Заходнебеларуская мастацкая плынь
У мінулым годзе ў «Новым Часе» друкавалася серыя нарысаў Сяргея Гваздзёва, прысвечаная малавядомым мастакам Заходняй Беларусі — па большасці гадаванцам факультэта выяўленчага мастацтва універсітэта імя Стэфана Баторыя. Але гэтымі творцамі не абмяжоўваецца беларускае прафесійнае мастацтва на землях, якія ў 1921–1939 гадах належалі Польшчы. Працяг тэмы — у новым нарысе.
У мінулым годзе ў «Новым Часе» друкавалася серыя нарысаў Сяргея Гваздзёва, прысвечаная малавядомым мастакам Заходняй Беларусі — па большасці гадаванцам факультэта выяўленчага мастацтва універсітэта імя Стэфана Баторыя. Але гэтымі творцамі не абмяжоўваецца беларускае прафесійнае мастацтва на землях, якія ў 1921–1939 гадах належалі Польшчы. Працяг тэмы — у новым нарысе.
Дэфіцыт праўды, падзел грамадства, у тым ліку творцаў, на «нашых» і «не нашых» — адно з наступстваў панавання савецкага таталітарнага рэжыму. Гісторыя беларускага мастацтва блізкага нам ХХ стагоддзя не з’яўляецца выключэннем.
«Нашы» і «не нашы»
Што ж азначае гэта своеасаблівая формула амаль сакральнага прысабечвання «нашы»? Ці наш «руска-літоўскі мастак» Мсціслаў Дабужынскі, які выдатна аздобіў
фундаментальную працу Вацлава Ластоўскага «Гісторыя крэўскай (беларускай) кнігі» і супрацоўнічаў з часопісам «Крывіч»? Ці наш, запісаны ва універсітэцкіх
дакументах як паляк, буйнейшы графік заходнебеларускага друку Язэп Горыд? Ці наш літовец Уладас Дрэма, які ілюстраваў беларускія выданні? Ці нашы палякі Ежы Гапен і Фердынанд Рушчыц, якія, апрача
неацэннай уласнай мастацкай творчасці, зрабілі для развіцця беларускай культуры больш за іншыя інстытуцыі?
Упэўнены: усе яны — нашы! Супраціў мастацтва таталітарнаму ціску мацней, чым палітычны, што ніяк не могуць зразумець дыктатары ўсіх часоў і народаў. І таму так важна ажывіць памяць, вярнуць
з нябыту спадчыну выбітных творцаў. І па меры аднаўлення мы ўбачым, як на даляглядзе мінулага паступова праступае цэлае сузор’е слаўных імён, свет творчасці якіх не саслабеў да гэтага
часу.
Ужо з таго, што нам адкрылася, відавочна зманлівым падаецца меркаванне, што «за палякамі» адсутнічала «мастацкая школа». Сапраўды, у Заходняй Беларусі не было
нацыянальнай мастацкай школы. Але наколькі нацыянальнымі можна лічыць (асабліва ад 30-х гадоў, пасля ўдушэння беларусізацыі) адмысловыя мастацкія ўстановы ў Савецкай Беларусі? Гэта пытанне не
ўздымалася ніводнага разу.
Сцвярджэнні ж кшталту: «З прычыны сацыяльнага і нацыянальнага ўціску вучыцца беларусу пры паляках было папросту немажліва», — увогуле не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Гэта
калі не свядомая мана, дык «добра прадуманая недакладнасць», што набыла ўстойлівасць догмы.
Школа
І ў гэтай, і ў папярэдніх публікацыях, я імкнуўся непрадузята прааналізаваць факты і на іх аснове давесці, што і «за польскім часам» у Беларусі існавала шырокая мастацкая плынь з
натуральна ўласцівымі ёй вірамі, быстрынамі і водмелямі. Пакуль што заўчасна называць сукупнасць фактаў прафесійнага выяўленчага мастацтва «заходнебеларускай мастацкай школай».
