Дураў паабяцаў мільёны долараў сэрвісам абыходу блакіроўкі Telegram
Па словах Дурова, расійскі рынак важны яму па асабістых меркаваннях.
Заснавальнік Telegram Павел Дураў паведаміў, што будзе выплачваць са сваіх асабістых сродкаў «мільёны долараў» на падтрымку проксі-сэрвісаў і VPN.
«У рамках Лічбавага Супраціву — дэцэнтралізаванага руху ў абарону лічбавых свабод і прагрэсу — я пачаў выплачваць біткоін-гранты адміністратарам proxy і VPN. На працягу гэтага года буду рады ахвяраваць мільёны долараў асабістых сродкаў на гэтыя мэты», — напісаў Дураў на сваёй старонцы «ВКонтакте».
«Хоць расійскі рынак не складае істотнай долі карыстацкай базы Telegram, ён важны нам па асабістых меркаваннях», — дадаў Дураў, паклікаўшы астатніх «далучацца і прыняць удзел — наладай проксі/vpn сервераў або іх фінансаваннем».
16 красавіка Раскамнагляд пачаў блакаванне Telegram на тэрыторыі Расіі. Аднак у многіх карыстальнікаў мэсэнджэр працягнуў працаваць нават без сервісаў абыходу блакаванняў — VPN (віртуальных прыватных сетак) і проксі (прамежкавых сервераў).
Як раней тлумачыў Павел Дураў, мэсэнджэр выкарыстоўвае ўбудаваныя магчымасці абыходу блакаванняў. Гаворка ідзе, напрыклад, пра перанос трафіку на іншыя хмарныя сэрвісы Amazon і Google. Раскамнагляд, у сваю чаргу, абяцае працягнуць блакаванне ўсіх рэсурсаў, звязаных з мэсанджарам.
Уладальнікі сэрвісаў абыходу блакіроўкі сталі атрымліваць паведамлення ад Раскамнагляду пра пагрозу блакавання іх рэсурсаў у сувязі з «заклікамі да масавых беспарадкаў і ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці». Ведамства пачало масава дадаваць у «чорны спіс» IP-адрасы Amazon і Google. Падставай стала пастанова Генпракуратуры ад 4 снежня 2015 г. — яе немагчыма знайсці ў адкрытым доступе, хоць яна выкарыстоўвалася для блакавання сотняў рэсурсаў у інтэрнэце.
Да вечара 17 красавіка нагляднае ведамства заблакавала больш за 16 мільёнаў IP-адрасоў Amazon і Google, паводле дадзеных сайта 2018.schors.spb.ru, на якім адсочваюцца змены ў «чорным спісе» Раскамнагляду. У сацсетках з'яўляліся паведамленні аб праблемах у працы розных сэрвісаў і сайтаў, якія выкарыстоўваюць рэсурсы гэтых кампаній.
Telegram быў заблакаваны ў Расіі па рашэнні Таганскага раённага суда ад 13 красавіка з-за адмовы адміністрацыі перадаць ФСБ ключы шыфравання перапіскі карыстальнікаў.
Паводле bbc.com