«Трава на стадыёне не расце, бо глеба прасякнутая крывёю»

Што будзе з афганскім футболам, асабліва з жаночым, пры «Талібане»?

81158004a11ecb3bfbb5315d3152d.jpeg

Маладому Закі Анвары не пашанцавала. Яго паніка была такой ўсёабдымнай, што, імкнучыся ўцячы за мяжу, ён у ліку іншых уцекачоў наўпрост учапіўся ў шасі узлятаючага самалёта. Вядома, гэта было пагібельнае рашэнне.

Набраўшы вышыню, «Боінг» звыкла прыбраў колы. Уцягнутыя ў шасійны адсек пазапланавыя «пасажыры» загінулі там ад недахопу кіслароду. Пры пасадцы ў Досе цела Закі Анвары яшчэ і добра пашаткавала самалётавымі рэдуктарамі — апазналі хлопца толькі праз некалькі дзён.

І сталася так, што Закі Анвары не проста шараговы жыхар Кабула, а яшчэ і футбаліст. Профі: гуляў за зборную Афганістана — ці юніёрскую, ці маладзёжную. Як гуляў — цяпер гэта ўжо няважна. Цікава іншае: калі з Афганістана бягуць нават футбалісты, то што ж чакае ўвогуле футбол у краіне перамоглага шарыяту? Яго «нармалізуюць» з улікам найноўшых рэалій? Забароняць — як ідэалагічна шкодны занятак? Ці, можа, не крануць наогул?

Першая «кадэнцыя»

Адразу варта зазначыць, што пад татальную забарону гульня нумар адзін наўрад ці патрапіць. Нават пры такім цемрашальскім рэжыме футбол ратуе яго сусветная папулярнасць. Талібам лёгка табуяваць, скажам, шахматы — а таксама музыку, тэлебачанне, інтэрнэт і шмат якія іншыя згубныя заходнія забаўкі. Футбол жа межаў не мае, і гульню Мэсі ці Грызмана з аднолькавым імпэтам глядзяць усюды: і ў Барселоне з Нью-Ёркам, і ў пясках Сахары, і на афганскіх узгор’ях Гіндукуша. І талібы густ да гульні маюць, і гэтага дастаткова, каб вывесці яе з-пад грыфу «Харам».

rue1a1ac561c6.jpg

Прынамсі, так было ў першую «кадэнцыю» «Талібана» — у 1996-2001 гадах, калі пуштунскія ісламісты кіравалі Афганістанам. Тыя часы вельмі добра памятаюць муры кабулскага стадыёна «Газі» — найбуйнейшага ў краіне.

На «Газі» тады гулялі актыўна — цэлы шэраг футбольных каманд, якія талібы не проста дазвалялі, але і падтрымлівалі (фінансава і як заўзятары).

«Талібы выдавалі нам зарплату і цалкам аплачвалі нашы выдаткі, — гаварыў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» футбаліст клуба «Сабаун» Мухамед Ісак. — Мы маглі ўтрымліваць свае сем'і і працягваць гуляць у футбол. Талібанскія вайскоўцы рабілі на нас стаўкі (хоць азартныя гульні забараняліся законамі шарыяту, яны ставілі аўтамабілі, зброю і дамы). А пасля матчаў мы глядзелі фільмы ў доме таліба, які нас наняў».

Але быў у таго футбола і адваротны бок. У вольны ад матчаў час стадыён «Газі» выкарыстоўваўся для іншых — больш утылітарных — патрэб. Там праводзіліся пакаранні і экзекуцыі для ідэйных ворагаў рэжыму: іх забівалі да смерці камянямі ці наносілі розныя калецтвы.

«Пасярод поля стаяла нейкая дзежка, — узгадвае Мухамед Ісак. — Калі падчас трэніроўкі я яе адкрыў, то ўбачыў, што там ляжала шэсць адрэзаных рук». У той час у Кабуле лічылася, што трава на стадыёне «Газі» не расце — і менавіта з той прычыны, што глеба прасякнутая крывёю пакараных.

ruedb33a2ac45.jpg

Але ж неяк жылі, неяк гулялі. Зразумела, што афганскі футбол цягам той пяцігодкі для сусветнай супольнасці юрыдычна не існаваў — як і ўвогуле з сярэдзіны 80-х. Краіну трэслі войны: то прыходзілі савецкія «інтэрнацыяналісты», то затворамі шчоўкалі маджахеды, то ўладарылі талібы. Як следства, з 1984 па 2003 год нацыянальная зборная Афганістана не правяла аніводнага афіцыйнага матча.