Больш дакладным уяўляецца менавіта вызначэнне «шырокая мастацкая плынь». Не выпадкова пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР узнікла ідэя стварэння Саюза мастакоў Заходняй
Беларусі. Зразумела, што ўлады найперш кіраваліся ідэалагічнымі чыннікамі, але ж быў і рэальны мастацкі рэсурс. Юрыдычнае афармленне адпаведнай структуры мусіла адбыцца на грунце мастакоў
Беласточчыны, пра што згадвалі мастакі Пётр Паўлючук і Яўген Ціхановіч, пацвярджаюць гэта і іншыя крыніцы.
Безумоўна, галоўную ролю ў фармаванні корпуса мастакоў Заходняй Беларусі адыгрывала Вільня, гістарычная сталіца ВКЛ, з адроджаным у ёй у 1919 годзе універсітэтам. У Вільні мастацтву вучыліся каля 40
беларусаў. Была яшчэ і Варшаўская вышэйшая школа мастацтваў, заснаваная ў 1904 годзе намаганнямі гурту энтузіястаў на чале з мастаком і музейшчыкам з Наваградчыны Стаброўскім, які і стаў яе першым
дырэктарам. У склад заснавальнікаў уваходзіў таксама Фердынанд Рушчыц. Гэта школа прытуліла каля 20 «выхадцаў з Крэсаў». Сярод навучэнцаў і вольных слухачоў Варшаўскай школы
— каталікі Стэфан Пупко і Мар’ян Фаберкевіч, праваслаўныя Алесь Анкудовіч, Зміцер Дунаеўскі, Яўген Федарчук, Мікола Пашун, Яўген Паляшчук, Пётр Паўлючук і інш.
Шмат выхадцаў з Заходняй Беларусі здабывалі майстэрства ў славутай сваім гістарычным ды рэлігійным жывапісам, моцнай класічнай традыцыяй Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Вось некаторыя з імёнаў
студэнтаў, чыё паходжанне ўдалося ўстанавіць: А.Чачот (1898 г.н.) — з Навагрудака, У. Канстанцінаў (1906 г.н.), К. Карповіч, З. Канановіч, К. Сідаровіч — з Пінску, Ф. Пекарскі
— са Слоніма і яшчэ больш за трыццаць чалавек. Усе — з беларускіх гарадоў і мястэчак, якія, мяркуючы па прозвішчах, былі спадчыннікамі земляў былога ВКЛ —
«літвінамі», беларусамі-каталікамі, або «краёвымі», этнічнымі, апалячанымі беларусамі.
Поруч з дзяржаўнымі акадэміямі мастацтваў у тыя часы ў Еўропе існавала пашыраная практыка навучання ў «прыватных школах». Далёка не заўсёды ў прафесараў вялася дакументацыя, яшчэ
менш папераў захавалася да нашых дзён. Даводзіцца даць веры меркаванню крытыка і даследчыка гісторыі мастацтваў Уладзіміра Глыбіннага, што адзін з цікавейшых і перспектыўных мастакоў Заходняй
Беларусі Алесь Трайковіч навучаўся ў адной з такіх кракаўскіх школ (1938–1940). Ёсць сведчанні (не пацверджаныя пакуль дакументальна), што ў Кракаве навучаўся і мастак са Слоніму Антон
Карніцкі.
Беларусы з паўднёва-заходняй часткі краю імкнуліся навучацца ў мастацкіх ўстановах Львова, дзе ў 30-я гады быў значны цэнтр сакральнага мастацтва. Нямала беларусаў навучалася і ў іншых мастацкіх
установах Еўропы.
Гэта ўсё былі вышэйшыя навучальныя мастацкія ўстановы, куды паступалі людзі, якія ўжо амаль вызначыліся з выбарам свайго шляху. Аднак тут неабходна адзначыць уплыў на фарміраванне той самай
заходнебеларускай мастацкай плыні, пра якую вядзем размову, народных промыслаў. І трэба звярнуць асаблівую ўвагу на гурткі малявання ва ўсіх гімназіях, дзе асновы выяўленчай граматы закладаў
мастак-прафесіянал.
Узгадаем, да прыкладу, што самабытны творца Язэп Драздовіч адзін час кіраваў гуртком малявання пры Віленскай беларускай гімназіі, з якога пачаўся шлях у вялікае мастацтва будучых выбітных майстраў
— графікаў Васіля Сідаровіча, Міколы Васілеўскага, жывапісца Рамана Семашкевіча.
