Бітва для крэцінаў
«Польская перамога, якая змяніла гісторыю», — пад такім рэкламным слоганам прыблізна паўгода таму пачалася раскрутка сумеснага польска-італьянскага фільма
«Бітва пад Венай» рэжысёра Рэнца Марцінэлі .
Фільм, прэм’ера якога адбылася 15 кастрычніка, прэзентавалі як самую вялікую падзею года на польскім кінарынку. Акрамя Польшчы стужку плануецца паказаць у 50 краінах свету.
Непасрэдна карціна распавядае пра бітву пад Венай. Бітва гэта адбылася 12 верасня 1683 паміж польска-аўстрыйска-нямецкім войскам (Святая ліга) пад камандаваннем польскага караля Яна III Сабескага і
войскам Асманскай імперыі пад камандаваннем візіра Кары Мустафы. Скончылася баталія з удзелам каля 200 тысяч чалавек паразай Турцыі, якая пасля гэтага ўдару ўжо не аправілася і з таго часу ўжо не
ўяўляла пагрозу хрысціянскай Еўропе.
З улікам перманентных скандалаў вакол ісламскай тэмы, фільм чакалі насцярожана. Шмат хто баяўся, што хрысціяне або мусульмане ўбачаць на экране нешта агіднае для сваіх канфесій. Аднак пасля
прэм’еры ўсе ўздыхнулі з палёгкай. Фільм атрымаўся настолькі кепскім, што ніякага інтарэсу ў рэлігійных фундаменталістаў ён дакладна не выкліча.
Тое, што карціну адразу атакавалі спецыялісты па гісторыі, нікога не здзівіла. Цяжка зрабіць гістарычны фільм, а тым больш пра далёкае мінулае, без ляпаў. Іх у «Бітве пад Венай»
хапае. Так, простыя польскія жаўнеры на экране, як запраўскія паліглоты, размаўляюць на амаль усіх еўрапейскіх мовах. Больш таго, у бой яны адпраўляюцца пад сказаную святаром фразу па-англійску:
«In the name of God!» На ўніформе гусараў, што атакуюць басурман, — элементы ўніформы польскай арміі мадэлі 1927 года і г.д.
Аднак гэта ўсё дробязі. Галоўны парадокс карціны палягае ў тым, што яе стваральнікі свядома не хацелі, каб гістарычны фільм адпавядаў гістарычным рэаліям. Сапраўдны шок у гісторыкаў выклікаў эпізод з
ваўком, у якога ўсялілася душа нейкага нябожчыка. Таксама пару разоў героі карціны на поўным сур’ёзе разважаюць пра ведзьмаў і іх магічную сілу, якую трэба выкарыстаць у барацьбе з
нявернымі. Рэжысёр растлумачыў гэта імкненнем зрабіць фільм больш цікавым для гледача.
Аднак польская публіка такой трактоўкі гісторыі не зразумела. Некаторыя кінакрытыкі, напрыклад у ліберальным часопісе «Polityka», ацанілі карціну на адзін бал. Выданне, дарэчы,
пратэстуе супраць таго, каб карціну адносілі да жанру «гістарычны фільм». На думку аўтара рэцэнзіі, яе трэба аднесці да фільмаў з разраду «фэнтэзі».
А вось часопіс «Co Jest Grane» прысвоіў «Бітве пад Венай» намінацыю «кінематаграфічны кур’ёз». Іншая ліберальная газета «Gazeta
Wyborcza» адносіць твор Марцінэлі да катэгорыі «рэлігійна-мілітарная байкай класу С». На думку газеты, фільм можна параўнаць з самымі прымітыўнымі прапагандысцкімі творамі
часоў камунізму, бо рэжысёр трансфармаваў польскую гісторыю ў нейкую казку пра добрых каталікоў. У дадатак адзін з гледачоў праз газету патрабуе ад міністэрства адукацыі тэрмінова забараніць прагляд
фільму для дзяцей, паколькі ён, відавочна, зроблены для крэцінаў. Не выцягнула фільм і гульня актораў. На думку той жа «Polityka», лепш за ўсіх выглядае актор, які грае гетмана і
які за ўвесь фільм не сказаў ні слова.
Як вядома, польскае грамадства вельмі палітызаванае на ліберальны і кансерватыўны лагеры. Звычайна, тое, што падабаецца лібералам і левым, уключаючы культурныя прадукты, выклікае непрыманне ў іх
ідэйных апанентаў. Аднак на гэты раз кантрасту ў ацэнках не назіраецца. Здаецца, што правальная праца стваральнікаў «Бітвы пад Венай» аб’яднала ўсіх.
