Апошняя рэпетыцыя Пуціна

Сёння ў Расіі адбываюцца выбары рознага ўзроўню, якія ўсе палітсілы разглядаюць як апошнюю рэпетыцыю перад прэзідэнцкай кампаніяй 2018 года. Пра асаблівасці выбарчай гонкі і шансы апазіцыі распавядае піцерскі эколаг Ганна Раманенка.

 Фота www.kazanfirst.ru

 Фота www.kazanfirst.ru

— 10 верасня будуць абі­раць дэпутатаў рэгіянальных, мясцовых парламентаў, кіраўнікоў рэгіёнаў. У якім рэгіёне самая высокая палітычная тэмпература?

— Трэба прызнаць, што кампанія мала цікавіць выбаршчыка, перш за ўсё з улікам таго, што яна прыйшлася на сезон адпачынкаў. Медыя яе таксама ігнаравалі. Хіба што іх увагу прыцягнуў выпадак, калі адзін з кандыдатаў ад Кампартыі, як высветлілася, здымаўся ў порнастужках. Падставаў для электаральнай апатыі вельмі шмат. І, дарэчы, не апошнюю ролю тут адыграў сам Пуцін. Працэнтаў 70–80 так званай «Прамой лініі» — адказаў кіраўніка дзяржавы на пытанні насельніцтва — адводзіцца праблемам, што знаходзяцца ў сферы мясцовай улады. У мэтах піяру Крэмль намагаецца аператыўна рэагаваць на праблемы, узнятыя падчас шоу, што падрывае аўтарытэт мясцовага самакіравання.

— Наколькі актыўна ўдзельнічае ў выбарах антыпуцінская апазіцыя?

— Найбольш актыўна ад апазіцыі ўдзельнічае партыя «Яблоко». Яна вылучыла беспрэцэдэнтную для апазіцыйнай партыі колькасць кандыдатаў — каля тысячы чалавек у 125 раёнах Масквы. Акрамя таго, «Яблоко» вылучала сваіх кандыдатаў і на губернатарскіх выбарах, аднак ніхто з іх не быў дапушчаны да выбараў. Што тычыцца іншых, то яны, як правіла, пасіўныя. Ёсць тут і аб’ектыўныя падставы. З нядаўняга часу больш жорсткімі сталі патрабаванні для штабоў кандыдатаў. Сустрэчы кандыдатаў у дварах цяпер прыроўненыя да мітынгаў, і іх неабходна ўзгадняць з уладамі. Кандыдата могуць зняць з дыстанцыі, калі ў агітацыйнай прадукцыі надрукаваныя матэрыялы без згоды іх аўтара. То бок весці кампанію цяпер тэхнічна больш складана.

— Такая пасіўнасць апазіцыі дзіўная, бо хутка выбары прэзідэнта. Няўжо восеньскія выбары — не добрая нагода, каб абкатаць нейкія тэхналогіі, раскруціць лідараў?

— Менавіта хуткімі выбарамі прэзідэнта і тлумачыцца абыякавасць партструктур. Лагічней мабілізаваць рэсурс і актыў на выбары, за якімі сочыць уся краіна. Акрамя таго, ніхто не ведае, якой будзе канфігурацыя ўвесну, з якімі лозунгамі пойдзе на іх кандыдат ад улады.

— Апазіцыя не здолела аб’яднацца на мясцовыя выбары ўвосень 2017-га. Ці здолее яна знайсці агульную платформу пад адзінага кандыдата ў прэзідэнцкай кампаніі?

— Пакуль лідары апазіцыі не знайшлі агульнай мовы наконт прозвішча адзінага кандыдата. Адным больш сімпатычны Яўлінскі, а іншым — Навальны. Каб не паглыбляць спрэчкі, вырашылі вярнуцца да пытання «адзінага» пасля 10 верасня. Праўда, зараз яшчэ больш пытанняў. ЦВК катэгарычна заявіла, што ў Навальнага праз наяўнасць судзімасці няма ніякіх шанцаў зарэгістравацца ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. З іншага боку, фігура Яўлінскага малавядомая сярод маладых расіян. Пытанне адзінага кандыдата застаецца адкрытым, хаця часу няшмат — ужо напачатку снежня трэба падаваць дакументы на рэгістрацыю.

— Ці былі выкарыстаныя падчас цяперашняй мясцовай кампаніі нейкія незвычайныя выбарчыя тэхналогіі?

— Былі, аднак выключна для таго, каб прыцягнуць выбаршчыка на ўчасткі. Так, на старонках «ВКонтакте» з'явіўся дадатак «Разам на выбары». Дадатак прапануе зарэгістравацца і пакінуць нейкую інфармацыю пра сябе. Пасля рэгістрацыі карыстальніку прапануюць фотаздымкі іншых зарэгістраваных — з прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. Калі нехта з іх вам візуальна спадабаўся, можна даслаць яму запрашэнне. У выніку праявы ўзаемнай сімпатыі 10 верасня можна разам зрабіць рамантычны паход да выбарчай скрыні… Складаецца ўражанне, што менавіта на ўздым яўкі працуе ўся вертыкаль. У мінулым годзе была зарэгістраваная самая нізкая яўка на федэральных выбарах у сучаснай расійскай гісторыі, і ўлада яўна непакоіцца, што тэндэнцыя захаваецца і на выбарах 2018-га.

— Якія вынікі галасавання 10 верасня прагназуюцца?

— Уладная партыя — фаварыт, паколькі змяніла тактыку. Прынамсі, у вялікіх гарадах большасць сяброў «Адзінай Расіі» ідуць як незалежныя кандыдаты. Паколькі «адзінаросы» трымаюць пад кантролем усе выбарчыя і падліковыя камісіі, а таксама здольныя прымусіць галасаваць бюджэтнікаў, іх перамога, у прынцыпе, прадказальная. Нешта таксама перападзе прадстаўнікам лаяльнай апазіцыі і, магчыма, кандыдатам ад «Яблока». Плюс, напэўна, у парламенты запусцяць гаваркіх папулістаў, каб дыскрэдытаваць альтэрнатыўны пункт гледжання.

— Ці не сведчыць усё больш прыкметная абыякавасць электарату пра крызіс выбарчай сістэмы, якая патрабуе новага, больш дэмакратычнага фармату?

— З тым, што перамены непазбежныя, пагаджаюцца шматлікія каментатары. Аднак калі рэформы і будуць, то, у лепшым выпадку, у 2019 годзе. Справа ў тым, што наступны год абяцае быць вельмі складаным для Крамля. Увесну нас чакаюць выбары прэзідэнта, а ўвосень — выбары мэра Масквы, якія пройдуць на фоне запуску непапулярнай праграмы рэнавацыі жыллёвага фонду. Праўда, дасюль у вертыкалі хапае аматараў вырашаць крызіс даверу да выбараў медыкаментознымі сродкамі, то бок абмежавацца фармальнымі зменамі. Напрыклад, праводзіць галасаванне ў працоўны дзень, які абвясціць выходным. Фішка ў тым, што людзі, маўляў, на знак падзякі ўладзе за лішні выходны, абавязкова кінуцца галасаваць — прычым, як трэба. Як бачым, улада збіраецца да канца трымацца за цяперашнюю выбарчую формулу.