«Нафіг нам такія прынцыпы патрэбныя»

Можна зразумець абурэнне Аляксандра Лукашэнкі, які падчас сустрэчы з Русым заявіў: «Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем».

milk_wars_1216075.jpg

Здавалася, гэтым годам нейкага вострага канфлікту ў беларуска-расійскіх дачыненнях чакаць не варта. Як правіла, галоўнай праблемай, вакол якой адбываецца супрацьстаянне паміж Мінскам і Масквой, з’яўляецца пытанне энергарэсурсаў. Беларусь, як звычайна, імкнецца атрымаць расійскі газ і нафту на як мага больш ільготных умовах, Расія млява супраціўляецца. Гэтым разам усе энергетычныя пытанні вырашаныя да 2019 года.

Акрамя таго, Крамлю ў 2018 годзе не да Беларусі. Прэзідэнцкія выбары, Чэмпіянат свету па футболе, канфлікт з ЗША цалкам займаюць увагу расійскага кіраўніцтва. Здавалася, што ў такіх варунках Маскве не да сваркі з Беларуссю.

Тым не менш, вайна пачалася. Чарговая «малочная». Канфлікт пачаўся як эканамічны, але — як звычайна адбываецца ў беларуска-расійскіх адносінах — хутка выйшаў на палітычны ўзровень.

Чыя «малочка»?

Калі казаць пра афіцыйны публічны кантэкст, то ўсё пачалося 16 лютага ў Сочы на сустрэчы кіраўніка ўрада Расіі Дзмітрыя Мядзведзева з губернатарамі ў межах Расійскага інвестыцыйнага форуму. Там прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў звярнуўся да прэм’ера з просьбай абмежаваць імпарт сухога малака, бо вытворцы малочнай прадукцыі Татарстана не вытрымліваюць цэнавую канкурэнцыю з іншымі пастаўшчыкамі. Гэтая рэспубліка РФ займае па аб’ёмах вытворчасці малака першае месца ў Расіі.

У мінулым годзе Расія актыўна імпартавала сухое малако. Прычым, у гэтай таварнай групе Беларусь была далёка не лідарам: вялікія аб’ёмы (у пяць разоў большыя, чым з Беларусі) ішлі з вельмі аддаленых рэгіёнаў — Аўстраліі і Новай Зеландыі. У выніку ўзнікла праблема запасаў сухога малака на складах.

Але галоўнай ахвярай апынулася чамусьці Беларусь. На той сустрэчы Мядзведзева з губернатарамі пра нашу краіну нічога не згадвалася. Аднак расійскі прэм’ер у сваім выступе меў на ўвазе менавіта Беларусь: «Я дам даручэнне ў гэтым разабрацца, мне цяжка запярэчыць супраць тых аргументаў, якія прывёў кіраўнік Татарстана... Так, у нас агульны рынак з сябрамі, партнёрамі з ЕАЭС, больш за тое, мы не можам яго абмяжоўваць у сілу падпісанага пагаднення, але павінны думаць пра нашых грамадзян. Калі мы блакуем пастаўкі нармальнага малака і адкрываем рынак для сухога малака толькі дзеля захавання эканамічных прынцыпаў, то на фіг нам такія прынцыпы патрэбныя».


Стоп Беларусь

Выконваючы даручэнне прэм’ера, Рассельгаснагляд 22 лютага забараніў увоз з Беларусі малака, вяршкоў і іншай малочнай прадукцыі з 26 лютага. Пазней тэрмін дзеяння забароны быў перанесены на 6 сакавіка, а потым — на 15 сакавіка. Гаворка ідзе менавіта пра малочную сыравіну.

У заяве прэс-службы Рассельгаснагляду ад 22 лютага прычынамі ўвядзення забароны была названая дрэнная якасць беларускай малочнай прадукцыі, шкодныя дадаткі і іншае. Здавалася б, усё як звычайна. Колькі ўжо было падобных прэтэнзій.

Але незвычайнасць сітуацыі гэтым разам выявілася ў тым, што ў абарону Беларусі выступіла Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК). Дзеянні Рассельгаснагляду парушылі правілы Мытнага саюзу, прынцыпы функцыянавання адзінай эканамічнай прасторы, зоны вольнага гандлю, і ўвогуле, разбураюць адзіны рынак у межах ЕАЭС. Паводле гэтых правілаў, тавары ў межах краін-чальцоў Еўразійскага эканамічнага саюза павінны перамяшчацца бесперашкодна (ёсць выключэнні, але гэта не той выпадак). Таму кіраўнікам адпаведных ведамстваў Беларусі і Расіі была дасланая тэлеграма ад імя ЕЭК, у якой РФ прапанавалася не ўводзіць абмежаванні на пастаўкі беларускай «малочкі». Таксама прагучала адпаведная заява міністра прамысловасці і аграпрамысловага комплексу ЕЭК, прадстаўніка Беларусі Сяргея Сідорскага.

moloko_1024x768_uyjxt.jpg

І тады загучала цяжкая артылерыя. Залп у адказ быў добра падрыхтаваны. 24 лютага на сайце Рассельгаснагляду з’явілася вялікая заява. Тэлеграма ЕЭК была інтэрпрэтавана як рэакцыя асобных кіраўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі, а на адрас Беларусі было вылучана новае, і больш сур’ёзнае абвінавачванне.

