Грамадзяне Еўрасаюза змогуць падаваць іскі супраць мер жорсткай эканоміі
На думку экспертаў, Еўрапейскі суд прыняў гістарычнае рашэнне: грамадзяне ЕС надалей змогуць патрабаваць у судовым парадку кампенсацый, калі антыкрызісныя меры парушаюць іх асноўныя правы.
У пастанове Еўрапейскага суда, што была апублікаваная 20 верасня, канстатуецца, што грамадзяне краін ЕС маюць права патрабаваць у судовым парадку кампенсацый ад Еўрапейскага Цэнтрабанка (ЕЦБ), Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і Еўракамісіі (ЕК) у тым выпадку, калі прынятыя гэтымі арганізацыямі антыкрызісныя меры парушаюць іх асноўныя правы, паведамляе www.dw.com.
Такі іск стане магчымым у тым выпадку, калі, да прыкладу, грамадзянін Грэцыі зможа даказаць, што ён ужо не ў стане дазволіць сабе жыццёва важныя медыкаменты з прычыны заключанага паміж крэдыторамі і Грэцыяй мемарандума, згодна з якім жыхары Грэцыі павінны даплачваць за прапісаныя ім лекі з уласных сродкаў, заявіў у інтэрв'ю часопісу “Der Spiegel” брэменскі прававед Андрэас Фішэр-Лескана.
Прадстаўнік "зялёных" Свен Гігальд назваў пастанову Еўрапейскага суда "прарывам у справе абароны асноўных правоў чалавека" і абяцаў аказваць падтрымку сацыяльна неабароненым грамадзянам Грэцыі, Партугаліі, Ірландыі і Кіпра, якія пацярпелі ад антыкрызісных мер.
Еўрапейскі суд прыняў гэтую пастанову ў рамках рашэння па скарзе ўкладчыкаў з Кіпра, якія запатрабавалі ад Еўракамісіі і ЕЦБ кампенсацый за антыкрызісныя меры, прынятыя ў 2013 годзе. Суд, аднак, адхіліў іх іск, спасылаючыся на тое, што тагачасныя меры былі неабходныя для забеспячэння стабільнасці ўсёй банкаўскай сістэмы Кіпра.