Баскі вырашаюць усё
Каля году Іспанія не мае ўраду. Вынікі рэгіянальных выбараў, якія пройдуць заўтра, 25 верасня, могуць або дапамагчы краіне знайсці выйсце з тупіку, або, наадварот, дэтэрмінаваць непрадказальныя для яе лёсу працэсы.
Хаця галасаваць 25 верасня будуць баскі і галісійцы, асноўная ўвага прыцягнутая да выбараў у Краіне Баскаў. Няма сумневаў, што галоўную скрыпку ў новаабраным парламенце Краіны Баскаў будзе граць цэнтрысцкая Баскская нацыянальная партыя (PNV). На яе базе, хутчэй за ўсё, будзе фармавацца і рэгіянальны ўрад (увогуле, за ўсю гісторыю баскскай аўтаноміі толькі аднойчы краем руліў нехта іншы за PNV).
Аднак самастойна ў Іньіга Уркулью — лідара нацыяналістаў — гэта наўрад ці атрымаецца. Калі верыць сацыялогіі, партыя атрымае 27–28 мандатаў з 38 неабходных для ўрадавай большасці. Таму палітыку давядзецца шукаць кансенсус з фракцыямі іншых партый. Зараз, напрыклад, таксама не маючы большасці ў парламенце, PNV абапіраецца на падтрымку сацыялістаў.
Захаваць спайку з сацыялістамі ў будучым парламенце дакладна не атрымаецца. Папулярнасць мясцовага філіялу PSOE (Іспанская сацыялістычная рабочая партыя) скарацілася амаль удвая. Адпаведна, 8 мандатаў, якія, верагодна, атрымаюць сацыялісты, не выратуюць Уркулью. Праблему дэфіцыту галасоў давядзецца вырашаць за кошт кагосьці іншага. І тут заключаецца галоўная інтрыга баскскіх выбараў.
Акрамя PSOE і РNV, у парламент трапляюць кансерватары з Народнай партыі, левыя нацыяналісты з «Euskal Herria Вildu» («Адзінства краіны баскаў») і стракатая тусоўка радыкальных левых: камуністаў, феміністак, эколагаў пад назвай «Elkarrekin Podemos» — секцыя агульнаіспанскага руху «Podemos». Паколькі Народная партыя набірае таксама няшмат, застаецца «Вildu» і «Elkarrekin Podemos», а гэта публіка, мякка кажучы, вельмі экстравагантная, што ў выпадку прыходу яе да ўлады можа мець адпаведныя наступствы.
Напрыклад, партыя «Вildu» з’яўляецца нефармальным нашчадкам арганізацыі «Batasuna», якая не хавала, што з’яўляецца палітычнай вітрынай тэрарыстычнай нацыяналістычнай групоўкі ЕТА. Не дзіўна, што ў выніку «Batasuna» забаранілі, а дастаткова вялікі сегмент яе прыхільнікаў (прыкладна 15 працэнтаў баскскіх выбаршчыкаў) быў проста выключаны з палітычнага працэсу. Толькі ў 2012 годзе ім дазволілі зноў мець легальную партыю, якая, праўда, зараз асуджае баявыя сродкі ў барацьбе за незалежнасць. У прынцыпе, хапае плётак наконт таго, што за легалізацыю «Вildu» нацыяналісты ўзялі абавязак ціснуць на тэрарыстычнае падполле. Сапраўды, пасля выхаду «Вildu» на палітычную арэну, ЕТА апавяшчае пра сябе выключна ў фармаце заяваў і рэзалюцый.
Аднак мінулае «Вildu» дае пра сябе ведаць. Кандыдатам ад «Вildu» ў прэм’еры Краіны Баскаў названы Арнальда Атэгі — культавая фігура сярод нацыяналістаў, былы лідар «Batasuna», які толькі нядаўна быў выпушчаны з турмы, куды, дарэчы, трапіў «за гларыфікацыю тэрарызму». Абсалютна незразумела, як PNV без рэпутацыйных страт зможа весці дыялог з Атэгі. Зараз, праўда, суд пастанавіў, што Атэгі ўвогуле не можа балатавацца, аднак сітуацыю ў комплексе гэта не змяняе.
Будзе Атэгі ў парламенце ці не, урадавая дамова PNV з «Вildu» ўзмацняе цэнтрабежныя працэсы па ўсей Іспаніі. Так ці інакш, PNV будзе вымушана дапускаць у свой дыскурс тэзіс пра выхад Краіны Баскаў са складу Іспаніі. Звычайна Іньіга Уркулью і яго аднапартыйцы ў сваіх патрабаваннях не выходзяць за межы лозунгу пашырэння суверэнітэту краю, і ўвогуле піяраць сабе як партыю «моцных гаспадарнікаў». Палітолагі таксама баяцца, што кааліцыя з «Вildu» ўзмоцніць нацыяналістычныя колы ўнутры PNV, выклікае трэнд на сыход партыі направа.
Відавочна, што разам з урадам Каталоніі, дзе таксама верхаводзяць незалежнікі, Віторыя (сталіца баскаў) і Барселона могуць больш рашуча размаўляць з Мадрыдам. Важна адзначыць, што выбары 25 верасня пройдуць па слядах стотысячнай маніфестацыі сепаратыстаў у Барселоне, што адбылася 11 верасня. Гэта акцыя традыцыйна мабілізуе ўсіх крытыкаў цяперашняй мадэлі іспанскай дзяржавы.
Праблема таксама ў тым, што альтэрнатывы блоку з «Вildu» для PNV фактычна няма. Трэба мець фантазію Жуля Верна і Стывена Кінга, каб уявіць сабе кааліцыю з «Elkarrekin Podemos». «Elkarrekin Podemos» — увогуле сітуацыйнае аб’яднанне пад выбары 25 верасня, якое можа разваліцца ў любы момант.
Праўда, сваю справу гэтая групоўка ўжо зрабіла. Яны на галаву, калі верыць сацыялагічным апытанням, абышлі сацыялістаў. У праекцыі на нацыянальную сітуацыю гэта значыць, што «Podemos» захоўвае шансы стаць вядучай левай (чытай, галоўнай апазіцыйнай) партыяй у Іспаніі. Не выключана, што такі расклад рэалізуецца ўжо ў снежні, калі могуць прайсці чарговыя пазатэрміновыя выбары ў краіне. Гэта значыць, што Іспанія можа паўтарыць шлях Грэцыі, дзе пры ўладзе аб’яднанне SIRIZA — мясцовы аналаг «Podemos».
Магчымыя і іншыя варыянты будучага іспанскага ўраду. Аднак тут шмат будзе залежаць ад таго, у якім стане да снежаньскіх парламенцкіх выбараў падыдзе Народная партыя. Маючы большасць у парламенце, яе лідар Марыяна Рахой ужо двойчы не здолеў дамовіцца з іншымі партыямі наконт стварэння ўраду. Хапае тых, хто лічыць, што праблема ў самім Рахоі, які мае адмоўны імідж сярод тых жа лібералаў, якія быццам бы не супраць кааліцыі. Зрынуць Рахоя можа дапамагчы слабы вынік партыі ў Галісіі, якая лічыцца бастыёнам кансерватараў. У сваю чаргу, Рахою надзвычай важна прадэманстраваць, што пад яго кіраўніцтвам «народнікі» могуць здабываць салідныя электаральныя перамогі.