Паводле Рассельгаснагляду, былі выяўленыя факты паставак у Расію беларускімі кампаніямі забароненай РФ малочнай прадукцыі з Украіны і краін ЕС пад выглядам вытворцаў краін, якія не трапілі пад дзеючыя абмежаванні (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай). Расійскае ведамства правяло адмысловае расследаванне і выявіла, што гэтая прадукцыі паступае на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі па фальсіфікаваных дакументах. Інакш кажучы, беларускія дзяржаўныя органы былі абвінавачаныя ў падмане, фальсіфікацыях, спробах зрыву палітыкі эканамічных санкцый, якія Расія прымяняе супраць непажаданых дзяржаў. Фактычна — гэта ўжо палітычныя прэтэнзіі ў несаюзніцкіх паводзінах.

Эканоміка ці палітыка?

І гэтая сітуацыя зноў вяртае нас да больш шырокіх пытанняў. ЕАЭС — гэта эканамічны ці геапалітычны саюз? Ён дзейнічае паводле эканамічных правілаў і прынцыпаў ці з’яўляецца механізмам кантролю Масквы над постсавецкай прасторай? Шчырая рэпліка расійскага прэм’ера — «на фіг нам такія прынцыпы патрэбныя» — паказальная.

Менавіта Расія была галоўным ініцыятарам стварэння спачатку Мытнага саюза, затым — ЕАЭС, і ўсяляк фарсіравала гэты працэс. А цяпер сама ігнаруе тыя правілы, якія палягаюць у аснове гэтай арганізацыі. Кіраўнікі РФ нават не хаваюць, што яны плявалі на прынцыпы функцыянавання ЕАЭС.

Цалкам натуральна, што Лукашэнка, выступаючы на нарадзе 2 сакавіка, звярнуў увагу менавіта на механізм функцыянавання ЕАЭС і перанёс канфлікт у публічную прастору, вынес на палітычны ўзровень: «Гэта ўжо становіцца смешным. Сродкі масавай інфармацыі ў нас ёрнічаюць — што гэта ў вас за «тайговы» саюз такі, што стаўленне да краін-сябраў больш жорсткае, чым да іншых? Я не кажу пра малако, якое стала нахабным палітычным інструментам зусім нядаўна. Нават наш цэмент не можам свабодна прадаваць. Вось гэта эканамічны саюз!»

Якая цана пытання для Беларусі? У 2017 годзе беларускія суб’екты гаспадарання паставілі ў Расію той прадукцыі, якая цяпер забараняецца, на 656 мільёнаў долараў.

Больш за тое, 27 лютага з’явілася інфармацыя, што Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да сямі беларускіх прадпрыемстваў, якія экспартуюць у Расію ялавічыну.

6 сакавіка кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт выступіў з новай пагрозлівай заявай. Паводле яе, Беларусь можа сутыкнуцца з новымі цяжкасцямі пры пастаўках прадукцыі жывёлагадоўлі, у прыватнасці, малочнай прадукцыі, у РФ пасля 1 ліпеня 2018 года, калі пачне дзейнічаць электронная ветэрынарная сертыфікацыя. А беларускія прадпрыемствы да яе не гатовыя. «Мы проста не будзем такую прадукцыю ўпускаць», — адзначыў Данкверт.

Але ў нармальным эканамічным саюзе такія рэчы, як электронная сертыфікацыя, павінны ўводзіцца сінхронна ўсімі чальцамі арганізацыі.

42780538_303_696x392.jpg

Усё ж палітыка?

Прадстаўнікі ўрадаў вялі ўпартыя перамовы ў Маскве. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў віце-прэм’ер Міхаіл Русы. Пасля вяртання з Масквы ён паведаміў, у чым можа быць дасягнуты кампраміс. Плануецца, што ў сакавіку адбудзецца сумесная калегія міністэрстваў сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі, на якой будуць узгодненыя «балансы на сухое малако». То бок, мяркуецца вызначыць дакладныя аб’ёму сухога малака, якія можа ўвезці Беларусь. І не больш. Інакш кажучы, нашу краіну прымушаюць пайсці на самаабмежаванні паставак малочнай сыравіны.

А як жа эканамічны саюз, адсутнасць межаў, адзіная эканамічная прастора, вольны гандаль і свабодная канкурэнцыя? Няма.

Можна зразумець абурэнне Аляксандра Лукашэнкі, які падчас сустрэчы з Русым заявіў: «Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем».

Кіраўнік Беларусі чакаў завяршэння перамоваў у Маскве. Але, калі б пытанне не было вырашана станоўча, вельмі верагодна, што ён пастараўся б сапсаваць Уладзіміру Пуціну яго выбарчую кампанію. Скандал  расійскаму лідару пад час выбарчай кампаніі не патрэбны.