такое зараз робіць Сабчак. Што тычыцца Красоўскага, то сапраўдныя матывы яго кампаніі невядомыя. А вось шанцы ў яго сапраўды ёсць. Ён — новы твар, і можа стаць сваім для ліберальных масквічоў, якіх не так ужо мала. Па-другое, як бы гэта дзіўна не гучала, за Красоўскага ахвотна прагаласуюць тыя, хто ненавідзіць лібералаў. Калі кандыдат-гей атрымае больш галасоў за Яшына або Гудкова, скандалу ў «пачэснай кампаніі» не пазбегнуць. Праўда, перш за ўсё Красоўскаму трэба зарэгістравацца, што не так проста. Каб зарэгістравацца кандыдатам, Красоўскаму патрэбная пэўная колькасць подпісаў дзеючых дэпутатаў. Пагадзіцеся — дэпутату трэба мець нейкую мужнасць, каб даць подпіс такой асобе».