Сэкс-кантроль у спорце, або Традыцыйныя каштоўнасці перад наступам ЛГБТК+
Праўладныя спартсмены і спартсменкі так баяцца за непахіснасць сваёй арыентацыі, што прапануюць правяраць саміх сябе і сваіх калег на наяўнасць трансгендарнасці.
Заўзятая фанатка беларускага рэжыму Анастасія Мірончык-Іванова схадзіла на чарговае прапагандысцкае інтэрв'ю. Пытаннi ёй задаваў спецыялiст у сваёй сферы — кiраўнiк «другога» телевiзiйнага дзяржканала Марат Маркаў, які вядомы размовамi на камеру з тымi, чыя добраахвотнасць удзелу выклікае вялiкiя сумневы.
У інтэрвʼю Мірончык-Іванова чарговы раз расхвалiла рэжым i нават запэўнiла, што гатова пайсцi на рэальную вайну, калi так загадае яе «галоўнакамандуючы» Лукашэнка. Праўда, поп-скакуха апiсала сваю прагу вельмi цiкава: маўляў, выканае «любую задачу — ці то ў інфармацыйнай сферы, ці то ў тыле». На перадавую, нягледзячы на наяўнасць «афіцэрскага» звання, лёгкаатлетка ісці яўна не жадае. Але ж кажа, што марыць пра кар'еру ў рэжымным войску яе сын, якога яна з дзяцiнства аддала да людажэраў з пагонамi, піша «Трыбуна».
А вось рашэнне МАК па допуску спартсменаў з Беларусі да Алімпійскіх гульняў Мірончык-Івановай не спадабалася. Яна заявіла, што без забароненай камiтэтам дзяржсiмволiкi ехаць на АГ нельга — i сама нiбыта адмовілася б, «нават на піку формы». Але ж, канешне, лёгка пра гэта гаварыць ва ўмоўным ладзе. У цяперашнiя часы поп-скакуха не трапляе на АГ зусiм не праз сваю пазiцыю, а праз банальную адсутнасць вынікаў. У гэтым сезоне найлепшы вынік рэжымнiцы — 6,73 метра на лiпеньскiм Кубку Беларусі, тады як квалiфiкацыйны нарматыў на Гульні складае 6,86 метра.
Лёгкаатлетка таксама расказала, што, на яе думку, у спорце трэба ўвесці сэкс-кантроль — абавязковую праверку палавых прыкмет у жанчын, каб, крый Божа, у спорт не прарвалiся трансгендары. Ды і ў цэлым пра прадстаўнікоў ЛГБТК+ Мірончык-Іванова думае з нейкай дзiўнай частатой, прычым добра памятае нейкiя даўнiя перасячэннi. Напрыклад, яна паскардзiлася, што на адным з этапаў Брыльянтавай лігі (дзе поп-скакуха ўжо амаль два гады не выступае з-за мiжнароднага бана) было чамусьцi шмат вясёлкавых сцягоў.
— Каля будынка адміністрацыі ўсё было ўпрыгожана ў ЛГБТ-сцяжках, у тым ліку і ветрадуй. Мне было не вельмі прыемна. Ніхто ў нас не пытаўся, ці трэба яго ўсталёўваць. Гэта было канкрэтна навязванне, — заявiла Мiрончык-Iванова, яскравая прадстаўнiца сiстэмы, якая навязвае ўсiм навокал чырвона-зялёныя сцягi, караючы тых, каму не падабаецца.
Але ж увогуле ёсць сумневы, што Мірончык-Іванова цалкам разумее, як выглядае сімволіка ЛГБТК+. Аказалася, што яна прымроiлася поп-скакусе нават у стужцы медаля ЧС-2011, якi праходзi ў карэйскім Дэгу.
«Медаль прыйшоў са стужкай ЛГБТ! Надзець на шыю стужку ЛГБТ — для мяне гэта зусім, гэта проста край. Я абрэзала гэтую стужку. Цяпер медаль у мяне без стужкі. Часта прыходжу да дзетак у школу, яны задаюць пытанне, чаму медаль без стужкі. Я адказваю, што Беларусь — за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці», — пахвалiлася Мiрончык-Iванова.
Як жа выглядае тая стужка, якая наштурхнула рэжымнiцу на такiя радыкальныя меры? Ды вось як. Знайшлi ЛГБТК-сцяг цi хаця б вясёлку?
Нагадаем, што на тым турнiры Мірончык-Іванова першапачаткова стала чацвёртай з вынікам 6,74 метра — з-за сваёй жа недарэчнасцi: скокнула яна далей, але ж зачапiла па пяску «хвастом» валосся, i замер зрабiлi па гэтай адзнацы. А так можна было б станавiцца чэмпіёнкай — усё вырашалi сантыметры, золата ўзяла амерыканка Брытні Рыз з паказчыкам у 6.82 метра.
Але ж у 2017 годзе ў расiянкi Вольгi Кучарэнка, якая на згаданым ЧС узяла срэбра, пераправерылi допінг-пробу з 2011-га i адшукалi допiнг. Пасля гэтага срэбраны медаль адышоў латвійцы Інеце Радзевіча, адпаведна, яе бронзу пераслалi Мірончык-Івановай, якая i пашкодзiла канструкцыю медаля.
Канешне, дзiўна, што такая традыцыяналiстка, як Мiрончык-Iванова, увогуле пагадзiлася ўдзельнiчаць у ЧС-2011. Бо ў самiм лагатыпе турніру ўжо яўна былi спакусы для яе каштоўнасцей.