АБСЕ патрабуе ад Расіі тлумачэнняў пра войскі ля ўкраінскай мяжы

Дзяржавы АБСЕ склікалі пасяджэнне, на якім будуць патрабаваць тлумачэнняў Расіі з прычыны канцэнтрацыі войскаў на мяжы з Украінай. Пра гэта паведаміла прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у арганізацыі, перадае Свабода.

images_122.jpg

«На запыт Украіны дзяржавы АБСЕ сустрэнуцца у 4:00, каб патрабаваць тлумачэння ад Расіі па канцэнтрацыі вайсковай сілы на мяжы з Украінай і ў акупаваным Крыме. Гэты запыт на інфармацыю адпавядае Венскаму дакументу і грунтуецца на надзеі знізіць рызыку канфлікту», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Вашынгтону.
30 сакавіка галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Руслан Хомчак паведаміў, што Расія пад выглядам падрыхтоўкі да стратэгічных вучэнняў «Захад-2021» сцягвае з усёй тэрыторыі тактычныя групы да ўсходніх межаў Украіны. У Крамлі заявілі, што перамяшчэнне расійскай арміі па тэрыторыі Расіі не павінна выклікаць непакой іншых краін, у прыватнасці Украіны.
Заходнія саюзнікі Украіны выказалі ёй сваю падтрымку. У прыватнасці, 2 красавіка адбылася тэлефонная размова прэзыдэнтаў ЗША і Украіны Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага. Паводле паведамлення Белага дому, «прэзідэнт Байдэн пацвердзіў непахісную падтрымку ЗША суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ва ўмовах агрэсіі Расіі на Данбасе і ў Крыме».
Пазней вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль таксама запэўніў улады Украіны «ў непахіснай падтрымцы ЕЗ» на фоне агрэсіі з боку Расіі.
Падтрымку Украіне на тле падзей на мяжы і на Данбасе выказалі таксама ў NATO.