Google прынізіць Russia Today ў рэйтынгах навін
Пашукавік Google мэтанакіравана зменшыць уплыў расійскіх дзяржаўных медыя ў выдачы навінаў і рэкламе. Але гэта не будзе наўпроставы бан.
Гэтую навіну Эрык Шмідт (выканаўчы старшыня кансорцыўму Alphabet, у які ўваходзіць Google) распавёў у мінулую суботу падчас Міжнароднага форуму па бяспецы ў Галіфаксе. Агучаная пазіцыя ўжо выклікала рэзкую рэакцыю расійскага боку.
Эрык Шмідт
Паводле Шмідта, у Google ўсведамляюць, што некаторыя расійскія СМІ — у прыватнасці Russia Today і Sputnik — выкарыстоўваюцца для «распаўсюду дэзінфармацыі альбо яшчэ горшых рэчаў».
Змагацца са злоўжываннямі будуць інжынернымі сродкамі.
Паводле Шмідта, расійская стратэгія дастаткова відавочная, і звычайна ўключае ў сябе «накачку» прапагандысцкіх пасылаў. Ужываюцца паўторы, спекулятыўная або хлуслівая інфармацыя, якую можна выкарыстаць для распальвання канфліктаў.
«Усе гэтыя патэрны можна выявіць — і адпаведна выключыць з інфармацыйных каналаў альбо дэпрыярэтызаваць».
Ён адмыслова падкрэсліў, што размова ідзе не аб блакіроўцы згаданых сайтаў ці цэнзуры, але аб ранжыраванні інфармацыйных матэрыялаў, якія будуць класіфікаваныя як прапаганда.
У адказ расійскі Раскомнагляд выказаў заклапочанасць і запатрабаваў тлумачэнняў ад Google, наконт планаванага ранжыравання.
ПаводлеVice Motherboard і TV Дождь