Правая газета «Rzeczpospolitа» акцэнтуе ўвагу на тым, што палякаў на экране фактычна няма. Нават кароль Ян Сабескі гуляе нейкую амаль перыферыйную ролю. Між тым, у праспектах да
фільму напісана, што задача фільму перш за ўсё заключаецца ў тым, каб папулярызаваць учынак караля Сабескага і праз яго ўсю гісторыю Польшчы. З’явілася версія, што ў пачатковым варыянце
сцэнару фільма ніякага Сабескага ўвогуле не было. Блок пра караля ўключылі ў сцэнар з таго факту, што палякі пагадзіліся даць грошы на здымкі.
Аднак нават пры такім раскладзе Ян Сабескі — далёка не ў цэнтры сюжэта. Фабула фільму будуецца вакол прыгод манаха Марка з Фіана (дарэчы, гістарычная персона, якога пазней прызналі святым),
што ў той час аб’ехаў шэраг каралеўскіх двароў Еўропы і дамогся ад манархаў згоды на ўваходжанне ў тую самую Святую лігу. Ён быў папскім агентам і дзейнічаў адпаведна з інструкцыямі папы
Інакенція XI. Паралельна з прыгодамі Марка паказана гісторыя візіра Кары Мустафы, якому даручана захапіць сталіцу Аўстрыі. У фінале абодва героя сустрэнуцца на поле бітвы. Дарэчы, у тых, хто глядзеў
фільм, узнікла ўражанне, што Еўропа вызвалілася ад турэцкай пагрозы не столькі дзякуючы Сабескаму, колькі гэтаму самаму Марка з Фіана.
Другаснасць ролі караля Яна Сабескага на экране, безумоўна, выклікае гнеў палякаў, з кішэняў якіх часткова была прафінансаваная карціна праз дзяржаўны Польскі інстытут кінамастацтва. Дадатковы
фактар: грошы на фільм былі выдадзеныя з бюджэту ў той час, калі з-за недахопу фінансавання скарачаюць штат польскіх кінастудый. Некаторыя палітыкі нават патрабуюць завесці крымінальную справу
супраць тых, хто растранжырыў народныя грошы.
І добра б, калі яшчэ проста растранжырыў. Фільм выклікаў сапраўдную нацыянальную траўму. Бітва пад Венай мае асаблівае месца для Польшчы. «Для нацыі, гісторыя якой — бясконцыя
ўнутраныя канфлікты, спрэчкі і трагедыі, гэта быў рэдкі поспех — вікторыя не лакальнага, але сусветнага маштабу. Гэта была сімвалічная перамога, якая назаўсёды даказала палякам, што слабы
можа перамагчы моцнага», — так апівае газета «Newsweek» успрыманне падзей 1683 года ў польскай гістарычнай свядомасці.
І што пасля гэтага пабачылі польскія гледачы? У карціне «падзея сусветнага маштабу» выяўленая як шэраг батальных мікрасцэн, у якіх гусары ганяюць турак «з выкарыстаннем
кампутарных эфектаў 1970-х гадоў» («Polityka»). Нехта нават параўнай батальныя эфекты з фільмам «Пан Валадыёўскі», які Ежы Хофман зняў у далёкім 1969
годзе. Аказалася, што фільм Хофмана ў гэтым сэнсе на галаву вышэй за «Бітву пад Венай». Нават левыя аглядальнікі кажуць, што адчулі ад пабачанага ў карціне нейкі комплекс
нацыянальнай агіды.
Стваральнікі кінахалтуры спрабуюць неяк апраўдацца. Так, прадзюсар карціны Алесандра Леонэ апублікаваў ліст: «Крытыкі патрабуюць зрываць сеансы «Бітвы пад Венай» у
кінатэатрах. Гэта выглядае як вайна. Аднак вайна супраць каго? Трэба зразумець, што фільм не можа быць прадметам нацыянальнай палітыкі». Ён таксама нагадвае, што ніводны фільм, зняты
палякамі пра польскіх герояў (Шапэн, Капернік), у адрозненні ад «Бітвы пад Венай», не выйшаў за межы Польшчы».
Пакуль скандал вакол «Бітвы пад Венай» працягвае нарастаць, і ўсё ідзе да таго, што эмоцыі вакол карціны яшчэ не хутка суцішацца. Аказваецца, стваральнікі наздымалі матэрыялу, якога
цалкам хопіць на серыял. Ужо вядома, што прэм’ера мыльнай оперы пра «Бітву пад Венай» адбудзецца праз год на адным з прыватных польскіх каналаў. Пасля сагу Марцінэлі пакажа
італьянскае тэлебачанне.