Эрдаган хоча вярнуць у Турцыі смяротнае пакаранне
Пасля сканчэння рэферэндуму прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў у выступе перад сваімі прыхільнікамі, што ва ўрадзе краіны пачнуць разглядаць пытанне пра неабходнасць увесці ў Турцыі смяротнае пакаранне, перадае Reuters.
Як
піша Беларускае Радыё Рацыя, звяртаючыся да натоўпу
сваіх прыхільнікаў у Стамбуле, Эрдаган сказаў, што ён намераны „неадкладна”
абмеркаваць з прэм’ер-міністрам Біналі Йылдырымам і старшынём апазіцыйнай
Партыі нацыяналістычнага руху Даўлетам Бахчэлі пытанне пра вяртанне ў
канстытуцыю краіны смяротнага пакарання. Уводзіны смяротнага пакарання будуць
азначаць канец перамоваў пра ўваход Турцыі ў Еўразвяз, адзначае Reuters.
Эрдаган таксама заявіў, што за змены ў канстытуцыю і ўзмацненне прэзідэнцкай улады прагаласавалі 51,5% грамадзян, і адзначыў, што ўсе павінны паважаць рашэнне нацыі. Турэцкае дзяржаўнае навійнае агенцтва Anadolu паведаміла, што па выніках падліку 99,9% бюлетэняў 51,2% выбарцаў прагаласавалі за ўзмацненне паўнамоцтваў прэзідэнта краіны, 48,8% выказаліся супраць такіх зменаў.