Што мы зразумелі па выніках Чэмпіянату свету ў Катары?
У Катары завяршыўся планетарны футбольны форум. Лепшай камандай свету стала зборная Аргенціны, якая ў фінале перамагла французаў. Аднак акрамя каранацыі новага трыумфатара, мундыяль расставіў кропкі над «і» яшчэ ў шэрагу спрэчак з асяродка заўзятараў. «Новы час» падсумоўвае гэтыя высновы.
Месі > Раналду
Спрэчка сучасных футбольных геніяў нарэшце вырашылася. Ліянэль Месі нарэшце здабыў для нацыі залатыя медалі, якія абміналі «альбісэлестэ» з 1986 года — і дадаў да бясконцага ланцуга ўласных узнагарод найгалоўнейшую. Хейтары цягам дваццаці гадоў крытыкавалі форварда за тое, што на ўзроўні зборных ён бяссільны прадэманстраваць сваю магію. І таму больш, чым Кубак Амерыкі, прынесці краіне не здольны. Тады як антаганіст Месі, Крышціяну Раналду, разам з партугальцамі перамагаў на першынстве Еўропы.
І вось Ліянэль нанёс суперніку сакрушальны ўдар, адысці ад якога ў еўрапейца няма ні сіл, ні часу. У свае 37 КрыРо відавочна прыехаў на апошні чэмпіянат свету як гулец — і праваліўся там па поўнай праграме. Партугалія засталася ўвогуле без узнагарод, бо вылецела ў чвэрцьфінале. А яе капітан ды лідар запомніўся хіба што прэтэнзіямі да партнёра, трэнераў і ФІФА — сусветная футбольная федэрацыя адмовілася перапісваць на форварда адзін з галоў зборнай. Выявілася, што Раналду прайграў змаганне з часам — і з супергероя, які заўсёды ратаваў нацыю, ператварыўся ў шараговага выканаўцу. Які ўжо не паспявае за выклікамі сучаснага футбола — ні нагамі, ні галавой.
Месі ж, наадварот, адужаў не толькі супернікаў, але і ўнутраных дэманаў. Толькі ў фінале ён забіў двойчы, бездакорна выканаў пенальці ў серыі пасляматчавых удараў — і быў роўна тым важаком, які не расклейваўся ў экстрэмальных абставінах. Нават пасля таго, як 2:0 на карысць Аргенціны ў першым тайме ператварыліся ў 2:2 за колькі хвілін да заканчэння тайма другога, Ліянэль не апусціў рук. Ды ад паплечнікаў дамогся таго ж самага. І ў выніку мэта, што лічылася для «альбісэлестэ» недасягальнай 36 гадоў, скарылася аргенцінскаму генію.
Дарэчы, у той жа час Месі перапісаў на сябе шэраг рэкордаў чэмпіянату свету і набыў легендарны статус не толькі ва ўспрыняцці заўзятараў, але і на паперы.
Талент > узрост
Хтосьці скажа, што выпадак з Раналду аспрэчвае тэзіс у загалоўку. Але Крышціяну — іншапланецянін у футбольным свеце, якіх адзінкі. Таму і патрабаванні да яго касмічныя. Калі ж браць зрэз па чэмпіянаце ўвогуле (сярод, так бы мовіць, «простых смяротных») сітуацыя для сталых футбалістаў куды больш спрыяльная.
Як памятаем, у савецкія часы футбалістам часцютка глядзелі ў пашпарт. І калі чалавек дасягаў узросту 30+, на ім адразу ставілі крыж. Сёння ад аналагічнага стэрэатыпу пакутуе, дарэчы, і беларускі футбол: федэрацыя нават штучна «маладзіла» зборную, каб сярэдні ўзрост з 27 гадоў знізіўся да 22 — і падараваў надзею на светлую будучыню. Аднак эксперымент праваліўся сам па сабе (дастаткова па глядзець на вынікі апошняга сезона), а зараз яшчэ і чэмпіянат свету высмеяў эйджызм.
Глядзіце: лідар аргенцінцаў Месі дамогся самага гучнага поспеху ў 35 гадоў, харватаў да бронзы прывеў 37-гадовы Лука Модрыч, галоўным бамбардзірам французаў стаў 36-гадовы Аліўе Жыру. І чым глыбей аналізуеш заяўкі каманд, тым больш сутыкаешся з вопытнымі выканаўцамі. Прычым яны не проста сядзяць на лаве ды ствараюць атмасферу, а выходзяць на поле і робяць вынік. Таму ўзроставая перашкода становіцца ўсё ніжэйшаю для спартоўцаў — і дазваляе казаць пра змяшчэнне межаў у бок доўгажыхарства.
