Барацьба Францыі і Марока: значна больш, чым проста футбол
Зборная Францыі трапіла ў фінал мундыялю. Мы разглядзелі гісторыю як спартовага супрацьстаяньня, так і больш глябальнага — палітычнага, з войнамі, пратэктаратам і сёньняшнім крызісам.
Франка-мараканскія адносіны сапраўды даўнія, некаторыя гістарычныя крыніцы нават кажуць аб прыбыцьці амбасадараў ад дынастыі Ідрысідаў у палац Карла Вялікага ў VIII ст.
У 1800 годзе Марока было адзінай краінай у Паўночнай Афрыцы, якая пазьбегла акупацыі Асманскай імпэрыі. Аднак разам з тым Марока было аб'ектам вялізнай цікавасьці з боку эўрапейскіх дзяржаваў, амаль кожная зь якіх марыла захапіць яе. Францыя нястрымана дэманстравала сваё глыбокае жаданьне далучыць афрыканскую краіну.
У 1808 годзе Напалеон I скіраваў шпіёна ў Марока. Афіцыйна той быў эмісарам, які вёз ліст султану Сулайману. Але яго сапраўднай місіяй было паведаміць аб стане ўмацаваньняў і сапраўднай моцы султанскай арміі, каб скласьці плян заваёвы краіны. Аднак мараканскі кіраўнік пераканаў пасланца, што яго дзяржава зьяўляецца прыхільніцаю палітыкі Напалеона.
Банапарт насуперак першапачатковаму жаданьню далучыць Марока палепшыў адносіны з султанатам. Але Францыя ў 1830- х гадах зноў праявіла моцную цікавасьць да Марока як да магчымага пашырэньня сфэры свайго ўплыву ў Магрыбе пасьля авалодваньня Альжырам і Тунісам.
Першая франка-мараканская вайна адбылася ў 1844 годзе пасьля саюзу Марока з альжырскім паўстанцам Абдэль Эль-Кадэрам супраць Францыі. Вайна фармальна скончылася падпісаньнем дамовы, у якой Марока пагадзілася спыніць падтрымку альжырцаў і стварыць камісію па дэмаркацыі мяжы паміж Марока і французскімі ўладаньнямі ў Альжыры, якая па сутнасьці і зьяўляецца сучаснай мяжой паміж Марока і Альжырам.
Другая вайна адбылася ўжо напачатку ХХ ст. Вялікая Брытанія прызнала «сфэру ўплыву» Францыі ў Марока ў 1904 годзе. Гэта выклікала неадкладную рэакцыю Нямеччыны, якая была геапалітычным супернікам Францыі ў сьвеце. Ваенныя дзеяньні, справакаваныя немцамі ў 1905 – 1906 гадах, узмацнілі напружанасьць у Эўропе, аднак дамова, падпісаная ў 1912 годзе, зрабіла Марока пратэктаратам Францыі. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, між іншым, дамова не пазбаўляла Марока статусу сувэрэннай дзяржавы, у адрозьненьні, напрыклад, ад Альжыра.
З дамовы аб усталяваньні пратэктарату:
Урад Францускай Рэспублікі і Яго Вялікасьць Султан пагаджаюцца ўсталяваць у Марока новы рэжым, які ўключае адміністрацыйныя, судовыя, адукацыйныя, эканамічныя, фінансавыя і ваенныя рэформы, якія ўрад Францыі можа палічыць карысным правесьці на тэрыторыі Марока. Гэты рэжым будзе ахоўваць рэлігійную сытуацыю, павагу і традыцыйны прэстыж султана, існаваньне мусульманскай рэлігіі і рэлігійных інстытутаў.
Дыпляматычныя прадстаўнікі Францыі будуць адказваць за прадстаўленьне і абарону мараканскіх інтарэсаў за мяжой. Яго Вялікасьць Султан абавязваецца не заключаць ніякіх актаў міжнароднага характару без папярэдняй згоды ўрада Францускай Рэспублікі.
У канцы 1955 года Мухамэд V пасьпяхова дамовіўся аб паступовым аднаўленьні незалежнасьці Марока. Што і адбылося 2 сакавіка 1956 года.
З 1956 па 1960 год Мухамэд V імкнуўся аднавіць Вялікае Марока (чым не імпэрыя і палітыка каляніянізму, якой любяць дакараць Францыю), праект, які ахопліваў тэрыторыі францускіх калёній, уключна з Маўрытаніяй, Альжырам і Малі. Падчас альжырскай вайны ў Марока месьціліся трэніровачныя лягеры альжырскіх паўстанцаў. У 1965 годзе Мэхдзі Бэн Барка, галоўны крытык караля Марока Хасана ІІ, зьнікае пры нявысьветленых абставінах у Парыжы.
Паміж 1967 і 1973 гадамі значная частка мараканскай габрэйскай супольнасьці эмігравала ў Францыю праз араба-ізраільскія войны. У 1973 годзе кароль Хасан II нацыяналізаваў землі і прадпрыемствы, якія ўсё яшчэ належалі французам у Марока.