Па сутнасці гурткі пры гімназіях уяўлялі сабой цэласную сістэму пошуку, заахвочвання і першапачатковай мастацкай адукацыі таленавітай моладзі. Пра гэта захаваліся яскравыя сведчанні ў публікацыях
беларускага грамадскага дзеяча, журналіста Алеся Чэмера (Аляксея Анішчыка), у матэрыялах Клецкай беларускай гімназіі, з якой выйшаў Зміцер Чайкоўскі. У сваіх «Успамінах» графік
Сямён Геруса ўзгадвае выкладчыка малявання з Наваградку Афанасьева, які ў 1938 годзе з’ехаў у Парыж, распавядае пра пленэры, на якіх многія з мастакоў «паміж сабой і з месцічамі
гаварылі па-беларуску».
Зразумела, па-рознаму склаліся лёсы навучэнцаў. Да прыкладу, Пётр Сергіевіч пасля непрацяглага навучання ў Кракаве вярнуўся ў Вільню, а дойлід Рафаіл Яўхімовіч рушыў вучыцца ў Парыж, ураджэнец
Тракенікаў, мастак, педагог і даследчык Мар’ян Шышка-Богуш трапіў у 1939 годзе ў палон, потым — у войска Андэрса, а з 1947 года жыў у Лондане. У часы другой сусветнай вайны загінуў
у канцэнтрацыйным лагеры скульптар Язэп Жукоўскі.
Пінская кагорта
Ідучы па слядах мастакоў віленскай школы, я раз-пораз натыкаўся і на след мастакоў з іншых мясцін Заходняй Беларусі. І перада мной паступова адкрывалася, набывала дастаткова ясны і канкрэтны выгляд
шырокая плынь заходнебеларускага мастацтва. Прычым у гэтай плыні пачалі праступаць контуры асобных і своеасаблівых мастацкіх калі не школ, то асяродкаў.
Менавіта ў Кракаве ўпершыню я пачуў імя мастака Аляксандра Лазіцкага, што быў родам з Пінску. А па яго слядах выйшаў на творчую мастацкую арцель, якая атабарылася ў палескім гарадку.
Пасля 1921 года ў гэтым своеасаблівым Заходнебеларускім Канстанцінопалі, вакол Палескіх кірмашоў, якія ад 1936 года набылі рэгулярны характар, без маніфестаў і пісьмовых дэкларацыяў утварыўся этнічна
стракаты, па большасці з беглых ад рэвалюцыі мастакоў (як прафесійных, так і самавукаў), творчы асяродак. Гэткі, сучаснай мовай кажучы, часовы творчы калектыў, у склад якога поруч з Лазіцкім,
уваходзілі Фёдар Лаўроў, Іван Дзіміч, Сяргей Муханаў, Павел Петразаводскі, Арсень Заяц, Яўген Пулхаў, Яўген Піскун. Раз-пораз бралі ўдзел у хаўрусе дойлід з Кобрына Бальбіна Свіціч-Відацка,
мастакі-пейзажысты Вандалкоўскі і Райкоўскі.
У функцыі суполкі ўваходзіла праектаванне, мастацкае рашэнне і практычнае ўвасабленне адмысловага выставачнага павільёна на беразе Піны, выкананне тэатральных строяў і дэкарацыяў для тэатральных
імпрэзаў і г. д. Кожны з удзельнікаў калектыву не забываўся на творчасць і выстаўляў свае творы на мастацкіх выставах кірмашоў.
З задавальненнем і ўдзячнасцю звернемся да матэрыялаў, якія расшукалі краязнаўца Раіса Марголіна і гісторыкі, аўтары выдання «Гістарычная Брама» Аляксандр Ільін і Эдуард Злобін, каб
хоць эскізна абмаляваць лёсы і спадчыну пінскіх мастакоў.
