Facebook і Instagram дазволілі пасты з лозунгамі супраць расійскіх салдат
Facebook і Instagram часова знялі забарону на заклікі да гвалту ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.
Сацыяльныя сеткі Facebook
і Instagram не будуць прымаць мер супраць пастоў з фразамі кшталту: "Смерць
расійскім захопнікам". Аднак на рэальныя заклікі да гвалту супраць
звычайных грамадзян РФ гэта не распаўсюджваецца. Пра гэта гаворыцца ў заяве
прэс-сакратара кампаніі Meta Эндзі Стоўна, апублікаванай у пятніцу, 11
сакавіка.
"У выніку расійскага ўварвання ва Украіну мы часова дазволілі формы палітычнага самавыяўлення, якія ў звычайнай сітуацыі парушалі б нашу забарону на заклікі да гвалту", — адзначыў ён. У якасці прыкладу фразу, пасты і каментары з якой цяпер не будуць выдаляцца, Стоўн прывёў лозунг: "Смерць расійскім захопнікам".
У той жа час Facebook і Instagram адзначаюць, што працягнуць і надалей прымаць меры супраць "праўдападобных заклікаў да гвалту ў дачыненні да расійскіх грамадзянскіх асоб".
Між тым, агенцтва Reuters са спасылкай на ўнутраную перапіску Meta паведамляе, што актуалізаваныя правілы распаўсюджваюцца на карыстальнікаў у Арменіі, Азербайджане, Эстоніі, Грузіі, Венгрыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Румыніі, Расіі, Славакіі і Украіне.
У Расіі такое рашэнне выклікала чаканае абурэнне. Намеснік кіраўніка камітэта Дзярждумы РФ па інфармпалітыцы Антон Гарэлкін заявіў, што разглядае такое рашэнне Meta як экстрэмізм. Ён заявіў, што дазвол амерыканскай кампаніяй Meta, якая кіруе сацсеткамі Facebook і Instagram, заклікаў да гвалту ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў кваліфікуецца заканадаўствам РФ як экстрэмізм, а карпарацыя Meta сварыць этнасы паміж сабой.