У наш час паміж Францыяй і Марока існуюць дзьве галоўныя праблемы.
Першая — гэта візавы крызіс. У верасьні 2021 года Францыя рэзка скараціла выдачу віз для Марока. Адмоваў мараканцам, якія падалі заявы на знаходжаньне ў Францыі, дасягнулі 50%. Гэта была мера ў адказ у сувязі з падыходам Марока да вяртаньня нелегальных мігрантаў, што імкнуліся трапіць у Францыю.
Другая - гэта Заходняя Сахара, адносна якой афрыканская краіна заклікае Парыж пайсьці як мага далей у ратыфікацыі прэтэнзій Марока на сувэрэнітэт над гэтай тэрыторыяй, якая раней была гішпанскай калёніяй. Заходняя Сахара — дагэтуль адзіная тэрыторыя ў сьвеце, якая з 1976 года не належыць ніякай дзяржаве, і дзяржавай не зьяўляецца.
Эманюэль Макрон спрабуе палепшыць адносіны з Альжырам дзеля атрыманьня выгодаў па газавых кантрактах. Але Альжыр падтрымлівае рух у Заходняй Сахары, што выступае за здабыцьцё незалежнасьці гэтай тэрыторыі. Адпаведна сядзець на двух крэслах у Францыі па гэтым пытаньні не атрымаецца.
Прэстыж магчымай перамогі мараканцаў адаб'ецца на міжнародным становішчы Марока і можа зьмяніць псыхалягічныя адносіны з Францыяй і зрабіць больш жорсткімі патрабаваньні Марока.
Усё гэта робіць гэты матч такім сымбалічным для сотняў тысячаў грамадзянаў Францыі, якія маюць адначасова і другое – мараканскае — грамадзянства, і гэта без уліку іншых мараканскіх перасяленцаў.
Прыхільнікі францускага палітыка Эрыка Зэмура бачаць у паўфінале Францыя — Марока «сутыкненьне футбольных цывілізацый». Яны разглядаюць гэта новым актам так званай зваротнай калянізацыі Францыі Магрыбам (краінамі паўночнай Афрыкі).
Мараканцы ўжо бачаць гістарычны сымбалізм сваіх перамогаў на мундыялі ў Катары. Яны дайшлі да паўфіналу пасьля перамогі над трыма былымі краінамі-калянізатарамі: Бэльгіяй на групавым этапе, Гішпаніяй у 1/8 фіналу і Партугаліяй у чвэрцьфінале. І зараз іх чакае Францыя, якая паказала Марока, што такое каляніяльны парадак у выглядзе пратэктарату.
Мараканскі трэнер Валід Рэграгі нарадзіўся каля Парыжу і амаль усю сваю прафэсійную кар'еру правёў у Францыі.
Усе гульні паміж зборнымі Францыі і Марока былі дагэтуль таварыскімі:
1988: Францыя 2-1 Марока
1998: Марока 2-2 (6-5 па пэнальці) Францыя
1999: Францыя 1-0 Марока
2000: Марока 1-5 Францыя
2007: Францыя 2-2 Марока
Першая сустрэча адбылася 5 лютага 1988 года ў Манака. Французы пад кіраўніцтвам Анры Мішэля, якія не трапілі на Чэмпіянат Эўропы 1988, перамаглі зь лікам 2-1 дзякуючы вырашальнаму голу Яніка Стапіры.
Падчас апошняй гульні, 16 лістапада 2007 года ў Парыжы, Анры Мішэль па-ранейшаму знаходзіцца ў ролі трэнэра, але на гэты раз у зборнай Марока.
Такім чынам, Марока ніколі не перамагала французаў на футбольным полі.
Зборная Францыі на гэтым турніры перапісала шматлікія галоўныя нацыянальныя рэкорды. Аліўе Жыру стаў лепшым бамбардырам у гісторыі Францыі – 53 галы, а брамнік Уго Льярыс правёў 143 гульню за нацыянальную каманду, што таксама стала найлепшым паказчыкам усіх часоў.
Але адзін рэкорд трывае дагэтуль. 15 гадоў і 9 месяцаў – менавіта столькі працягвалася кар’ера ў зборнай Францыі легендарнага Ларбі Бэрнарбэка, які выступаў з 1938 па 1954 год за каманду. Нарадзіўся ён у Касабланцы, што ў Марока.
Шматлікія футбалісты зборнай Марока на Чэмпіянаце Сьвету 2022 выступаюць за францускія каманды. У тым ліку і зорны Ахраф Хакімі, які грае за ПСЖ. А капітан зборнай Марока Рамэн Саіс нарадзіўся ў Францыі.
Нас чакае выдатная гульня!
Францыя здабыла перамогу зь лікам 2-0 і выйшла ў фінал!
Allez les Bleus!