Загадка Давіда Кеймаха

Гісторыя аперацыі «Кабан» пачыналася на Лагойшчыне, бліз Янушкавічаў. У Руднянскім бары размяшчалася база атрада «Дзімы», які вырас з разведвальна-дыверсійнай групы. Сапраўднае імя камандзіра атрада — зусім не Дзіма, а Давід Ільіч Кеймах...

 Давід Ільіч Кеймах. Фота Галіны Каржанеўскай

 Давід Ільіч Кеймах. Фота Галіны Каржанеўскай


Гісторыя забойства гаўляйтара Вільгельма фон Кубэ дастаткова асветленая ў айчыннай гістарыяграфіі. Але па некаторых эпізодах дасюль няма пэўнасці. Гэта забойства, па словах пісьменніка Анатоля Валахановіча, парасло «рознымі міфамі, легендамі, паданнямі, былямі, былічкамі».

Кубэ і Сталін

Навошта Сталіну спатрэбілася забіваць генеральнага камісара Беларусі і чаму вакол па­дзеі пасля паднялося столькі каламуці?

Пытанне гэта для дзядулі Фрэйда. Безумоўна, адказнасць за здадзеную ворагу савецкую тэрыторыю і буйныя паразы на савецка-германскім фронце цалкам ляжыць на генеральным сакратары ЦК КПСС, які падмяў і партыю, і ўсе органы кіраўніцтва Савецкім Саюзам. Калі не на ўзроўні сумлення, то на ўзроўні логікі Сталін не мог не ўсведамляць сваёй адказнасці. Кубэ заплаціў жыццём не за тое, што быў больш жорсткім, скажам, за «галоўнага эсэсаўца» Курта фон Готберга, — ён заплаціў за сваю пасаду. Бо ўвасабляў сабой нямецкую адміністрацыю на значнай частцы акупаванай тэрыторыі.

Для цывільных жыхароў Мінска помста намесніку Гітлера абышлася дорага. Называюць лічбу да дзесяці тысяч павешаных і расстраляных. Акрамя таго, выканаўцы зрабілі падарунак СС і СД, з якімі генеральны камісар быў, што называецца, на нажах. Ён пастаянна пісаў на іх скаргі і данясенні ў Вермахт. Аўтары кніг, прысвечаных ліквідацыі Кубэ, Анатоль Валахановіч і Леанід Зубараў сцвярджаюць, што гаўляйтар пратэставаў супраць «варварскіх метадаў» акупацыі Беларусі, быў праціўнікам забойства яўрэяў (асабліва прывезеных з Рэйха), цаніў іх майстравітасць і даваў працу. «Кубэ не разумее нашых задач», — гаварыў Гімлер.

Аперацыя «Кабан»

Гісторыя аперацыі «Кабан» пачыналася на Лагойшчыне, бліз Янушкавічаў. У Руднянскім бары размяшчалася база атрада «Дзімы», які вырас з разведвальна-дыверсійнай групы. Вакол такіх груп (іх называлі спецгрупамі) у Лагойскім і былым Плешчаніцкім раёнах сфарміравалася нямала партызанскіх атрадаў. У атрадзе «Дзімы» ваявалі будучыя настаўнікі Янушкаўскай школы: Уладзімір Рыбчык і Іосіф Марцынкевіч. Сувязной атрада была Гелена Ляшчынская, якая толькі ў 1970-я з дапамогай сына, ваеннага журналіста, атрымала статус удзельніцы вайны.

Сапраўднае імя камандзіра атрада — зусім не Дзіма, а Давід Ільіч Кеймах. Адэсіт быў закінуты на акупаваную зямлю Галоўным разведупраўленнем Генштаба Чырвонай Арміі. Насамрэч, Кеймаха закідвалі ў Беларусь двойчы. Першы раз — з паплечнікам і сябрам Рыгорам Ліньковым у верасні 1941-га. Адпраўляць разведчыкаў на зіму, без дастатковай падрыхтоўкі і ведання сітуацыі, было памылкай. І дэсант сапраўды аказаўся няўдалым. З васьмі самалётаў з-за моцнага ветру два павярнулі назад, чатыры збіліся з курсу. Загінула радыстка, двое трапілі ў палон. Толькі праз месяц знайшоўся Лінькоў. Ён і прыняў рашэнне: Кеймаху, у якога абвастрыўся туберкулёз, з групай партызанаў прабівацца да сваіх.

У сакавіку 1942 года ГРУ закінула разведчыка ў беларускія лясы паўторна. З Халапенецкага раёна ён перайшоў на Лагойшчыну і ваяваў у атра­дзе пад камандаваннем Васіля Шчарбіны. Калі той праводзіў заняткі, здарылася бяда: у руках узарвалася міна. Загінула група маладых падрыўнікоў. Кеймаха прызначылі камандзірам. У тым жа годзе ён атрымаў званне капітана. У пачатку 1943-га быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Усе бліжэйшыя паселішчы адносіліся да Барысава-Бягомльскай партызанскай зоны. Атрадныя разведчыкі і радысты спыняліся ў вёсцы Бабры. Вясковыя жыхары забяспечвалі байцоў усім неабходным. Многія мелі пастаянны абавязак: неслі начную варту, пяклі хлеб, рамантавалі абутак, тапілі лазню. Жыхарка вёскі Любоў Ваўчок ведала і самога Кеймаха, і яго жонку. З іх дачкой-аднагодкай Люба не раз гуляла, партызаны вучылі дзяўчынак ездзіць на малым коніку.

Кеймах і Осіпава

«Дзімаўскі» атрад, як і атрад «Бальшавік», меў цесныя сувязі з мінскім падполлем. Менавіта Кеймах здолеў прыцягнуць да падрыхтоўкі замаху на Кубэ Марыю Осіпаву — што і прадвызначыла поспех справы. У архіўных дакументах Осіпава афіцыйна лічыцца не толькі падпольшчыцай, але і партызанкай атрада «Дзімы».

