50 гадоў Уотэргейцкаму скандалу. Дасье ў карыкатурах
Роўна 50 гадоў таму ў Злучаных Штатах пачаўся Уотэргейцкі скандал, які скончыўся адстаўкай прэзідэнта краіны Рычарда Ніксана.
Амерыканскімі палітолагамі Уотэргейт названы «самым сур'ёзным палітычным крызісам мірнага часу ў гісторыі Амерыкі». А пачалося ўсё з таго, што ў траўні-чэрвені 1972 года, за чатыры месяцы да выбараў прэзідэнта, група асоб, звязаных з камандай Ніксана, арганізавала аперацыю па ўстаноўцы падслухоўвальнай апаратуры ў штабе яго саперніка ад партыі дэмакратаў. Гэты штаб размяшчаўся ў вашынгтонскім комплексе «Уотэргейт». Неўзабаве адзін з жучкоў зламаўся і яго вырашылі замяніць, паўторна пракраўшыся ў офіс. Аднак гэтым разам узломшчыкаў злавілі ахоўнікі. Гэта здарылася 17 чэрвеня.
Зрэшты, спачатку інцыдэнт не паўплываў на палітычны расклад. Увосень Ніксан трыумфальна выйграў выбары. Сімвалам трыумфу Ніксана стаў яго славуты жэст — два пальцы ўверх на паднятых руках.
Сапраўдны скандал выбухнуў у пачатку 1973-га, калі стартаваў суд над узломшчыкамі, якія пракраліся ва «Уотэргейт». Спроба выставіць падсудных звычайнымі рабаўнікамі не вытрымлівала ніякай крытыкі. Больш за тое, неўзабаве высветлілася, што тэхнічным арганізатарам праслухоўвання быў кансультант Белага дома. Тое, што сляды злачынства вядуць у Белы дом, тут жа стала папулярным сюжэтам для твораў карыкатурыстаў.
У красавіку 1973 года ў сувязі са скандалам былі вымушаныя падаць у адстаўку кіраўнік упраўлення справамі прэзідэнта, затым дарадца прэзідэнта па ўнутранай палітыцы і неўзабаве — нават генеральны пракурор ЗША. Пазней чарга дайшла да віцэ-прэзідэнта. Па сутнасці, усе галоўныя работнікі ніксанаўскай адміністрацыі аказаліся ўдзельнікамі скандалу, што арыгінальна праілюстраваў мастак часопіса The Time.
Але гэта, як аказалася, была толькі ўверцюра. Па ходзе допытаў чыноўнікаў раптам стала вядома аб існаванні запісаў, якія дакументуюць гутаркі Ніксана з блізкім атачэннем. Аднак Ніксан адмовіўся прадставіць матэрыялы, запісаныя ў Авальным кабінеце, спасылаючыся на прывілеі выканаўчай улады перад заканадаўчай. Гэта трук арыгінальна графічна пракаментаваў адзін з мастакоў. На яго малюнку кангрэс ідзе пад суровым кантролем тайных агентаў — падобныя на Ніксана сябры выканаўчай улады. Так ці інакш, спрэчка з парламентарыямі адмоўна адбілася на аўтарытэце прэзідэнта. Насельніцтва адкрыта пачало падтрымліваць імпічмент.
5 жніўня 1974-га адбылася развязка. Стаў вядомы змест стужак, якія былі запісаныя 23 чэрвеня 1972 года, усяго праз некалькі дзён пасля інцыдэнту ў Уотэргейце. На іх Ніксан абмяркоўвае з кіраўніком свайго апарата Уотэргейцкую гісторыю, разважаючы, як перашкодзіць расследаванню. Пасля стала несумнеўным, што прэзідэнт ад самага пачатку падзеяў спрабаваў перашкодзіць правасуддзю. Імпічмент стаў непазбежным.
Увечары 8 жніўня Ніксан, пазбавіўшыся ўсіх саюзнікаў і перад абліччам немінучага імпічменту, абвясціў у тэлевізійным звароце, што сыходзіць у адстаўку. Прэзідэнцкае крэсла засталося пустым, хоць, калі верыць малюнку аднаго мастака тых часоў, крыху запэцканым.
Такі быў фінал Уотэргейта. Але яго ўплыў на ўсю глабальную палітычную культуру цяжка пераацаніць. Па-першае, ён узняў статус СМІ, якія адыгралі галоўную ролю ў расследаванні. Як адзначаў адзін тагачасны палітолаг, «прэса фактычна зрабіла тое, што да гэтага часу не ўдавалася ніводнаму асобна ўзятаму інстытуту, групоўцы або камбінацыі інстытутаў у амерыканскай гісторыі — пазбавіць пасады прэзідэнта». Але самае галоўнае — прэцэдэнт адстаўкі прэзідэнта пад ціскам грамадскасці. Не дзіўна, што слова «Уотэргейт» увайшло ў палітычны слоўнік многіх моў свету ў значэнні скандалу, які вядзе да краху кар'еры кіраўніка дзяржавы. З улікам таго, што падобныя скандалы адбываюцца амаль рэгулярна, «Уотэргейт» будуць памятаць заўжды.
У тым ліку таму, што на карыкатурах палітыка, які трапіў у скандал, часцяком прынята маляваць са славутым жэстам Ніксана. Напрыклад так было з Трампам, якога хацелі адправіць у адстаўку праз скандал аб умяшанні Расіі ў выбары прэзідэнта ЗША