Беларускія Каляды ў Варшаве
Беларусы Варшавы адсвяткавалі беларускія Каляды. Святочная імпрэза адбылася 20 снежня ў Беларускім доме ў Варшаве. Найвядомейшыя прыгожыя калядныя песні прагучалі па-беларуску пад беларускія гуслі!
Святочная і па-сапраўднаму сяброўская атмасфера панавала ў Беларускім доме ў Варшаве – беларусы Польшчы святкавалі Каляды. Святочны настрой стваралі калядныя песні, якія надзвычай прыгожа і мілагучна гучалі пад сапраўдныя беларускія гуслі, што не часта і ў Мінску пачуеш. А падаравалі такую магчымасць не хто іншы, як вядомы музыкант гурту «Стары Ольса» Алесь Чумакоў і спявачка Таццяна Ячная.
Алесь Чумакоў вядомы на Беларусі майстар-гусляр, які не толькі выдатна валодае гэтым інструментам, але і сам іх вырабляе. За 15 гадоў ён стварыў сваімі рукамі ўжо больш за 150 гусляў, на якіх граюць музыкі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. І гэтым разам ён радаваў прысутных гульнёй на інструменце, зробленым уласнымі рукамі. Гэта крылападобныя гуслі, якія былі распаўсюджаны на паўночных землях Беларусі, бліжэйшых да Балтыкі.
Удзельнікі вечарыны пачулі як сусветна вядомыя калядныя песні (Christmas Carols), без якіх ўжо немагчыма ўявіць сабе гэтыя святочныя дні – «Звон звініць» (Jingle Bells у перакладзе Алега Хаменкі), «Ціхая ноч» (Stille Nacht у перакладзе Наталлі Арсенневай, класіка нашай паэзіі), гэтак і іншыя знакамітыя калядныя спевы з усёй Еўропы ў перакладзе на беларускую мову, зробленых Наталляй Васілевіч, Максам Шчурам, Сяржуком Сокалам-Воюшам, Аляксеем Крукоўскім, Алегам Хаменкам.
Адмыслова да вечарыны Сяржук Сокалаў-Воюш зрабіў пераклад вядомай польскай каляднай песні 18-га стагоддзя «Слаўся наш Збаўца». З цікавостак прагучала любімая калядная песня Джэймса Бонда ў перакладзе Макса Шчура «Не будзем жаліцца».
Каляды – час цудаў, спадзяванняў, чакання радасці і святла. Час дарыць і атрымліваць падарункі!