«Фактар 205» для Украіны
У Чарнігаве 26-га ліпеня на мажарытарнай выбарчай акрузе нумар 205 прайшлі давыбары дэпутата парламента. Кіеўскі палітолаг Юрый Палянін у інтэрв'ю выданню «Новы Час» тлумачыць, чым яны адметныя.
— Яшчэ да дня галасавання палітолагі пагадзіліся ў меркаваннях пра тое, што гэтыя выбары ўвойдуць у гісторыю Украіны як самыя скандальныя. Беларускім чытачам трэба ў двух словах растлумачыць, у чым скандальнасць выбараў на 205-ай акрузе?
— Постмайданаўскія палітычныя сілы, якія прэтэндавалі на мандат, задзейнічалі амаль усе магчымыя сумнеўныя выбарчыя схемы. Штабы кандыдатаў адкрыта раздавалі прадуктовыя пайкі (элемент подкупу), наўпрост абяцалі па 400 грыўняў за правільнае галасаванне, адцягвалі галасы канкурэнтаў шляхам тэхнічных кандыдатаў (у кандыдацкім спісе было каля 90 прэтэндэнтаў), пусцілі ў ход адміністрацыйны рэсурс і задзейнічалі і проста фізічныя пагрозы. Прычым на гэты раз на дапамогу «цітушкам» аднаго з кандыдатаў прыехалі два добраахвотніцких батальёна.
Шмат для каго гэта было шокам. Усё гэта ўжо не спішаш на «засілле Януковіча». Пры гэтым міліцыя чамусьці дыстанцыявалася ад падзей, хоць за тую ж раздачу прадуктаў выбаршчыкам па законе можна атрымаць да сямі гадоў. Праўда, каб сітуацыя не выйшла з пад кантролю, ў выніку ў горад увялі дадатковыя часткі сілавікоў. Афіцыйна колькасць миліцыянтаў ў горадзе вырасла з 500 да 2 тысячаў.
— Практычна ўсе журналісты ў сваіх каментарах па Чарнігаве задаюцца пытаннем: а што, калі ў кастрычніку на мясцовых выбарах паўторыцца чарнігаўскі сцэнар? Адзін з палітолагаў метафарычна заявіў, што ў такім выпадку краіну чакае «гуляйполе».
— У пэўным сэнсе выбары на 205-ым сапраўды выглядаюць як рэпетыцыя мясцовых выбараў у кастрычніку. Тым больш, што прэцэдэнты ў нашай гісторыі ёсць. Напрыклад, вясной 2004-га года супрацьстаянне за пасаду мэра Мукачава стала ў пэўным сэнсе прэлюдыяй першага Майдану. Цяпер сітуацыя горш, паколькі палітыкі абапіраюцца не на мірныя грамадзянскія суполкі і акцыі, а на паралімітарныя структуры. Узброеныя групоўкі, якя працуюць пры кандыдатах, раззбройваюць адзін аднаго, арыштоўваюць адзін аднаго, абвінавачваюць адзін аднаго. Мясцовыя ж выбары — гэта заўсёды канкурэнцыя ў асяроддзі мясцовых элітаў. У ціхім Чарнігаве мясцовыя эліты слабыя, а ў Харкаве, Запарожжы ці Днепрапятроўску, як кажуць, «нешта будзе».
— Можа быць, у Чарнігаве найшла каса на камень? Тут сышліся прадстаўнікі двух вядучых фінансава-прамысловых груповак — з аднаго боку, блізкі да Парашэнкі Сяргей Беразенка, а з другога — дэ-факта заступнік алігарха Каламойскага Генадзь Корбан. Магчыма таму і зашкальваюць эмоцыі?
— Цалкам магчыма, асабліва з улікам рэйдэрскага мінулага Корбана і яго вопыту адміністратара ў Днепрапятроўскім аблвыканкаме. У палітыцы Корбан дзейнічае ў духу бандыцкіх 90-ых. Не дзіва, што з таго часу як ён сышоў у палітыку, на яго былі распачатыя 8-9 крымінальных спраў. У гэтым плане дэпутацкі мандат, які дае прававой імунітэт, для яго на вагу золата.