Лаўроў Фёдар Філіпавіч (1896–1971). Прыехаў у Пінск ужо ў адносна сталым веку пасля падпісання рыжскай дамовы, калі сям’я ратавалася ўцёкамі ад рэвалюцыі. Па сведчанні
Брэсцкага абласнога архіва, «служыў харунжым у войску генерала Б. С. Перамыкіна», якое з 1920 года фармавалася ў Польшчы для змагання з бальшавікамі. Па заканчэнні Вышэйшай
мастацкай школы ў Варшаве працаваў досыць плённа — маляваў алеем, займаўся аб’ёмнай скульптурай, разьбой па дрэве, металапластыкай. У 1936 годзе ачоліў пінскую мастацкую арцель.
Разам са Зміцерам Геаргіеўскім распрацаваў і выканаў мастацкае аздабленне першай, адкрытай 5 красавіка 1936 года, экспазіцыі Палескага музея. В. Лабачэўская сведчыць: «Усю работу яны
выканалі без ніякай аплаты. Сучаснікі ж адзначалі, што музей пакідаў добрае ўражанне». Фёдар Лаўроў спраектаваў і зрабіў вітражы для праваслаўнай святыні — Фёдараўскага сабора.
Увасобіў у матэрыяле (бетоне) скульптурную кампазіцыю «Паляшук», якая стала сімвалам штогадовых Палескіх кірмашоў. З кастрычніка 1939 года працаваў кіраўніком студыі выяўленчага
мастацтва Дома піянераў. У 1941 годзе быў асуджаны па 58-м артыкуле і адпраўлены ў савецкі канцэнтрацыйны лагер. З лістапада 1944 года кіраваў майстэрняй мастацкіх промыслаў у
«Вятлагу».
Дзіміч Іван Георгіевіч ( 1879–1940?). У Пінск патрапіў у 1890 годзе, калі яго бацька ўзначаліў аддзел шляхоў зносінаў Брэст-Літоўскай чыгункі. Меў мастацкую адукацыю. У снежні 1926 года на прамысловай выставе экспанаваліся яго творы, у 1927 годзе ён стварыў заслону ў Пінскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіі. Браў удзел у выставе падчас І Палескага кірмашу. На кірмашы 1936 года паказаў больш за дзесятак сваіх твораў. Тагачасныя крытыка асабліва вылучала краявіды «Палескія паплавы» і «Хата рыбака ля Пінска», адзначала ў творчасці мастака подых «сучаснага імпрэсіянізму». У 1939 годзе паспеў выдаць нізку з шасці паштовак. На дзвюх з іх быў адлюстраваны Пінскі езуіцкі кляштар, на іншых — гарадскія краявіды, вясковая хата, палескі поплаў. У 1940 годзе быў арыштаваны органамі НКУС і разам з сынам і жонкай, Наталляй Генрыхаўнай, сасланы. Гэта апошняе, што вядома пра яго.
Петразаводскі Павел Мікалаевіч (1893–1940?) — ваяр паўстанцкай арміі Булак-Балаховіча. Займаўся разьбой па дрэве. Жыццёвы і творчы шлях яго вядомы па нешматлікіх
публікацыях у тагачасным перыядычным друку. На І Палескім кірмашы П. Петразаводскі выставіў шматлікія скульптуры, барэльефы, творы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, пластыку, мастацкую фатаграфію.
Журналісты адзначалі сімвалічны характар яго твораў. Скульптурную кампазіцыю «Паляшук» першапачаткова ён стварыў з дрэва, а потым ужо Лаўроў перавёў яе ў бетон. Не цураўся П.
Петразаводскі і грамадскай дзейнасці. У 1940 годзе ў палескім музеі была створана экспазіцыя гістарычнага аддзела, у якой экспанавалася вялізнае пано Петразаводскага на тэму
«ўз’яднання», якое было выканана ў тэхніцы інтарсіі і разьбы па дрэве. Далейшы лёс былога балахоўца пры новых уладах невядомы, але, здаецца, зразумелы.
