Цімашэнка абвясціла галадоўку

Экс-прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка заявіла, што на знак салідарнасці з удзельнікамі Еўрамайданаў абвяшчае галадоўку.



yulia.jpg

Ніжэй прыводзім яе заяву: 
«Я шчаслівая, што сотні тысяч украінцаў выйшлі на Еўрамайданы ва Украіне і па ўсім свеце. Выйшлі, каб не дазволіць кіруючай мафіі забіць наш еўрапейскі выбар, зламаць наша жыццё.
Я ганаруся адчуваць сябе часткай такога велічнага і моцнага народа, які змог атрымаць дзяржаўную незалежнасць і захаваць яе насуперак усяму, змог перажыць галадамор і савецкія катаванні, змог падняцца, здабыць сваю свабоду падчас памаранчавай рэвалюцыі і знайшоў у сабе сілы паўстаць сёння на ўсіх Еўрапейскіх плошчах, каб зноў перамагаць.
Я люблю вас, мае няскораны украінцы, усёй сілай сваёй душы і веру ва ўсе вашы будучыя перамогі!
Вы —  маё натхненне, мая надзея, мой гонар, мае сілы для жыцця.
Мне балюча, што я не магу фізічна быць разам з вамі, што не магу цяпер разам з вамі дыхаць святым паветрам адзінства, свабоды і барацьбы, які заўсёды быў на нашым Майдане. Але, нягледзячы на краты, кожная мая часцінка цяпер разам з вамі жыве і верыць у нашу Перамогу!
На знак адзінства і салідарнасці з усімі, хто цяпер змагаецца на ўсіх Еўрамайданах ва Украіне і ў свеце, я абвяшчаю бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем да Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з ЕС.
Я прашу вас, мае родныя украінцы, штодня памнажаць нашы сілы на плошчах. Я прашу вас падняць нябачаную па сваім маштабе лавіну нашай волі і сілы да такога ўзроўню, каб аўтарытарная мафія Януковіча не змагла перашкодзіць нашаму гістарычнаму, святому ўз'яднанню з нашай сапраўднай цывілізацыйнай сям'ёй, ад якой мы былі адлучаны сотні гадоў.
Не адступайце! Не дайце ім зламаць наша жыццё! Ідзіце наперад і перамагайце!
Ва Украіны вялікая будучыня, таму што ва Украіне ёсць усе вы!
А калі 29 лістапада Януковіч не падпіша наша пагадненне з ЕС, змяціце яго з аблічча Украіны мірным і канстытуцыйным шляхам разам з яго палітычнымі і карупцыйнымі метастазамі! Не спыняйцеся! Толькі наперад!
Украіна —  гэта Еўропа!»
Нагадаем, раней прэзідэнт Віктар Януковіч зрабіў заяву ў сувязі з праходзячымі масавымі акцыямі пратэсту. Ён паабяцаў у бліжэйшы час даць вялікае інтэрв'ю тэлеканалам.

korrespondent.net