— Папярэднія дадзеныя ўсё ж паказваюць перамогу ў Чарнігаве Сяргея Беразенкі — прадстаўніка Блока Пятра Парашэнкі. Гэта горшы ці лепшы варыянт у параўнанні з Генадзем Корбанам?
— Цяжка сказаць. Палітычная біяграфія Березенкі — тыповая гісторыя юнага кар’ерыста, які паспеў папрацаваць нават у камандзе мінулага кіеўскага мэра Леанда Чарнавецкага, якога лічаць хрэстаматыйным карупцыянерам. У гэтым плане выбары ў правінцыйным ціхім Чарнігаве таксама ёсць зрэзам сучаснага стану эліты ўкраінскага палітыкума. Мажор ад кіруючай партыі, які вандруе па чыноўніцкіх пасадах першага — другога эшалона супраць вядомага рэйдэра і адной з правых рук алігарха Каламойскага, які адкрыта абапіраецца на экстрэмістаў.
— Ці паўплываюць выбары на 205-ым на лёс урадавай кааліцыі? Падчас выбарчай кампаніі радыкалы Алега Ляшко, якія ўваходзяць у склад ураду, падтрымалі Корбана, а не Беразенку.
— Кааліцыя — гэта шмат у чым вынік ціску звонку. Яна пастаянна трашчыць, у ёй сваркі і канфлікты, але знешні фактар усё роўна мірыць бакі, якой бы тэмпературы гэтыя канфлікты не сягалі. Сама па сабе 205-ая акруга кааліцыю разбурыць не ў стане. У тым жа ракурсе можна разглядаць і спекуляцыі наконт пазачарговых парламенцкіх выбараў.
— На чарнігаўскіх выбарах была зафіксавана рэкордна нізкая для горада яўка — 36%, хоць у мінулым годзе на парламенцкія выбары прыйшло амаль 55%. Гэта можна разглядаць як форму пратэсту грамадзянаў супраць брудных выбарчых схем?
— Відавочна, што ў Чарнігаве, які адносіцца да хранічна дэпрэсіўных рэгіёнаў, большасць гараджан летам засталіся дома, аднак на выбары сапраўды не пайшлі. Некаторыя каментатары лічаць, што чарнігаўцы сапраўды нагамі сказалі «не» цітушкам і подкупам выбаршчыкаў. З іншага боку ёсць меркаванне, што многія спалохаліся ісці да скрыняў з-за прысутнасці каля ўчасткаў «спартыўных журналістаў» (чамусьці на гэтых выбарах «цітушкі», якія маюць спартыўны выгляд, часта дзейнічаюць пад прыкрыццём журналісцкіх пасведчанняў).
— Чым на ваш погляд скончыцца эпапея на 205-ай акрузе?
— Той, хто прайграе, адназначна аспрэчыць вынікі: хаця б для таго, каб захаваць твар. Пытанне ў тым, падасць ён у суд альбо пойдзе ва-банк: напрыклад пачне бурна аспрэчваць вынікі пратаколаў, выкарыстоўваючы сілавы фактар. Аднак я думаю што сітуацыю можна будзе ўлагодзіць так, як гэта было нядаўна ў Мукачава, дзе паміж баевікамі «Правага сектара» і міліцыяй мела месца перастрэлка. Мукачава і Чарнігаў — гэта адзінкавыя падзеі, за якімі сочыць ўсе краіна. Таму ўраду і адміністрацыі прэзідэнта можна будзе сканцэнтравацца на рашэнні дадзенай праблемы.
У кастрычніку такіх форс-мажораў будзе куды больш. Вялікая краіна, вялікая колькасць амбіцый, шмат зброі на руках. Столькі канфліктаў на месцах Кіеў можа аказацца проста не ў стане кантраляваць.