Афганскі сокер

Усё змянілася са з'яўленнем амерыканцаў. Дваццаць гадоў пад іх патранажам у шырокім разрэзе і агульным сэнсе хай даследуюць спецыялісты. Футбалісты ж двух меркаванняў не маюць — нарэшце іх справа стала афіцыйна прызнанай і для іх адчыніліся дзверы ў свет.

Хай не адразу, а толькі ў 2012-м, у Афганістане пачаў праводзіцца нацыянальны чэмпіянат. Прычым аздоблены ён быў так, што не грэх падзівіцца і беларускаму даследчыку. Напрыклад, у краіне заснавалі Прафесійную футбольную лігу — самастойную юрыдычную асобу, якую дагэтуль цяжка ўявіць у скрозь цэнтралізаванай Беларусі. Тытульным спонсарам афганскай ПФЛ стала буйная тэлекамунікацыйная карпарацыя «Рошан». Афіцыйнымі партнёрамі турніру пагадзіліся быць «Міжнародны банк Афганістана» і кампанія «Hummel International» — вытворца спартыўнай экіпіроўкі з галоўным офісам у Даніі.

afganistan03_pgvd.jpg

Прысутнасць футбола ў кожнай афганскай кватэры і ў кожным кішлаку забяспечыла прыватная медыягрупа «Moby Group», якая набыла правы на трансляцыі ўсіх матчаў чэмпіянату ў наўпроставым эфіры. У дадатак гульні актыўна асвятлялі на радыёстанцыях «Arman FM» і «Arakozia FM», а таксама ў інтэрнэце.

У чэмпіянаце ўдзельнічалі восем клубаў. З агульнага гледзішча, няшмат, але ж усё пазнаецца ў параўнанні. Саспеўшы да футбола арганізацыйна і камерцыйна, Афганістан сутыкнуўся з кадравымі цяжкасцямі. Простай мовай: у краіне моцна бракавала ўласна гульцоў.

Дэфіцыт быў такі, што нацыянальная федэрацыя, якая аднавіла сваю дзейнасць, пагадзілася на ўнікальны экспромт. Футбалістаў для васьмі каманд вырашылі набіраць з дапамогай адмысловага рэаліці-шоу на тэлебачанні. У нас гэта б назвалі «па аб’яве».

Нічога дзіўнага, зрэшты, у тым не было. За гады вайны і потым пад уладай талібаў футбол як індустрыя у Афганістане прыйшоў у татальны заняпад. Не было не тое што дзіцяча-юнацкіх школ — не было элементарных умоў, каб ганяць мяч. Часта не было і мяча.

«Дзеці ў лахманах штурхалі нагамі лусту ануч — гулялі ў футбол. На згарэлым савецкім танку, нібы вароны, сядзелі старыя», — пісаў пра тагачасны афганскі сокер пісьменнік Халед Хасейні. У Афганістане многа дзяцей, але мала дзяцінства — так гучыць мясцовая народная прыказка.

Сапраўды, які тут футбол — разабрацца б з пачатковай адукацыяй.

Зборная інтэрнацыяналістаў

Цікава, што зборную за амерыканскім часам сабраць аказалася нашмат лягчэй. Тут ужо рэаліці-шоу не спатрэбіліся. На дапамогу прыйшлі спагадлівыя эмігранты з усяго свету.

Шарыф Хамаюні Мухамад нарадзіўся і вырас у расійскай Махачкале. Бацька з’ехаў з роднага Кабула падчас вайны з СССР ды з часам ажаніўся з савецкай дзяўчынай. Іх сын стаў футбалістам, гуляў за дагестанскі «Анжы», потым — за шведскую «Эскільстуну», выступаў на Кіпры і на Мальдзівах. Зараз Шарыф — абаронца індыйскага клуба «Гекулам Керала» і адзін з вядучых гульцоў зборнай Афганістана.

Абараняць футбольны гонар радзімы Шарыфа паклікаў Ануш Дастгір — таксама чалавек няпростага лёсу. Пасярод 90-х разам з бацькамі ён эміграваў у Пакістан, потым рос у Індыі, пакуль не патрапіў у Нідэрланды, дзе і захапіўся футболам і нават гуляў за элітны клуб «НЕК» з Неймегена. Цяпер гэты 31-гадовы хлопец — галоўны трэнер зборнай Афганістана.

rue7e375ff5a0.jpg

Усё гэта — тыповыя гісторыі складанага генэзісу афганскага футбола, у якім натхняльнае часта спалучаецца з трагічным.

