Беларусы ахоўваюць у Казахстане арсенал артылерыйскіх боепрыпасаў і ваенны аэрадром
Беларускія вайскоўцы з сіл АДКБ у Казахстане ахоўваюць артылерыйскі арсенал у пасёлку Вэнджай і ваенны аэрадром «Жэтыген».
Па словах намесніка камандуючага сіламі спецаперацый УС Беларусі Сяргея Андрэева, яны нясуць службу па кантракце, прыбылі добраахвотна, а да гэтага прайшлі працяглую падрыхтоўку і раней паказвалі гатоўнасць да выканання важных задач, піша REFORM.by.
Паводле інфармацыі камандзіра батальёна тактычнай групы УС Беларусі палкоўніка Сяргея Красоўскага, тэрыторыя ахоўваемага аэрадрома — 14 кіламетраў.
«Гэта перыметр. Узлётная паласа 3 кіламетры плюс прылеглая зона бяспекі. Ахоўваюць тэрыторыю толькі беларусы. Вось прама цяпер прылятае чарговая група з расійскага боку, калегі будуць выконваць пэўныя задачы. І тут мы павінны забяспечыць ім бяспечнае прызямленне, разгортванне і адбыццё», — распавёў ён.
Нагадаем, АДКБ заяўляла аб адпраўцы ў Казахстан парадку 2,5 тыс. вайскоўцаў, якіх называюць міратворчымі сіламі. Раней прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў запытаў дапамогу ў АДКБ, назваўшы тое, што адбываецца ў краіне, тэрарыстычнай атакай. Ад Беларусі ў Казахстан паляцела міратворчая рота са складу 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сіл спецыяльных аперацый.