Германія абвясціла Беларусь зонай падвышанай рызыкі па COVID-19

Румынія, Літва і Беларусь з нядзелі, 3 кастрычніка, абвешчаныя ў Германіі зонамі падвышанай рызыкі праз каронавірус.

orig_155_1620461093.jpeg


Тых, хто прыязджаюць з гэтых краінаў — у тым выпадку, калі яны цалкам не прышчэпленыя ці не ачунялі ад кавіду, — будуць адпраўляць на 10-дзённы каранцін, выйсці з якога можна будзе не раней чым на пяты дзень па выніках адмоўнага тэсту. Да гэтага часу адзінай сярод краін Еўрасаюза зонай падвышанай рызыкі лічылася Славенія, паведамляе Радыё Свабода.

У свеце ў спісе высокай рызыкі лічацца каля 70 краін. Акрамя Румыніі і Літвы, з 3 кастрычніка да іх дададуцца Беларусь і Сальвадор, паведаміў Інстытут імя Роберта Коха. У той жа час са спісу выдалілі Мазамбік і ПАР.

Зонамі павышанай эпідэміялагічнай рызыкі ў Германіі абвяшчаюцца краіны і рэгіёны, дзе пагроза заражэння каронавірусам асабліва высокая. Пры гэтым значэнне мае не толькі колькасць інфікаваных. Улічваюцца і іншыя крытэрыі, такія як тэмпы распаўсюджання кавіду, загружанасць шпіталёў і адсутнасць поўных даных аб сітуацыі з каронавірусам.