Ігар Тышкевіч: Атака Масквы дронамі намацала болевую кропку Расійскай Федэрацыі
Эксперт украінскага Інстытута будучыні разважае пра прылёт дронаў у Маскву і заўважае, што ад гэтай падзеі некаторыя расіяне зазналі не горыч, а радасць. А ўсё з-за таго, што былі выбраны слушныя аб’екты так званай «атакі».
Хто б ні арганізаваў атаку Масквы і Падмаскоўя дронамі, ён, падобна, намацаў болевую кропку Расійскай Федэрацыі.
Вы звярнулі ўвагу, як у расійскіх пабліках абмяркоўвалася тое, што частка дронаў звалілася на Рублёўцы? Наколькі гэта было цікава, прыемна і пацешна для значнай колькасці расійцаў. І наколькі было непрыемна, крыўдна і самае галоўнае — страшна — для насельнікаў умоўнай «Рублёўкі» і іх кола зносін? І нават не ведаю, што іх больш спалохала: дроны з неба ці радасць суграмадзян.
І вось тут я падумаў, што пры наяўнасці сродкаў данясення зарада аб'екты ў Маскве — другарадныя. Бо нават выбух над Крамлём у РФ заўважылі (бачыў сацыялогію), але гэта «не зачапіла». А вось «Рублёўка» спрацавала. Прычым адным падарыла радасць, другім — страх і негатыў. А таксама дзіцячую крыўду, бо інструментаў адказу, лічы, і няма. Ядзерная зброя за Рублёўку? Не зразумее нават паслухмяны плебс. Звычайныя ракеты? Ну дык ужо запускалі.
Тым больш што пытанне не ва ўдарах. Успомніліся старыя савецкія фільмы канца 1920-х, якія паказваюць «рэвалюцыю» або «паўстанні ў царскую эпоху», дзе ёсць кадры непадробленай радасці сялян на фоне палаючага панскага маёнтка.
Страх рублёўскай тусоўкі быў настолькі магутны і вялікі, што адны разгубіліся, а іншыя, як, напрыклад, Салаўёў з «праведным гневам» абрынуліся на суайчыннікаў. Было відаць, што «зачапіла».
А цяпер уявіце буянства эмоцый у РФ у выпадку паспяховых прылётаў. Бо кадры падпаленых рублёўскіх новабудоўляў стануць віруснымі. І разганяць будуць самі грамадзяне РФ.
Як тут не ўспомніць рэакцыю гледачоў на старую песню «Па чым звіняць званы» аб згарэлай Маскве…. Але то ж была толькі песня…