Дысцыпліна > эмоцыі
Кажуць, што футбол — гэта гульня не толькі цвярозага разліку, але і пачуццяў. Маўляў, пры роўным узроўні супернікаў адужвае не той, хто больш арганізаваны, а той, хто больш гэтага прагне. Аднак форум у Катары прадэманстраваў: структурна ўстойлівыя каманды не паддаюцца нават самаму моцнаму эмацыйнаму тарнада.
Напрыклад, зборная Камеруна «запальвала» ў змаганні з сербамі ды стала суаўтарам ледзьве не найбольш яскравага «камбэку» на турніры. Пасля ж яшчэ абыграла саміх бразільцаў. Аднак нават гэтага ёй не хапіла, каб патрапіць у плэй-оф. З групы не выйшла і непрадказальная Гана, што забіла больш за грандаў — бельгійцаў, харватаў і нават бразільцаў. Аднак на драйве пераадолець супраціў Паўднёвай Карэі — толькі палова справы. Там, дзе трэба было дзейнічаць стабільна ды па разліку, афрыканцы стушаваліся ды зніклі з радараў.
Палярная сітуацыя, скажам, з мараканцамі — галоўным адкрыццём форума. Калектыў, які дзейнічаў максімальна дысцыплінавана і перш за ўсё пазбаўляў прасторы апанентаў, а пасля ўжо думаў пра ўласныя камбінацыі, дабраўся ажно да паўфіналу. Там афрыканцам не хапіла майстэрства, каб заваяваць медалі, аднак малюнак гульні прымусіў і французаў, і харватаў сур'ёзна папацець для скарэння канкурэнтаў.
Тое ж можна сказаць і пра каманду Англіі. На мінулым першынстве Еўропы яны дайшлі да фіналу, зараз спыніліся ў 1/4-й, хаця з топаў мелі ў аснове хіба што Гары Кейна. Тым не менш за кошт арганізацыі дзей высокага ўзроўню яны без спадаў прайшлі групавую стадыю, а ў плэй-оф былі вельмі блізкія, каб адужаць Францыю.
Грошы > пазіцыя
Чэмпіянат свету акалялі скандалы роўна з таго моманту, калі ФІФА аб'явіла пра перамогу Катара ў выбарах краіны-гаспадыні. Карупцыя на вышэйшых міжнародных узроўнях, што прывяла да набыцця шэйхамі галасоў на сваю карысць. Зневажанне правоў чалавека. Жудасныя ўмовы, у якіх працавалі будаўнікі футбольнай інфраструктуры. Забароны на тыя дзеі, якія ў сучасным цывілізаваным грамадстве выглядаюць натуральнымі…
Гэта далёка не поўны спіс грахоў, што шлейфам цягнуліся за форумам. Аднак кожны раз, калі нейкае вострае пытанне пачынала калоць арганізатарам вочы, яны знаходзілі сродкі для вырашэння праблемы. Прычым «сродкі» ў прамым сэнсе: ціск на спонсараў, што пагражаў грашовымі стратамі, альбо, наадварот, заахвочванне бонусамі кіраўнікоў ФІФА прыводзілі да вынікаў, выгодных шэйхам. Так, ніводная зборная як мае быць не зладзіла акцыі ў абарону правоў чалавека. Абрэвіятура ЛГБТ ці чорна-белыя «lives matter» увогуле не ўзгадваліся ў кантэксце спаборніцтва. А выказванні ў сацсетках гульцоў альбо экспертаў мадэрыраваліся і цэнзураваліся, быццам у якой таталітарнай дзяржаве.
Апафеозам жа дурасці стала выказванне легендарнага трэнера Арсэна Венгера, які зараз працуе ў ФІФА. На яго думку, з мундыялю раней за ўсё паехалі роўна тыя фаварыты, якія непакоіліся менавіта акцыямі пратэсту. Маўляў, не забівалі б галаву ўсялякай лухтой, глядзіш, і выступы ў іх атрымаліся куды больш паспяховымі… Вось у такія моманты і разумееш, што грошы, высокая пасада ды перспектыва заставацца як мага доўга на цёплым месцы і штурхаюць да адмаўлення ад любой, нават самай шчырай грамадзянскай пазіцыі.