Дасье ў карыкатурах: Інфляцыя супраць Султана
Турцыя знаходзіцца на чарговым этапе валютнага крызісу. Нацыянальная валюта таннее рэкорднымі тэмпамі, падрываючы пазіцыі рэжыму Рэджэпа Таіпа Эрдагана, які любіць называць сябе «Султан».
Турцыя, для якой валютны хаос стаў ужо звыклым атрыбутам апошніх гадоў, выйшла на новы віток валютнага крызісу. Курс нацыянальнай валюты — ліры — зніжаецца настолькі імкліва, што цяжка асэнсаваць. Для разумення: да 2014 года ён стабільна трымаўся каля 1,7-1,8 ліры за долар. Да пачатку гэтага года курс дасягнуў узроўню 7,3 ліры за долар. А цяпер назіраецца сапраўды калапс. За мінулы тыдзень ліра 5 разоў абнавіла рэкорды гістарычнага мінімуму.
Трагедыю ліры арыгінальна адлюстраваў мастак выдання Hedgeye, прадставіўшы свой варыянт дызайну купюры турэцкай валюты.
Многія лічаць, што ў крызісе вінаваты сам Эрдаган. Ён зрабіў крэдыты таннымі, каб падштурхнуць эканамічны рост краіны. Слабая ліра дапамагае экспартным таварам на замежных рынках. ВУП Турцыі сапраўды паказвае рост, аднак коштам галапуючай інфляцыі і рэзкай дэвальвацыі мясцовай валюты. Хаця сам лідар Турцыі сябе вінаватым не лічыць. Ён заявіў, што ў рэзкім падзенні курсу нацвалюты вінаватыя «замежныя агенты». Падыход Эрдагана да праблемы інфляцыі нагадала мастаку выдання PA Turkey вядомую позу страуса. У нашым выпадку страус не жадае ні чуць, ні бачыць, ні казаць пра інфляцыю.
У адказ на крах ліры па краіне пракаціліся акцыі пратэсту. На дэманстрацыі выйшлі жыхары некалькіх буйных гарадоў, у тым ліку Анкары і Стамбула. Мітынгоўцы выкрыквалі антыўрадавыя лозунгі і стукалі ў пустыя каструлі. У Анкары стыхійная акцыя перарасла ў сутыкненні з паліцыяй. Мітынгоўцы таксама запатрабавалі адстаўкі ўлады і правядзення датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Шмат каму выступы нагадалі пратэсты 2013-га на плошчы Таксім у Стамбуле, якія ўлады жорстка задушылі. Успомнілі і карыкатуры тых гадоў. Напрыклад, малюнак выдання Turk Haber.
Зрэшты, пакуль пратэсты носяць лакальны характар. Магчыма, іх невялікі маштаб тлумачыцца адсутнасцю лідара. Прыкладна 18 лістапада пайшлі чуткі аб смерці ў ЗША Фетхула Гюлена. Гэты 80-гадовы вучоны і прапаведнік лічыцца ў Турцыі ворагам Эрдагана нумар адзін. Яму прыпісваюць спробу перавароту 2016 года. Пасля таго, як рэжым Рэджэпа Эрдагана расправіўся са змоўшчыкамі, у Турцыі пачалося сапраўднае паляванне на прыхільнікаў Гюлена. Зацыкленасць Эрдагана на тым, каб дастаць саперніка нават за акіянам, — тэма малюнка мастака Ліндзі Хембі.
Многія звярнулі ўвагу, што падзенне ліры аказалася сінхронным актывізацыі Турцыі за мяжой. Краіна ўдзельнічае ў канфліктах у Сірыі і Лівіі, дапамагае Азербайджану ў Карабаху, пікіруецца з Грэцыяй і спрабуе наладзіць інтэграцыю цюркскамоўных краін. Войны і канфлікты патрабуюць сродкаў, што ў тым ліку адбіваецца на курсе ліры. Графічна гэтую ўзаемасувязь прадставіла выданне Instaforex.
Нягледзячы на тое, што пратэставая геаграфія пакуль невялікая, сітуацыя ў Турцыі застаецца нестабільнай. Інфляцыя запусціла працэс банкруцтва дробных гандляроў і дэфіцыту прадуктаў. І па ходзе набліжэння выбараў у 2023-ым, відавочна, градус нянавісці ў адрас Эрдагана будзе толькі расці. Ужо зараз няма сумневу, што Эрдаган у адказ будзе выкарыстоўваць клерыкальныя лозунгі. Невыпадкова на малюнку аднаго з турэцкіх граіфкаў прэзідэнт разганяе апазіцыянераў, трымаючы ў руцэ Каран. Раней рэлігія дапамагла Султану выйграваць выбары. Паглядзім, што будзе на гэты раз.