Гульня ў свае вароты. У беларускім футболе чарговы правал, які ўжо нікога не здзіўляе
Футбольная зборная Беларусі завяршыла чарговы гульнявы цыкл. У Лізе нацый нашы бядовыя хлопцы занялі апошняе месца, не здабыўшы ніводнай перамогі ў шасці матчах супраць Казахстана, Азербайджана і Славакіі. Яшчэ адзін цвік у дамавіну айчыннага футбола, які імкліва дэградуе, нягледзячы на бадзёрыя заявы чыноўнікаў-недарэк.
Заявы былі напалеонаўскія — заняць першае месца і патрапіць у больш высокі дывізіён турніру. Да слоў прыкладаўся на паперы яшчэ і афіцыйны план развіцця нацыянальнага футбола, паводле якога беларусы мусяць крочыць толькі ўверх і крышыць усіх супернікаў.
Аднак справы зноў кардынальна разышліся з намерамі. Беспадстаўна абвешчаная сланом беларуская зборная звыкла аказалася мухай, якую добра пачаставалі дыхлафосам.
Аднак галоўнае ўражанне ад выступлення футбалістаў нават не ў тым, што яны прадэманстравалі ўласную бездапаможнасць, здабыўшы агульнымі высілкамі ўсяго толькі тры нічыі. Галоўнае ўражанне ў тым, што збольшага ўсім у Беларусі на ўсё гэта ўжо пляваць.
Была некалі ў Беларусі зборная, якая збірала на трыбунах па 30 тысяч гледачоў. Падчас «геніяльнага» кіраўніцтва лукашэнкаўскіх дзяржаўнікаў каманда пераўтварылася ў тыповы беларускі сфагнум часоў позняй дыктатуры.
Так, варта нешта сказаць аб нядаўнім выступленні ў Лізе нацый, бо як-ніяк спаборніцтвы знакавыя. Дый футбол пакуль застаецца тым рэдкім відам спорту, які праз саўдзел Лукашэнкі ў вайне чамусьці не выключылі з міжнародных спаборніцтваў.
То скажам так: у футболе наспеў час рэформаў, самае цікавае ў тым, што чулае вуха фіксуе гатоўнасць да іх у высокіх кіраўнічых кабінетах. Праўда, плёну ад перамен, як заўсёды, не будзе аніякага. Бо якія там перамены ў нашым адсталым калгасе? Зразумела: памяняць шыльдачкі на дзвярах або шыла на мыла.
Кажуць, лёс цяперашняга старшыні федэрацыі Уладзіміра Базанава ўжо вырашаны. Артылерыст, палкоўнік, экс-дэпутат, які дасканала не ведае правіл гульні ў футбол, будзе адпраўлены на пенсію. Справядліва: за тры з паловай гады чалавек зусім ужо разваліў гаспадарку. Нават тое, што дзе-нідзе яшчэ варушылася, пад мудрым кіраўніцтвам далёкага ад спорту функцыянера было загублена.
Кажуць, што замена Базанаву ўжо гатовая — гэта сённяшні міністр спорту Сяргей Кавальчук. Па супадзенні, таксама палкоўнік і таксама артылерыст. Ну хіба яшчэ былы ахоўнік Лукашэнкі з яго службы бяспекі, але ўласна да футбола гэтая акалічнасць таксама не набліжае.
Што характэрна, ад 2018 года, калі Кавальчука пасадзілі ў міністэрскае крэсла, спорт таксама пайшоў пад адхон. На Алімпіядах фіксаваліся антырэкорды па колькасці медалёў, прыблізна тая ж карціна была і на іншых напрамках. То-бок у частцы «дасягненняў» адзін палкоўнік другога цалкам варты.
Варты яны адзін аднаго ў рэпрэсіях. Што ў футболе, што ў спорце цалкам іншадумства выкараняецца з 2020 года, і, бадай, у гэтым першынстве абодва праявілі сябе добра. У адрозненне ад вынікаў на спартыўных пляцоўках.
То цалкам такая ракіроўка верагодная. І цалкам гарантавана тое, што гуляць у футбол беларусы ад гэтага лепей не стануць.
Рэформы спорту неабходныя іншага кшталту. Ад перамены месцамі некампетэнтных кіраўнікоў справа з мёртвай кропкі не зрушыцца. Патрэбна сістэмная перабудова — і наўрад ці яна магчымая, пакуль ва ўладзе архаічны рэжым.