Муханаў Сяргей Эмануілавіч (1915–?). Ён хаця і не нарадзіўся ў Пінску, але з маладосці быў паяднаны з гэтым горадам. Тут ён, прадаўжальнік роду бунтара з Сенацкай плошчы і ўнук
старшыні Дырэкцыі імператарскіх тэатраў у Варшаве С. С. Муханава, закончыў польскую гімназію. Тут быў на службе ў архіепіскапа Аляксандра, які ад 1935 года фундаваў яго навучэнне ў Кракаўскай
акадэміі мастацтва. Тут падчас летніх вакацый працаваў у мастацкай арцелі. У выніку геапалітычных землятрусаў 40-х апынуўся ў Баварыі. У 1947 годзе назаўжды пакінуў Еўропу. Жыў у Каліфорніі, працаваў
мастаком на кінастудыях Галівуда.
Заяц Арсень Фядосавіч (1905–1995). Ён не быў сталым удзельнікам мастакоўскага хаўрусу, бо жыў у Францыі, куды закінулі яго віхуры войнаў і каламуць рэвалюцыяў. У родны Пінск у міжваеннае дваццацігоддзе наязджаў эпізадычна, на адведкі бацькоў і сваякоў. Рабіў замалёўкі, каб потым вобразы гэтыя перанесці на лінолеум. Верасень 1939 года заспеў яго ў Пінску. З акупаванай Польшчы ўдалося выбрацца. У нямецкі канцэнтрацыйны лагер трапіў ужо ў Францыі, але і там не расставаўся з алоўкам. Па вайне досыць паспяхова займаўся дызайнам, за што быў прэміяваны і ўганараваны. У сярэдзіне 60-х разам з жонкай Сімонай перабраўся на сталае жыццё ў ЗША, дзе і памёр. У 2005 годзе ў Брэсцкай абласной бібліятэцы адбылася першая і пакуль што адзіная персанальная выстава копіяў твораў мастака.
Пулхаў Яўген Пятровіч (1908–1992). З сям’і чыгуначніка, нарадзіўся ў Баранавічах, бацькі пераехалі ў Пінск на пачатку 20-х г. Скончыў рэальную вучэльню, працаваў
землямерам. Фёдар Лаўроў быў яго першым настаўнікам малявання, які далучыў здольнага юнака да аздаблення Палескага кірмашу. Жывапісная спадчына Я. Пулхава таго часу сціплая — некалькі эцюдаў
алеем пінскіх цэркваў ды каплічак. Пазнейшыя творы мастака захаваліся няблага. Ладная калекцыя іх захоўваецца ў Пінскім краязнаўчым музеі. Улюблёная тэма яго акварэляў — нацюрморты з
кветкамі. Да 30-х угодкаў перамогі над Германіяй выканаў цыкл гравюраў. Шмат працаваў у галіне дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, займаўся роспісам керамікі і драўляных талерак. Прыкметны след Пулхаў
пакінуў як мастак-педагог. Па вайне працаваў метадыстам у Доме народнай творчасці. Адшукваў на Палессі майстроў інсітнага мастацтва. З 1953 года кіраваў студыяй. Вучнямі яго былі Хургель, Байрачны,
Шатохін, Шэер, Вярэніч, Глушко і інш.
* * *
Акрамя Віленскай школы мастакоў і пінскай мастацкай арцелі ёсць факты, якія сведчаць пра існаванне ў Заходняй Беларусі і іншых мастацкіх асяродкаў. Трэба шукаць. Бо апрача ўласна мастацкіх вартасцяў,
гэта спадчына мае ўжо неацэнную дакументальную і гісторыка-культурную значнасць. Бо вяртанне гэтай спадчыны дапаможа нам нарэшце ўсвядоміць, як стала прырастаць да твару беларуса накінутая маска
расійска-савецкай культуры, прыпарошаная стандартнымі элементамі «мясцовага каларыту», якіх рысаў адметнага нацыянальнага твару мы пазбавіліся за 70 год «торжества
соцреализма». А значыць, мы зможам лепш зразумець, як
--------------------------------------------------------------
Мал.1. М. Дабужынскі. Віцебск. Акварэль.
Мал.2 А. Лазіцкі. За камышом.
Мал.3 А. Лазіцкі . Стары ў брылі.
Мал.4 Іван Дзіміч з сынам. 30-я гады ХХ ст.
Мал.5 Арсень Заяц