Адрадзіць Канфедэрацыю
Вайна вакол помнікаў удзельнікам Грамадзянскай вайны ў ЗША рэанімавала цікавасць да праектаў адраджэння Канфедэрацыі Штатаў Амерыкі (CSA) — так называлася рабаўладальніцкая дзяржава Поўдня.
Каб зразумець прычыну таго, што ў ЗША дасюль хапае дзівакоў, якія носяцца з праектам CSA, дастаткова пераглядзець славутую экранізацыю «Знесеных ветрам». Фільм пачынаецца з закадравага тэксту: «Была калісьці на свеце краіна майстэрскіх наезнікаў і баваўняных палёў. Называлася яна Старым Поўднем. Там у дзівосных кутках застыла ў развітальным паклоне сама галантнасць. Там жылі адважныя рыцары і прыгожыя дамы…».
Менавіта такі ідэалістычны вобраз Поўдня напярэдадні Грамадзянскай вайны склаўся ў значнай часткі белых амерыканцаў. Усё дзякуючы папулярнасці ў грамадскай думцы рэвізіянісцкай канцэпцыі Lost Cause (Страчаная справа), што паўстала на пачатку мінулага стагоддзя. Паводле аўтараў ідэі Lost Cause, паўднёвыя штаты сталі ахвярай Поўначы, якая не прабачыла тубыльцам іх арыстакратычны лад жыцця. Цікава, што ў свой час у рух Lost Cause ахвотна ўключаліся некаторыя феміністкі. На прыкладзе жанчын з Поўдня, якія падчас вайны ў тыле бралі на сябе функцыі мужчын, яны даводзілі права на гендэрную роўнасць.
І, натуральна, выключна ідэалізацыяй мінулага справа не абмежавалася. Калі ў Канфедэрацыі было ўсе так файна, паўстае лагічнае пытанне: чаму б яе ні адрадзіць? Заклік адрадзіць Канфедэрацыю цяпер можна сустрэць у маніфестах шматлікіх правых арганізацый ЗША. На іх інтэрнэт-старонках можна нават пабачыць мапы будучай дзяржавы, якая цягнецца ад мяжы з Каліфорніяй да Атлантыкі. Некаторыя арганізацыі ўжо зараз надаюць сваім актывістам тытулы генералаў арміі новай Канфедэрацыі.
Што можа атрымацца, калі мары так іх людзей здзейсняцца? Часткова адказ на гэта пытанне дае псеўдадакументальны фільм «Канфедэратыўныя Штаты Амерыкі» (C.S.A.: The Confederate States of America), што выйшаў на экраны ў 2004 годзе. У фільме, знятым у стылі альтэрнатыўнай гісторыі, паказаная Амерыка, у якой Канфедэрацыя атрымала перамогу ў Грамадзянскай вайне.
Як бы выглядала ў такім разе Амерыка? На думку стваральнікаў стужкі, магла б захавацца рабаўладальніцкая сістэма (гэта толькі дапамагае эканоміцы, паколькі ў выпадку крызісу заўжды можна прымусіць рабоў працаваць больш). У канфедэратыўнай Амерыцы працавалі б законы расавай чысціні, паводле якіх кожны чыноўнік павінен быў прайсці праверку на адсутнасць афрыканскай крыві.
Парушальнікаў чакала б жудаснае пакаранне. Аўтары фільму мадэлююць скандал, калі адзін з найбуйнейшых палітыкаў-кансерватараў быццам бы апынуўся пад падазрэннем — у яго крыві знайшлі нейкі адсотак крыві рабыні, што належала яго прадзеду. І хоць палітык заяўляў, што яго прадзед «не меў сэксуальных зносін з гэтай жанчынай», тое не выратавала яго ад паразы на выбарах і вымушанага акту суіцыду.
Самі «канфедэратаманы» ўспрынялі прадукцыю рэжысёра стужкі Кевіна Уілмата як брудную пародыю на іх ідэал. Гледзячы па іх тэкстах, аднаўляць рабаўладанне яны не збіраюцца і гатовыя задаволіцца вяртаннем да часоў сегрэгацыі — практыкі абмежавання грамадзянскіх правоў афраамерыканцаў, што дзейнічала прыкладна да часоў прэзідэнцтва Джона Кенэдзі.
Увогуле, тэму рабства аматары CSA намагаюцца не чапаць. На першае месца ў іх прапагандзе выходзіць патрабаванне шырокай аўтаноміі рэгіёнаў у галіне культурнай ды ў фіскальнай палітыцы. Такі падыход дазваляе разглядаць аматараў Канфедэрацыі як адну з фракцый кансерватыўнага руху ў Злучаных Штатах, якая заўжды выступала супраць дыктату федэральнага цэнтру.
Натуральна, узнікае пытанне: якім чынам аднавіць тую Канфедэрацыю? Нават самыя вялікія фанатыкі Канфедэрацыі пагаджаюцца, што прававым шляхам рэанімаваць былую дзяржаву немагчыма. Цяжка ўявіць, каб нейкі федэральны ўрад дазволіць рымейк падзей студзеня 1860-га года, калі ўсяго за два тыдні кангрэсы пяці штатаў прынялі пастановы аб выхадзе са складу Саюзу.
Немагчымы і фармат нейкага пераможнага паўстання. Таму на інфармацыйных рэсурсах праварадыкалы заклікаюць рабіць стаўку на папулярызацыю паўднёвага ладу жыцця, што грунтуецца на кансерватыўных каштоўнасцях накшталт забароны гей-шлюбаў. Паводле разлікаў аматараў гэтай стратэгіі, у перспектыве такія забабоны будзе вызнаваць і палітычная эліта. Паспяховым прыкладам можа быць нядаўняя ініцыятыва аднаго з парламентароў Фларыды афіцыйна адзначаць дзень памяці жаўнераў Канфедэрацыі, якія загінулі ў вайне з Паўночнымі штатамі.
Ёсць іншая думка, адэпты якой заклікаюць кінуць усе намаганні на падтрымку сепаратысцкіх рухаў у Тэхасе і Каліфорніі. Калі гэтыя вельмі буйныя штаты дамогуцца незалежнасці, паўстане прэцэдэнт, якім могуць скарыстацца паўднёвыя тэрыторыі. Нарэшце, у кантэксце апошніх падзей з’явіўся прагноз, паводле якога Трамп у хуткім часе збяжыць з Вашынгтону, дзе яго ўсе ненавідзяць, каб стварыць нейкі свой урад на лаяльным яму Поўдні. Пачнецца супрацьстаянне перыферыі з цэнтрам, што, маўляў, і будзе пралогам рэстаўрацыі Канфедэрацыі.
Усё гэтыя сцэнары пакуль гучаць як фантастыка. Тым не менш нейкія спробы актуалізаваць ідэю Канфедэрацыі ў палітычным хаосе, што сёння назіраецца ў Злучаных Штатах, напэўна, магчымыя.