З асцярожным аптымізмам…

Мінулы тыдзень прынёс даволі шмат навінаў, якія выклікаюць здзіўленне. Недзе нават можна ўявіць, што ў краіне адбываецца змена парадыгмы. Падаецца, вясна ўсё ж (будзем спадзявацца) уступае ў свае правы.

the_first_flowers_of_spring_6.jpg

Змена парадыгмы назіраецца ў тым, што нарэшце ад доўгай спячкі прачынаюцца беларускія ўлады. Яны спалі амаль чвэрць стагоддзя. Зараз яны расплюшчваюць вочы і азіраюцца: «Дзе мы? Хто мы? Што мы?» Апроч Мінска, дзе ўлады далі дазвол на святкаванне стагоддзя незалежнасці Беларусі, аналагічна дзейніча­юць і рэгіёны.

Заяўку на правядзенне 25 сакавіка святочнага фэсту «100 год БНР» ухваліў Брэсцкі гарвыканкам. Святочны фэст пачнецца а 13-й гадзіне на плошчы Свабоды. Спачатку пройдзе паўга­дзінны мітынг, на якім выступяць палітычныя і грамадскія актывісты горада, а таксама, па словах аднаго з заяўнікаў акцыі, кіраўніка Брэсцкай арганізацыі БНФ Зміцера Шыманскага, — прадстаўнікі брэсцкіх уладаў.

Цікава, як будзе пачуваць сябе кіраўніцтва Брэста на, дэ-факта, апазіцыйным мітынгу? Тым больш, што чыноўнікі дазволілі прыносіць на Дзень Волі бел-чырвона-белыя сцягі і герб «Пагоня» разам з іншай сімволікай, «тэматычна звязанай з адзначаемай падзеяй». У музычнай частцы фэсту выступяць духавы аркестр Брэста, а потым адбудзецца рок-канцэрт з удзелам «:B:N:», «Re1ikt», «Zolki Band».

На фэсце будуць працаваць сувенірны кірмаш, фатазоны і дзіцячыя пляцоўкі. Паралельна з музычнай пляцоўкай будуць праходзіць майстар-класы рамеснікаў, а рэканструктарскія клубы адновяць эпоху Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ухваліў заяўку на святочны канцэрт-мітынг 25 сакавіка і Гродзенскі гарвыканкам. Мерапрыемства пройдзе ў Каложскім парку горада. Па словах аднаго з арганізатараў Вадзіма Саранчукова, збор удзельнікаў прызначаны на 13-ю гадзіну. Канцэрт-мітынг пачнецца а 14-й і працягнецца да 17-й. Падчас канцэрту будзе працаваць фудкорт і сувенірны кірмаш.

Арганізатары Дня Волі ў Гродна яшчэ не вызначылі спіс музыкаў, якія будуць выступаць на канцэрце. Але Саранчукоў кажа, што дадаткова ўзгадняць спіс беларускіх музыкаў з уладамі не трэба, а для замежных трэба будзе атрымаць канцэртны дазвол. Ёсць папярэдняя дамова з «N.R.M».

Канешне, імаверна, улады пайшлі на такія дазволы не проста так. Хутчэй за ўсё, тактыка дазволаў скіравана на тое, каб жыхары абласных цэнтраў не з'ехаліся на маштабнае свята ў Мінск. Але, па-першае, з-за арганізаванага Міністэрствам транспарту транспартнага калапсу даехаць вялікай колькасці людзей у Мінск і так праблематычна. А па-другое, урэшце здзяйсняецца адна з апазіцыйных мараў. А менавіта — каб Дзень Волі быў святам, а не супрацьстаяннем. Пра гэта нам казалі ці не на кожным мітынгу 25 сакавіка.

І зараз галоўнае — каб арганізатары гэтага свята не аблажаліся з яго арганізацыяй, выбачайце за таўталогію.

