ЕС уводзіць асаблівы знак «каронавіруснай бяспекі» для аб'ектаў сферы турызму
У Еўрапейскім саюзе ўводзіцца асаблівы знак, якім будуць адзначацца гасцініцы і іншыя месцы пражывання турыстаў, а таксама турыстычныя аб'екты, якія адпавядаюць міжнародным санітарным стандартам.
«Еўрапейскі знак бяспекі турызму ва ўмовах COVID-19 дапаможа турыстычным кампаніям забяспечыць меры бяспекі напярэдадні летняга сезона, што павысіць давер падарожнікаў, мясцовых жыхароў і работнікаў турыстычнай галіны», — заявіў у сераду камісар ЕС па ўнутраным рынку Цьеры Брэтан, каментуючы новы пратакол па ахове здароўя і бяспекі ў сферы турызму.
Дзяржавы-члены ЕС змогуць прысвойваць новы знак эпідэміялагічнай надзейнасці турыстычным установам, якія рэалізуюць і выконваюць адпаведныя патрабаванні Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі (ISO).
І пратакол, і знак з'яўляюцца добраахвотнымі, маюць рэпутацыйнае значэнне і ўводзяцца "з мэтай паступовага паслаблення абмежаванняў, звязаных з COVID-19".
Для патэнцыйных выдаткаў, звязаных з укараненнем пратаколу і атрыманнем знака, турыстычныя арганізацыі і ўстановы могуць скарыстацца магчымасцямі фінансавання, якія ЕС прадугледзеў для аднаўлення галіны.
Брэтан адзначыў, што пандэмія COVID-19 "парушыла турыстычную экасістэму, выклікаўшы страту даходаў і паставіўшы пад пагрозу мільёны працоўных месцаў". У той жа час, падкрэсліў ён, здароўе і бяспека застаюцца сур'ёзнай праблемай для грамадзян, якія імкнуцца правесці адпачынак пасля доўгай і нясцерпнай паўзы.
interfax.by