Ці можна забараніць рок-музыку? У Кітаі спрабуюць

Са спасылкай на інсайдэраў заходняя прэса піша аб намеры кітайскіх уладаў забараніць у краіне рок музыку.

ілюстрацыйная выява. Фота Цуй Цзянь, 2007, Хохайян,  commons.wikimedia.org

ілюстрацыйная выява. Фота Цуй Цзянь, 2007, Хохайян,  commons.wikimedia.org

Усё пачалося з артыкула, які апублікавала 31 жніўня года «Жэньмінь жыбао» — цэнтральны прапагандысцкі орган Камуністычнай партыі Кітая (КПК). Аўтар артыкула праінфармаваў чытачоў аб увядзенні ва ўніверсітэтах краіны новага дапаможніка па нацыянальнай бяспецы.

У тым ліку прыводзіліся фрагменты падручніка, адзін з якіх і прыцягнуў увагу. «Інтэрнэт — гэта істотны канал трансляцыі заходняй папулярнай культуры, пачынаючы з рок- і поп-музыкі, якая часта выкарыстоўваецца як прыкрыццё для ажыццяўлення каляровай рэвалюцыі», — напісана ў дапаможніку.

Спачатку многія вырашылі, што гэты блок нічога не значыць. Ён, маўляў, напісаны для таго, каб супакоіць кансерватараў. Але праз некалькі дзён незалежнае ганконгскае выданне South China Morning Post (SCMP) зліла размову апаратчыкаў КПК. Паводле яе, рок-музыка «хутка будзе разглядацца як інструмент, які Захад выкарыстоўвае, каб пасеяць насенне каляровай рэвалюцыі». А выкананне ў стылі рок будзе трактавацца як «падрыўная дзейнасць, справакаваная заходнімі дзяржавамі з мэтай зрынуць кіруючы клас»,

Наяўнасць такой дыскусіі ў нетрах парты пацвердзіла і крыніца выдання Christian Science Monitor (CSM). Паводле публікацыі, у КПК «занепакоеныя тым, што рок можа быць носьбітам "агульначалавечых каштоўнасцяў", такіх як ідэя індывідуальнай свабоды». І такім чынам, уяўляе сабой «пагрозу нацыянальнай бяспецы».

Тут дарэчы будзе нагадаць, што ў КНР даўно існуюць напрацоўкі ў сферы музычнай цэнзуры. Пасля ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) урад заклікаў музыкаў і кампазітараў да вытворчасці выключна твораў прапаганды. У рамках рэалізацыі ўстаноўкі дзеячы мастацтваў павінны былі ствараць музыку, якая ўсхваляла рэвалюцыйны час і выказвала надзеі на камуністычную будучыню.

Але гэта былі кветачкі. Падчас Культурнай рэвалюцыі (1966–1976) практычна ўсе формы музыкі, якія лічыліся некамуністычнымі, былі забароненыя, паколькі нібыта ўтрымлівалі капіталістычныя пасланні. За парушэнне можна было адправіцца ў турму. Больш жорсткі варыянт — стаць ахвярай гвалту з боку хунвейбінаў

Калі памёр Мао, пачалася адліга, але не доўгая. Пасля пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь 1989 года кітайскі ўрад узмацніў жорсткасць забароны на музыку, якая мела хоць нейкае дачыненне да дэмакратычнага руху. Прадэмакратычныя песні былі строга забаронены, а артысты сутыкнуліся з ціскам і пераследам з боку дзяржавы. Многім прыйшлося займацца самацэнзурай, пазбягаючы палітычна адчувальных тэм і сюжэтаў у сваёй творчасці. Акрамя таго, артыстаў прымушалі атрымліваць ліцэнзіі на выступы і праходзіць працэдуру атрымання дазволу, якая ўключала прадастаўленне тэкстаў песень на разгляд адпаведным органам.

І вось цяпер часы рэпрэсій вяртаюцца. Амерыканская газета The Diplomat, вырашыла спытаць наконт гэтага ў саміх лідараў кітайскай рок-сцэны. Янг Хайсонг, вядомы спявак з пост-панк-групы P.K 14 з Нанкіна, заявіў газеце наступнае: «Кітайская рок-сцэна развіваецца вельмі добра. Заўвага пра рок як пагрозу бяспецы проста абсурдная». Такой жа думкі, як правіла, прытрымліваюцца і іншыя рэспандэнты.

Многія з іх проста не вераць у забарону року. У тым ліку таму, што прапагандысцкая машына КПК ужо даўно навучылася змагацца з музычнай крамолай.

Ключавой падзеяй тут стала ўвядзенне патрабаванняў рэгістрацыі пад рэальным імем на анлайн-платформах у 2012 годзе. Гэта дало ўладам сродкі для маніторынгу актыўнасці карыстальнікаў. Са з'яўленнем «Вялікага кітайскага файрвола» ўскладніўся доступ да замежных вэб-сайтаў і сэрвісаў, што паўплывала на даступнасць музыкі. Тыя, хто ў сваёй творчасці крытыкуе палітыку ўрада ці закранае далікатныя палітычныя пытанні, могуць атрымаць вялікія праблемы.

Акрамя таго, зноў робіцца акцэнт на прасоўванні традыцыйнай кітайскай культуры і нацыяналістычных настрояў у музыцы. Адмысловая ўвага надаецца наяўнасці ў рэпертуарах тэм патрыятызму, сацыяльнай гармоніі і прыхільнасці партыйнай ідэалогіі.

У гэтым плане наўрад, думаецца, варта чакаць забароны ў Паднябеснай рок-музыкі. Але і нічога добрага для музыкаў апошнія навіны таксама не маюць. Хутчэй за ўсё, варта чакаць чарговага ўсплёску цэнзуры.