Ці чакаць пасля бунту Прыгожына «сталінскіх чыстак»?
Што будзе з ПВК «Вагнер» у Расіі, Афрыцы і на Блізкім Усходзе?
Мяцеж Прыгожына ў мінулую суботу скончыўся заключэннем дамоўленасцяў пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі, піша ВВС. Паводле ўмоваў дамовы, Мінск дасць Прыгожыну прытулак, а тыя з ягоных байцоў, хто не браў удзелу ў бунце, змогуць падпісаць кантракты з расійскім Міністэрствам абароны.
Але ў панядзелак увечары Прыгожын апублікаваў чарговы аўдыязварот, у якім сцвярджаў, што ніхто з яго байцоў не хацеў падпісваць кантракт з расійскім абаронным ведамствам і што яго кампанія павінна была афіцыйна спыніць існаванне 1 ліпеня.
Пры гэтым застаецца незразумелым, што адбудзецца пасля расфарміравання ПВК «Вагнер» з тымі наймітамі, якія знаходзяцца за межамі Расеі. Асабісты склад ПВК «Вагнер» актыўна задзейнічаны ў многіх краінах па ўсім свеце — у Лівіі, Судане, Малі, ЦАР, Мазамбіку, Буркіна Фасо, Мадагаскары і Венесуэле.
Як распавяла ў інтэрв'ю ВВС дыпламатычная крыніца ў ААН, якая цягам многіх гадоў адсочвае дзейнасць «вагнераўцаў», калі гэтая групоўка перастане карыстацца падтрымкай расійскіх уладаў і на самай справе будзе расфармаваная, то расійскае Міністэрства абароны можа спыніць забеспячэнне падраздзяленняў ПВК «Вагнер», якія застаюцца ў Афрыцы.
Палітолаг Таццяна Станаваяпаразважала пра магчымыя наступствы бунту Прыгожына ў мінулыя выходныя.
На яе думку, ПВК «Вагнер» у Прыгожына забіраюць, і яе ў ранейшым выглядзе больш не будзе. «Будзе інвентарызацыя: нешта прыбяруць да рук, нешта проста дэмантуюць. Тое ж самае тычыцца Афрыкі і Сірыі. Гэтым ужо актыўна займаецца МЗС», — піша Станавая ў сваім тэлеграм-канале.
Пра тое, што Крэмль абвясціў уладам Сірыі, ЦАР і Малі, што ўзяў пад свой кантроль ПВК «Вагнер», гаварылася ў сённяшняй публікацыі Wall Street Journal.
У ёй таксама згадвалася, што намеснік кіраўніка МЗС Сяргей Вяршынін лётаў у Дамаск, каб асабіста паведаміць прэзідэнту Сірыі Асаду, што ПВК «Вагнер» больш не будзе самастойна дзейнічаць у гэтай краіне.
«Удзел "Вагнера" ўсюды быў розным: будуць аналізаваць, хто працуе на месцы, якія рэсурсы ў іх у распараджэнні, ці трэба там наогул прысутнасць і іншае. Нешта закрыюць, нешта падпарадкуюць. Не выключана, што кагосьці проста здадуць унутраным ворагам. Новага "Вагнера” не будзе», — лічыць Станавая.
Таксама, на яе думку, «чыстак у сталінскім выглядзе» па выніках бунту не будзе, таму што «гэта не стыль Пуціна». «У яго ўсе альбо героі, альбо здраднікі (здраднікам смерць), альбо аблудныя душы, якім трэба дараваць, калі яны своечасова выправіліся. У гэтай логіцы кагосьці могуць і арыштаваць, але наўрад ці Суравікіна», — піша эксперт.
Нагадаем, як пісаў "НЧ", учора з'явіліся чуткі пра тое, што намеснік камандуючага аб'яднанай групоўкай войскаў Сяргей Суравікін арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА «Лефортава». Незалежных пацверджанняў гэтай інфармацыі няма. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пытанне, дзе Суравікін, пераадрасаваў у Мінабароны РФ.