Грамадскія арганізацыі Сірыі заклікалі да байкоту ЧС па футболе ў Расіі

Больш за 20 сірыйскіх грамадскіх арганізацыяў заклікалі ўрады чатырох заходніх краінаў папярэдзіць Расію аб магчымасці байкоту чэмпіянату свету па футболе, каб змяніць палітыку Масквы ў Сірыі. паведамляе "Радыё Свабода".

Ілюстрацыйнае фота. Жыхары пакідаюць свае дамы ва Ўсходняй Гуце. 15 траўня 2018 года

Ілюстрацыйнае фота. Жыхары пакідаюць свае дамы ва Ўсходняй Гуце. 15 траўня 2018 года

Адпаведны зварот накіраваны ўладам Вялікай Брытаніі, Германіі, ЗША і Францыі.

Аўтары закліку мяркуюць, што расійскія ўлады павінны аказаць ціск на прэзідэнта Сірыі Башара Асада і прымусіць яго спыніць бамбардзіроўкі. Перш за ўсё размова ідзе аб спыненні аблогі Усходняй Гуты.

З 2013 года амаль 400 тысяч жыхароў прыгараду Дамаску знаходзяцца ў стане аблогі. Абмежаваны доступ да харчавання, пітной вады, медыкаментаў і электрычнасці.

У сярэдзіне лютага 2018 года ўрадавая армія Сірыі пачала бамбаванне пазіцыяў апазіцыйных груповак ва Усходняй Гуце.

Паводле дадзеных Сірыйскага цэнтру маніторынгу парушэнняў правоў чалавека, загінулі больш за 900 мірных жыхароў. Прадстаўнікі міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Урачы без межаў» паведамляюць, што загінулі больш за тысячу чалавек.