Брамнік Авайс Азізі навучыўся рабіць эйсы ў спакойнай Даніі — пасля таго, як падчас грамадзянскай вайны талібаў з маджахедамі былі забітыя яго бацька, дзядуля і бабуля, а гераічная маці здолела з пяццю дзецьмі перабрацца ў Іран.

Абаронца Захіб Іслам Аміры вучыўся футболу на вуліцы, пхаючы самаробны мяч, скручаны з анучаў. Яскравы ўспамін яго дзяцінства мае ўскоснае дачыненне да любімай гульні: ён на ўласныя вочы бачыў тыя самыя публічныя пакаранні смерцю, якія ладзілі талібы на стадыёне «Газі». Ад гэтых відовішчаў хлопец з’ехаў гуляць у Індыю. Зараз працягвае кар’еру на сонечных Мальдзівах.

І гэтак далей, і гэтак далей… Занурыся ў біяграфію ці не любога афганскага гульца — і праз радкі праступіць усё тое ж: вымушаная эміграцыя, блуканне па свеце і нарэшце доўгачаканая аселасць дзесьці ў мірным жыцці, у мірнай, хаця і чужой, краіне. Англія, Нідэрланды, Данія, Германія, Польшча, Швецыя, Фінляндыя, ЗША, Канада, Аўстралія — і так па самы Бангладэш. Куды толькі ні ступала нага афганскага футбаліста ў пошуках лепшай долі.

Што цягне гэтых хлопцаў у зборную, куды трэба ляцець цераз паўзямлі? Ды вядома што: згуляць за радзіму — спрадвечны інстынкт патрыёта. Хай нават тая зборная на вялікія дасягненні ніколі не прэтэндавала — і ніколі не трапляла на топ-турніры, кожны раз захрасаючы ў павуцінні кваліфікацыі. У сусветным рэйтынгу ФІФА каманда Афганістана займае толькі 153 радок, адкуль турнірныя вяршыні зусім не праглядваюцца. Аднак атрымліваць асалоду ад выступу за нацыянальны прэстыж гэта не перашкаджае.

Дарэчы, гуляць за радзіму і гуляць на радзіме — у афганскім выпадку не адно і тое ж. Праз няспынную тэрарыстычную пагрозу праводзіць матчы ў Кабуле небяспечна, і часцей за ўсё зборная горнай краіны прымае супернікаў на нейтральнай тэрыторыі — у Катары альбо Таджыкістане. Але здараюцца і прыемныя выключэнні — як у 2018-м, калі афганцы сустрэліся ў таварыскай гульні з Палесцінай. На стадыёне «Газі» — тым самым, дзе з-за крыві не расце трава, — не было дзе ўпасці яблыку.

«Гэта было зроблена для народа. Яны мала што бачаць у сваім жыцці. Для народа гульня зборнай — сапраўднае свята. Стадыён быў бітком, людзі стаялі нават па-за яго межамі», — распавёў потым Шарыф Хамаюні Мухамад. І вычарпальна дадаў наконт агульнай абстаноўкі: «Аднойчы мы прыляталі ў Кабул на сустрэчу з прэзідэнтам краіны. Засяліліся ў гасцініцу рана, гадзіне а 6-й раніцы. Я думаў крыху паспаць, але, як толькі прылёг, пачуў страшны выбух. У некалькіх кіламетрах ад нашага гатэля адбыўся тэракт, у выніку якога загінулі шмат людзей. Жыццё ў Афганістане вельмі цяжкае. Краіна на працягу столькіх гадоў знаходзіцца пад ціскам, ёй цяжка прыйсці ў сябе. Без вялікай патрэбы туды ляцець не варта».

Дык што далей?

Пытанне, што будзе з афганскім футболам пры талібах, адначасова складанае і простае. Складанае, бо невядома, што дазволяць насельніцтву барадатыя ўзброеныя дзядзькі, а за што будуць біць палкамі. Простае — бо ёсць адзін аспект, які абяцае стаць беспамылковым індыкатарам.

