Бенедыкт XVI. Хамід Карзай. Алан Гарсія
Бенедыкт XVI
Бенедыкт XVI
Па ўсёй Афрыцы праходзяць акцыі ў абарону Папы з-за
кампаніі, якая пачалася ў заходняй ліберальнай і левай прэсе. Дэтанатарам, як вядома, стала заява Папы ў час яго ваяжу па Афрыцы пра тое, што Святы Рым і далей застаецца праціўнікам практыкі
выкарыстання прэзерватываў. Такім чынам, як лічаць апаненты Папы, Касцёл даў санкцыю на пашырэнне маштабу эпідэміі СНІДу. Менавіта афрыканскія краіны, дзе каталіцызм дамінуе, з’яўляюцца
галоўнымі ахвярамі заразы. Аднак не ўсе згодныя з такім прысудам. Афрыканскія каталікі, якія выйшлі на вуліцы ў абарону Папы, прыводзяць цікавыя факты: у іх краінах прэзерватывы раздаюць даўно,
бясплатна, у вялікай колькасці і без згоды Касцёлу, аднак ніякага эфекту гэта практыка не дала. Усяму прычынай мясцовая культурная традыцыя, калі жонка ва ўсім падпарадкоўваецца мужу, у тым ліку і ў
інтымных адносінах. Акрамя таго, афрыканцы папросту адмаўляюць СНІД. Так экс-прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі заявіў, што СНІД — гэта прыдуманы імперыялістамі міф, сэнс якога
— маральна саслабіць Афрыку. Затое зніжэнне колькасці хворых на СНІД апошнім часам назіраецца ва Угандзе, дзе ўрад зрабіў стаўку на прапаганду сямейных каштоўнасцяў. Тут колькасць хворых на
СНІД, якая 15 гадоў таму складала 15 працэнтаў ад усіх грамадзян, скарацілася да шасці працэнтаў. Менавіта гэту лінію ў вайне з эпідэміяй і адстойвае Рым.
Хамід Карзай
Прэзідэнт Афганістану, саюзнік Захаду ў барацьбе з ісламскай
фундаменталісцкай групоўкай Талібан, стаў галоўным ворагам для прыхільнікаў жаночай эмансіпацыі. Феміністкі абвінавачваюць яго ў папулізме, заложнікамі якога сталі жанчыны. Каб атрымаць больш галасоў
на будучых выбарах, прэзідэнт падпісаў закон, які забараняе жанчынам выходзіць з дому без дазволу мужа. Выключэнне — паход на працу, да доктара або ў навучальныя ўстановы. Таксама закон
прадугледжвае пакаранне для тых жанчын, якія адмовілі свайму мужу ў сексе. Фактычна, на думку праваабаронцаў, такім чынам легалізуюцца згвалтаванні. Адна з дэпутатак афганскага парламенту назвала
прыняты закон «горшым, чым у часы Талібана». Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што законапраект прайшоў усе інстанцыі незвычайна хутка, што кажа пра яго лабіраванне. Між тым,
прадстаўнікі заходняга дыпламатычнага корпусу ў Кабуле кажуць, што закон не такі ўжо і рэакцыйны. Па-першае, ён тычыцца галоўным чынам аднаго з плямёнаў, якое заўсёды жыло па традыцыйнаму праву.
Па-другое, аўтарам удалося ўпісаць у закон вельмі важныя аспекты. Напрыклад, абмежаваць узрост, па дасягненню якога можна ўступаць у шлюб для дзяўчат (яны павінны мець 16 гадоў). Ужо тое, што
сямейныя адносіны выходзяць за межы традыцыйнага права, гэта вялікі прагрэс для Афганістану, кажуць прагматыкі.
Алан Гарсія
Кіраўнік ураду Перу падклаў бомбу пад стабільнасць міжнародных
адносін у рэгіёне. Ён запатрабаваў ад ураду Чылі перадаць пад суверэнітэт Перу 35 тысяч квадратных кіламетраў акваторыі Ціхага акіяну, якія належаць Чылі пасля ціхаакіянскай вайны 1879–1884
гадоў, у выніку якой Чылі захапіла частку тэрыторыі Балівіі. Праблема ў тым, што марскія межы паміж краінамі былі праведзеныя не ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпам, а папросту па геаграфічных
шыротах. Цяпер Перу патрабуе, каб межы былі перапісаныя адпаведна з міжнароднымі стандартамі. Чылі ўсе патрабаванні Гарсіі, натуральна, адмаўляе, спасылаючыся на нейкія дамовы пачатку 1950-х.
Аналітыкі лічаць, што Гарсія наўмысна гуляе ў нацыяналізм, каб заўчасна выбіць зброю з рук свайго галоўнага палітычнага канкурэнта — Альянта Умала, старшыні нацыяналістычнай партыі. Нечакана
крайняй у гэтым канфлікце аказалася Балівія. Калі Перу ініцыюе працэс перагляду межаў, пытанне вяртання Балівіі згубленага ў ХІХ стагоддзі выхаду да Ціхага акіяну будзе адкладзена на невядома які
час. Між тым, апошнім часам левыя ўрады абедзвюх краін быццам амаль дамовіліся пра арэнду аднаго з чылійскіх партоў пад базу для балівійскага флоту.