Па-першае, трэба стварыць умовы для ўваходу ў галіну прыватнага капіталу. З адпаведна празрыстымі і яснымі правіламі камерцыі. Рэклама, тэлевізійныя правы, спонсары — усё, як працуе на Захадзе, дзе спорт даўно жыве па законе шоу і над ім не стаіць прызначаны зверху чыноўнік з палкай. Дзе спартсмен не просіць грошай у дзяржавы, а апошняя потым не робіць так, каб той адчуваў сябе вечна вінным і вінаватым. Дзе фінансы сёння ёсць і на падрыхтоўку, і на старты, а заўтра адказны дэпартамент раптам падпіша забарону на замежныя зборы і скажа табе трэніравацца на базе саўгаса «Ураджай».
Па-другое, у такой канкурэнтнай галіне павінны панаваць прафесіяналы з уласнымі стратэгіямі, а не падпалкоўнікі і падпалкоўнікі з манілаўскімі міністэрскімі планамі. У сучаснай жа Беларусі прафесіяналаў калі і задзейнічаюць, то толькі на ўсю галаву лаяльных. Самастойных, як Мікалай Казека, выціскаюць з прафесіі. Перспектыўных, як Дзмітрый Дашчынскі, вымушаюць шукаць працаўладкаванне за мяжой.
Дык гэта фрыстайл, які пасля 2020 года, лічы, зруйнавалі за пратэсныя настроі. Днямі выявілася, што з’ехала ў «варожыя» ЗША Вольга Ясяновіч — трэнерка таленавітай плыўчыхі Насты Шкурдай. І тут ужо не «палітыка», а свядомы асабісты выбар жыццёвага шляху, які вынікае з немагчымасці быць звязанай з «кандовай» беларускай сістэмай.
Зрэшты, і з лаяльнымі часцяком абыходзяцца так, што гэта падобна на здзек. Іх выкарыстоўваюць прыблізна так, калі б добраму краўцу даручылі варыць боршч. Нагадаем, тэнісам у Беларусі кіруе былы гандбаліст, а хакеем — былы вясляр. Кемяць яны ў новай справе не нашмат болей, чым які-небудзь прапаршчык у адстаўцы.
Па-трэцяе, аснова паспяховага прафесійнага спорту — бесперапынны прыток таленавітай моладзі. А гэта магчыма толькі тады, калі від папулярны, мае куміраў, на якіх раўняюцца дзеці. З гэтым у цяперашняй Беларусі таксама бяда.
Рэжым Лукашэнкі завёў спорт у такі глухі мядзведжы кут, адкуль выйсця не знайсці. З аднаго боку, тут поўны правал у папулярызацыі: поспехаў з кожным годам усё меней, а заўзятараў на стадыёны часцяком заганяюць добраахвотна-прымусова. З іншага, праз саўдзел у вайне спорт аказаўся ў ізаляцыі, атлеты не ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах, да таго ж многія былі рэпрэсіраваныя і вымушана з’ехалі. Натуральна, што аніякага пазітыўнага маркетынгу на такім выпаленым полі не пабудуеш. Адпаведна, падлеткі будуць аддаваць перавагу іншым заняткам і вучыцца нечаму больш карыснаму, чым займацца біятлонам альбо ганяць у хакей за жалезнай заслонай.
Беларускі спорт, уключаючы футбол, працягне апускацца ў багну, і гэты прагноз з лёгкасцю дасць сёння любы непрадузяты эксперт. Бо проста зніклі апошнія перадумовы для яго развіцця, якое сям-там яшчэ ішло хутчэй не дзякуючы сістэме, а насуперак ёй. І пакуль нацыянальная футбольная каманда не можа перамагчы ўжо ў 13 матчах запар, і гэта хаця б неяк фіксуецца, зусім нябачна зліваюць ваду іншыя зборныя. Маладзёжная, вунь, капітулявала перад расійцамі 1:6, а юніёры прайгралі немцам з лікам 1:5.
Усё гэта лішні раз паказвае, што чырвоныя рысы ў свабодным падзенні даўно пяройдзеныя. А шанец адштурхнуцца ад дна з’явіцца толькі тады, калі ўлада ў Беларусі зменіцца і краіна вернецца ў прастору здаровага сэнсу і нармальных законаў існавання і развіцця.