У мінулых нумарах мы шмат пісалі пра дзеянні Рассельгаснагляду ў дачыненні да беларускай «малочкі». Урэшце сам кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт зразумеў, што нейкае глупства змарозіў. І зараз ён ужо «не выключае», што Расія адмовіцца ад увядзення абмежаванняў на пастаўкі малочных прадуктаў з Беларусі — нібыта «ў выпадку пазітыўных вынікаў работы расійскай інспекцыі».

«Мы зараз узгоднім механізм правядзення інспекцый, гэтым займаецца мой намеснік. І цалкам верагодна, што і не будзем закрываць (увоз малочных прадуктаў). Калі з наступнага тыдня паедзем на інспектаванне таго, што выклікае ў нас падазрэнне, мы знойдзем агульную мову», — сказаў Данкверт.

Улічваючы, што спыніць беларускае малако планавалася 15 сакавіка, а інспекцыя плануецца «на наступным тыдні», — зразумела: Данкверт папужаў Сінявокую ды проста «здаў узад». Хоць і прадказальная, але перамога.

Праўда, якасць беларускай прадукцыі ў хуткім часе пагоршыцца, але вінаватай у гэтым будзе сама Расія. Бо іх спецыялісты пралабіявалі змены ў тэхрэгламенце ЕАЭС, згодна з якімі з 1 студзеня 2018 года сталі больш жорсткімі патрабаванні да складу транс-ізамераў тлустых кіслот у прадуктах (іншымі словамі — масла). У прадуктах іх цяпер павінна змяшчацца не больш за 2% ад усяго тлушчу ў прадукце. З-за гэтага натуральнае беларускае масла замяняецца не вельмі бяспечным пальмавым алеем.

Варта зазначыць, што пальмавы алей таннейшы за масла. Але і значна больш небяспечны, на Захадзе ён лічыцца канцэрагенам. Беларусь вырабляе масла з лішкам, нават экспартуе яго, тады як Расія свае патрэбы ў масле не пакрывае, таму і вымушаная завозіць у тым ліку пальмавы алей. І, зразумела, неяк клапаціцца, каб «легалізаваць» не зусім бяспечную прадукцыю.

Са свайго боку, нашы спецыялісты дамагаюцца забароны пальмавага алею ці хаця б выключэння яго выкарыстання ў прадуктах для дзіцячага харчавання і харчавання для дашкольнікаў і школьнікаў. Адпаведныя прапановы накіраваны ў Саўмін, аднак гэта ўжо не такая простая працэдура — змены трэба ўносіць не ў беларускі закон, а ў тэхрэгламент ЕАЭС.

Яшчэ адна добрая навіна ў тым, што нарэшце пачынае працаваць «Вялікі камень». Адзін з рэзідэнтаў беларускага тэхнапарку — ТАА «Міжнародная тэхналагічная кампанія «Інтэлектуальнае абсталяванне» — паставіла ў Беларусь два беспілотныя аўтамабілі для правядзення выпрабаванняў.

«Цяпер мы актыўна прапрацоўваем пытанне з тым, каб пачаць выпрабаванні, напрацоўваем базу для руху гэтага праекта наперад, таму што ён сапраўды вельмі цікавы», — адзначыў кіраўнік беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку Аляксандр Ярашэнка.

Дамова з «Інтэлектуальным абсталяваннем» прадугледжвае, што інвестар на працягу 2018–2020 гадоў пабудуе навукова-даследчы цэнтр агульнай плошчай больш як 30 тысяч квадратных метраў. Аб'ём інвестыцый складзе каля 5 мільёнаў долараў.

Канешне, мы спазняемся — у Еўропе і ЗША беспілотныя аўто ўжо рассякаюць па аўтабанах. Але перспектыва ў такога цэнтру ёсць, бо ў нас пад бокам — вялікая Расія. А там, як вядома, няма дарогаў, ёсць толькі напрамкі. І як будуць паводзіць сябе беспілотныя аўто на тых прасторах — загадка, якую трэба разгадаць.

Так што ёсць пэўны пазітыў у жыцці. Галоўнае, каб гэтыя пазітыўныя змены былі трывалымі, і не скончыліся цягам аднаго тыдня. Але тут ужо трэба працаваць і нам.