Bild апублікавала стэнаграму размовы пілотаў самалёта, які разбіўся ў французскіх Альпах

Нямецкая газета Bild am Sonntag апублікавала вытрымкі з расшыфроўкі першага бартавога самапісца самалёта Airbus A320, што пацярпеў крушэнне ў Францыі.



air2.jpg

Поўны запіс сакрэтны, адзначае выданне, аднак урыўкі, што апынуліся ў распараджэнні журналістаў, дазваляюць аднавіць карціну трагедыі.

Газета сцвярджае, што рэйс 4U9525 авіякампаніі Germanwings Барселона — Дзюсэльдорф вылецеў са спазненнем на 26 хвілін. Самалёт падняўся ў паветра ў 10:01 па Мінску. На борце знаходзіліся 144 пасажыры і шасцёра членаў экіпажа.

Следчыя змаглі праслухаць 1,5 гадзіны запісу бартавога самапісца.

Падчас палёту капітан самалёта выбачыўся спачатку перад пасажырамі за спазненне з вылетам, аднак абяцаў нагнаць час. Пазней капітан кажа другому пілоту Андрэаса Любіцу, што не паспеў ў Барселоне схадзіць у прыбіральню. Любіц адказвае, што можа «у любы момант» ўзяць кіраванне на сябе. Капітан спачатку адмаўляецца.

У 10:27 гадзін самалёт дасягнуў вышыні ў 38 тысяч футаў (11 600 метраў). Капітан патрабуе ад першага афіцэра падрыхтаваць пасадку ў Дзюсельдорфе. Французскі пракурор назваў на прэс-канферэнцыі адказы Любіца падазрона «лаканічнымі». На стужцы чуваць, як Любіц, апроч іншага, кажа «спадзяемся» і «паглядзім».

Пасля праверкі пасадкі другі пілот зноў кажа, што той «можа ісці». Капітан застаецца ў кабіне яшчэ дзве хвіліны. Потым ён кажа Любіцу: «Ты можаш пераняць (кіраванне)». Затым на самапісцы чуваць, як адсоўваецца крэсла і зачыняюцца дзверы.

У 10:29 радар упершыню зафіксаваў зніжэнне паветранага судна. У 10:30 A320 згубіў 316 футаў (каля 100 метраў), праз хвіліну — 1800 футаў (каля 600 метраў).

У 10:32 дыспетчары паспрабавалі наладзіць кантакт з самалётам, але не атрымалі адказу.

У A320 актываваўся аўтаматычны сігнал трывогі. Затым чутны моцны ўдар, як быццам нехта спрабуе выламаць дзверы кабіны.

Капітан закрычаў: «Дзеля Бога, адчыні дзверы!» На заднім плане пачынаюць гучна крычаць пасажыры. У 10:35 зноў чутны «гучныя металічныя ўдары па дзвярах кабіны». У гэты час самалёт знаходзіцца на вышыні 7 000 метраў.

Праз 90 секундаў зноў гучыць аўтаматычнае папярэджанне па-англійску: «Terrain — Pull up — Pull up». Самалёт знаходзіцца на вышыні каля пяці кіламетраў. Капітан крычыць: «Адчыні праклятыя дзверы!»

У 10:38 лайнер на поўнай хуткасці набліжаецца да Альпаў (поўдзень Францыі), знаходзячыся на вышыні 4000 метраў. У кабіне пілотаў чуваць дыханне Любіца. Раней пракурор Марсэля Брыс Рабэн адзначаў, што, мяркуючы па стабільным дыханні, другі пілот быў здаровы.

Прыкладна ў 10:40 A320 кранае гару правым крылом, удар чутны на самапісцы. Затым чутныя крыкі пасажыраў. Гэта апошнія гукі на запісе.
 

A320 нямецкага лоўкостэра German Wings разбіўся на поўдні Францыі 24 сакавіка.
 

Пракурор Рабэн 26 сакавіка заявіў, што другі пілот Любіц паскорыў зніжэнне, калі быў у кабіне адзін. Паводле яго слоў, гэта магло быць зроблена толькі наўмысна.

tvrain.ru