Барыс Акунін: Пра Трампа і трамплін

Пісьменнік Барыс Акунін «у дзень, які можа змяніць вельмі многае», разважае  пра тое, як амерыканскія выбары могуць паўплываць на будучыню ўсяго свету.

Барыс Акунін, 2012 год. Фота Dmitry Smirnov

Барыс Акунін, 2012 год. Фота Dmitry Smirnov

Дзіўна, вядома, думаць, што нейкія староннія людзі — пяць працэнтаў насельніцтва планеты — сёння вырашаць, што будзе далей з усімі намі. З Расіяй, з Украінай, з Ізраілем. А менавіта такія, відаць, будуць наступствы амерыканскіх выбараў.

Калі прэзідэнтам стане Трамп, усё пераменіцца, свет скокне з трампліна – і не выключана, што пераламае сабе косткі. Ва ўсякім разе каціцца па-ранейшаму не будзе. 

Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў безасабовага калектыўнага палітычнага decision-мейкінгу свет зноў вяртаецца ў архаіку, калі роля асобы ў гісторыі была гіпертрафаваная. Цяпер гэта можа адбыцца ўжо не на рэгіянальным узроўні (Лукашэнка — Пуцін — Кім Чэн Ын), а на глабальным. 

Калі чалавека з дурным чубам выберуць прэзідэнтам ЗША, ён стане самай важнай персонай планеты. Жах які!   

За апошні час у мяне было некалькі размоў з людзьмі з дзелавых колаў пра Трампа. Мяне ўстрывожыла вось што. Усе яны казалі прыкладна адно і тое ж: не люблю, не пераношу гэтага фігляра, але прагаласую за яго (ці, калі не грамадзянін ЗША – хачу, каб яго выбралі). Я злаваўся, спрачаўся, не разумеў. 

Днямі я прачытаў артыкул у «Таймс», дзе феномен Трампа вельмі добра і даходліва растлумачаны. 

Артыкул даступны толькі па платнай падпісцы, таму перакажу сваімі словамі. 

Аўтар, Эндру Саліван, піша, што ў яго на стале два тыдні праляжаў бюлетэнь для галасавання, які прыйшоў па пошце, і ён кожны дзень адкладаў гэтую паперку далей. «Я даўно вырашыў, што прагаласую за каго-заўгодна, толькі не за Дональда Трампа... Гэта брыдкі суб'ект, інстынктыўны тыран і карумпаваны нарцысіст, асоба, што не мае тармазоў».

А далей ідзе велізарнае «аднак». «Ён [Трамп] разумее тое, чаго пакуль не ўсвядомілі амерыканскія эліты, і, у адрозненне ад іх, кажа гэта на агульназразумелай англійскай мове». 

Байдэн згарнуў «мексіканскую праграму» Трампа — і нелегальная іміграцыя вырасла ў чатыры разы, захліснуўшы паўднёвыя штаты, піша Саліван.

З пункту гледжання звычайнага амерыканца, байдэнаўская адміністрацыя неверагодна пераціскае з рэжымам wokeness — ад урадавага ўзроўню да самага нізу. Расавыя і гендарныя крытэрыі пры найманні на працу значаць больш, чым дзелавыя якасці.

Падлеткаў ледзь не заахвочваюць да эксперыментаў з гендарнасцю ва ўзросце, калі чалавек яшчэ сам сябе не разумее. 

«Левыя трэнды» таксама заахвочваюцца і ўхваляюцца, што вядзе да распаўсюджвання антысемітызму, экалагічнага экстрэмізму, разбурэння вышэйшай адукацыі, да новай цэнзуры.

Па ўсіх гэтых пытаннях Трамп займае пазіцыю, якая ў многіх асацыюецца з «нармальным здаровым сэнсам».

У міжнароднай палітыцы Байдэн дапусціў вайну ва Украіне, на якую сыходзіць шмат амерыканскіх грошай, і крызіс у Газе. Трамп жа ўпэўнена заяўляе, што пры ім такога б не было. 

(Гэта не я так думаю і не аўтар артыкула – гэта пераказ грамадскіх настрояў). 

Глядзіце таксама

Адным словам, папулярнасць папуліста і дэмагога – прамое следства вострага крызісу, які перажывае ліберальны палітычны мэйнстрым, які нічому не навучыўся і толькі цешыцца ўсведамленнем сваёй маральна-інтэлектуальнай перавагі. 

У амерыканцаў адчуванне, што, калі выберуць Камалу Харыс, усё застанецца як ёсць, — а вельмі многія (ці не большасць?) не хочуць, каб усё засталося, як ёсць. І некаторыя, нават плюючыся, паставяць на Трампа, пры якім усё стане па-іншаму. 

Выбары, якія праходзяць сёння, ужо ў 2025 годзе могуць вельмі моцна змяніць свет. Зусім не факт (мякка кажучы), што пры перамозе Трампа свет стане лепш, але іншым свет дакладна стане. Гэта ўжо так думаю я, а не аўтар артыкула. І я нервуюся. Вы таксама нервуецеся.