Сёння «Талібан» заяўляе голасам сваіх афіцыйных прадстаўнікоў, што строгія фетвы шарыяту засталіся ў мінулым. Што новае жыццё будзе досыць свецкім, старыя грахі скасуе амністыя, а жанчынам дазволяць працаваць і атрымліваць адукацыю. Гучыць нядрэнна, як кажуць у галівудскіх фільмах. Праблема ў тым, што абяцанням, якія даюць спрадвечныя артадоксы, тамтэйшы люд не надта верыць. І, прынамсі, у кропкавых выпадках мае рацыю — бо з розных куткоў краіны прыходзяць навіны пра жорсткасць талібаў, якая нікуды не дзелася. То кагосьці яны паб'юць за неналежныя паводзіны, то кагосьці ўвогуле расстраляюць — за супрацу з праамерыканскай адміністрацыяй.

4c1849f8a301e3fb9e50a0208ab89809.jpg

Што да футбола, то відавочны індыкатар яго будучыні ў мяцежным Афганістане палягае, як ні дзіўна, у жаночым чынніку. Калі талібы прызнаюць права дзяўчат не толькі сядзець дома ў паранджы, а і забіваць галы, то Міжнародная федэрацыя (ФІФА), хутчэй за ўсё, будзе з імі супрацоўнічаць. І тады афганскія зборныя застануцца ў календары адборачных турніраў першынства свету і чэмпіянату Азіі, а клубы распачнуць чарговы сезон. Калі ж не, то, мабыць, сітуацыя адкоціцца на дваццаць гадоў назад — да нерэгламентаваных спарадычных гульнішчаў дзеля пацехі гаспадароў жыцця.

Справа ў тым, што ФІФА ў апошнія гады надае надзвычайную ўвагу гендарнаму раўнапраўю і адпаведным чынам, ледзьве не дырэктыўна, стымулюе развіццё жаночага футбола ва ўсіх рэгіёнах. Пад уплывам Цюрыха дзявочы гульняцкі віскат ужо чуваць нават там, дзе эмансіпацыя яшчэ ўчора і не ночыла. Кансерватыўныя Саудаўская Аравія, Іран, Катар, з аднаго боку, працягваюць жыць згодна з нормамі шарыяту, а з іншага — жанчына там ужо таксама футбаліст.

Выглядае, што на гэты камертон ФІФА праверыць і талібаў. Тых самых талібаў, паводле якіх у жанчын Афганістана фактычна ёсць толькі два правы — нараджаць і выхоўваць дзяцей ды слухаць мужчын. «Да быдла пры "Талібане" ставяцца лепш, чым да жанчыны», — з веданнем справы напісаў нядаўна ў сацсетках расійскі дакументаліст Андрэй Лашак.

Пакуль прагнозы несуцяшальныя. За амерыканцамі афганкі актыўна гойсалі за мячом ў буцах, мелі сваю нацыянальную зборную, аднак зараз футбалісткі ў паніцы. Баяцца не тое што выходзіць на поле — выходзіць на вуліцу. Каб не патрапіць пад люстрацыю за шкоднае сваё хобі.

e5a98004a11ec9f2f8b8fbd9e482e.jpeg

«Яны плачуць, проста плачуць. Яны ў роспачы, не ведаюць, каму задаць пытанні. Тое, што адбываецца з дзяўчатамі, — несумленна. Амаль усе з іх пакінулі свае дамы і схаваліся ў сваякоў, таму што іх суседзі ведаюць, што яны футбалісткі. Яны сядзяць там і баяцца. "Талібан" паўсюль — блукае па вуліцах, спараджаючы страх, — гаворыць былая капітан зборнай Халіда Папал. — Гэта разбівае мне сэрца, таму што ўсе гэтыя гады мы шмат працавалі, каб палепшыць сітуацыю з правамі жанчын. А цяпер я сама кажу сваім дзяўчынкам, каб яны заткнуліся і схаваліся. Іх жыццё ў небяспецы».

Фобіі часта бягуць наперадзе рэчаіснасці. Але афганскім жанчынам марнасць іх страхаў не прад’явіш — у адказ яны прад'явяць свой жыццёвы досвед. Дый заадно параяць пачытаць свежыя навіны. Пра тое, напрыклад, што спартсмены Афганістана не будуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях. Ці пра тое, што функцыянеры Федэрацыі футбола таксама «заткнуліся і схаваліся». І папрасілі палітычнага прытулку ў Індыі, бо жыццё даражэй.

Фота Gettyimages, sbs.com.au, globallookpress.com, aff.org.af, thethao.sggp.org.vn.