Джуліян Асанж выйшаў на волю пасля пяці гадоў турмы. Ён заключыў здзелку з Мінюстам ЗША

Джуліян Асанж пакінуў лонаднскую турму Белмарш, дзе знаходзіўся з 2019 года. Паведамленне пра гэта з'явілася ў акаўнце WikiLeaks у сацсетцы X у ноч на 25 чэрвеня. Вызваленне пад заклад 52-гадовага заснавальніка WikiLeaks санкцыянаваў суд у Лондане.

rts2haca_pic4.jpg

З турмы Асанж адправіўся ў лонданскі аэрапорт Станстэд, дзе сеў на самалёт. У WikiLeaks заявілі, што ён вернецца ў Аўстралію да сям'і (Асанж — грамадзянін Аўстраліі). Пры гэтым, паводле звестак Associated Press, самалёт з Асанжам прызямліўся ў Бангкоку для дазапраўкі. Як чакаецца, затым самалёт адправіцца на адну з тэрыторый ЗША ў Ціхім акіяне — у Сайпан, сталіцу Паўночных Марыянскіх астравоў.

Асанжа вызвалілі з турмы, дзе ён правёў 1901 дзень, пасля таго, як ён заключыў здзелку з Міністэрствам юстыцыі ЗША, якое дамагалася яго экстрадыцыі з Вялікабрытаніі. Афіцыйна здзелка пакуль не завершаная.

Як паведамляе The New York Times, Асанж у абмен на вызваленне з брытанскай турмы пагадзіўся прызнаць сябе вінаватым па адным з 17 пунктаў абвінавачвання ў незаконным атрыманні і публікацыі сакрэтных даных, якія тычацца нацыянальнай бяспекі.

Паводле судовых матэрыялаў, на якія спасылаецца The New York Times, Асанж паўстане перад амерыканскім судом у Сайпане. Паводле слоў неназванага супрацоўніка праваахоўных органаў ЗША, чакаецца, што Асанжа прысудзяць да пяці гадоў пазбаўлення волі-тэрміну, які ён ужо адбыў у турме ў Вялікабрытаніі.


Глядзіце таксама

Асанж павінен паўстаць перад судом у Сайпане 26 чэрвеня, а «пасля заканчэння разбору», як заявілі ў Мінюсце ЗША, зможа адправіцца ў Аўстралію.

Джуліян Асанж — заснавальнік арганізацыі WikiLeaks, якая спецыялізуецца на публікацыі сакрэтнай інфармацыі, нагадвае «Медуза». WikiLeaks публікавала дыпляматычныя дэпешы амэрыканскіх амбасадаў, дакумэнты пра вайну ў Іраку і Аўганістане, у тым ліку відэа авіяўдару ў Багдадзе, пры якім загінулі журналісты і мірныя жыхары. Акрамя таго, падчас перадвыбарчай кампаніі 2016 года ў ЗША арганізацыя апублікавала перапіску Дэмакратычнай партыі.

У ЗША Асанжа абвінавачваюць у незаконным атрыманні і публікацыі сакрэтных звестак (17 пунктаў, да 10 гадоў пазбаўлення волі за кожны), а таксама ў змове з мэтай кампутарнага ўзлому (да пяці гадоў турмы). У сукупнасці Асанжу пагражае да 175 гадоў турмы. Прыхільнікі Асанжа называюць яго пераслед палітычным.

Джуліян Асанж на працягу сямі гадоў, пачынаючы з 2012 года, хаваўся ў пасольстве Эквадора ў Лондане. Эквадор даў Асанжу статус бежанца на фоне абвінавачванняў у сексуалізаваным гвалце ў Швецыі. У 2017 годзе Эквадор даў яму грамадзянства, але затым пазбавіў яго і грамадзянства, і статусу бежанца. У 2019 годзе брытанская паліцыя па запыце ЗША арыштавала Асанжа. У 2022 годзе суд у Вялікабрытаніі вырашыў, што яго можна экстрадаваць у ЗША, у траўні 2024 года суд дазволіў Асанжу аспрэчыць гэтае рашэнне.