З асобай камандзіра і самім атрадам звязана некалькі загадак ваеннага часу. Адна з іх — чаму загінулага перад спецаперацыяй камандзіра «забылі» пры раздачы ўрадавых узнагарод. А галоўнае — чаму імя камуніста, разведчыка, ардэнаносца Давіда Кеймаха вы не знойдзеце ні ў адной савецкай энцыклапедыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Па невядомай прычыне, яно выкраслена з гісторыі ВАВ (партызанскай дзейнасці ў даведачнай літаратуры ўвогуле выдзяляецца мінімальная колькасць тэксту).

Не знаходзіла я імя Кеймаха і ў салідным выданні «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков» («Беларусь», 1983–1985). Сапраўднае прозвішча «Дзімы» там вынесена дробным кеглем у спасылку — з тым, каб не выпала іншае партызанскае падраздзяленне і пры гэтым не спатрэбілася выносіць прозвішча ў імянны ўказальнік. Заслуга ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі прыпісваецца нейкаму безназоўнаму «гарадскому падполлю», а вёска Бабры (што самае дзіўнае) прыпісваецца да Барысаўскага раёна.

Між тым маем сведчанне ад кіраўніка Барысаўска-Бягомльскага партызанскага злучэння, двойчы героя Рамана Мачульскага. «Райкомаўцы і партызаны Лагойшчыны жылі ў тыя дні радаснай весткай: у спецатрада «Дзімы», які размяшчаўся ў тутэйшых лясах, атрымалася расправіцца з катам беларускага народа, «генеральным камісарам» Беларусі Вільгельмам Кубэ. Гэтая складаная аперацыя была распрацавана камандзірам спецатрада Давідам Ільічом Кеймахам сумесна з начальнікам штаба атрада Дзмітрыем Фёдаравічам Чупрысам і начальнікам разведкі і контрразведкі Якавам Іванавічам Свентаржыцкім».

Кеймах разам са Свентаржыцкім якраз і сустракаліся з Марыяй Осіпавай, якая лічыла сябе галоўнай фігурай гучнага — як сказалі б сёння — тэракту.

Музей у Янушкавічах. Фота Галіны Каржанеўскай

Музей у Янушкавічах. Фота Галіны Каржанеўскай

Осіпава і Мазанік

З пачатку лютага 1943-га разведчыкі, падпольшчыкі і партызаны палявалі на Кубэ. Справа не ішла. Кубэ не з’яўляўся ў патрэбным месцы і ў патрэбны момант, як быццам яго берагла вышэйшая сіла.

Угаварыць Алену Мазанік на замах было складанай задачай. Жанчыну мучылі маральныя пакуты: «Як я магу забіць майго добрага генерала? Я ж і курыцу не магу зарэзаць». Яна шкадавала цяжарную жонку свайго «татачкі», якая добра да яе ставілася і абяцала забраць у Германію. Сувязную Надзею Траян яна лічыла правакатаркай і не давярала ёй. Тая сама ўсё сапсавала: прапаноўвала грошы.

На пакаёўку насядалі з розных бакоў: угаворвалі, застрашвалі, перадавалі прывітанні ад мужа. Адна група пераходзіла дарогу другой, але да Мазанік падабрацца не маглі: яна была занадта асцярожнай. З дапамогай роднай сястры Алены Валянціны Шчуцкай, праз дырэктара мінскага кінатэатра Мікалая Пахлябаева Осіпаву наўпрост выводзяць на «Грос Галіну», яны сустрэліся.

Праект быў дужа рызыкоўным. Мазанік баялася не толькі за сябе, але і за родных. Калі жанчыну нарэшце ўламалі, заставалася не менш важная частка — даставіць у асабняк гаўляйтэра выбуховае прыстасаванне. Магнітную міну падрыхтавалі «дзімаўцы». Перадавалі яе Осіпавай у Янушкавічах, у хаце Вярбіцкіх, на месцы якой збудаваны музей партызанскай славы (там устаноўлены памятны знак-валун). Навучыў карыстацца ёй камандзір групы падрыўнікоў Пётр Трашкоў. Осіпава з сяброўкай праз Саўдзеневічы панесла англійскую «цацку» ў горад.

У дакументальных фільмах розных часоў існуе неверагодная блытаніна наконт факта, хто ж усё-такі дабраўся да Кубэ. У адной са стужак лаўры прыпісваюць Лапаціну (атрад «Дзядзі Колі») і над іншымі фігурантамі справы прыўзнімаецца фаварытка Кубэ доктарка Таццяна Каліта. Каліту лічыў несправядліва абыдзенай і Валахановіч, аўтар кнігі «Узлёты і падзенні Вільгельма Кубэ: яго бачанне будучыні Беларусі». Між тым медычка была выстаўлена з асабняка Анітай Кубэ яшчэ ў маі 1943-га і ў далейшых падзеях удзельнічаць не магла.

У другім опусе (расійскай вытворчасці) двойчы ўпаміна­юць прадстаўніка 4-га Упраўлення Мікалая Хахлова, які беспаспяхова спрабаваў схіліць на свой бок пакаёўку гаўляйтара. Навідавоку няўдалая спроба вядомага ведамства падабраць крошкі ад чужога пірага, бо ўрэшце «расстрэльная кантора» засталася ні з чым. Затое аказаліся жывучымі міфы, гэтай канторай створаныя. Зноў і зноў нас імкнуцца пераканаць, што спецгрупа на Рудні адносілася да сістэмы НКУС і што партызаны «тут блізка не ляжалі». (Так у тэксце. — Г.К.)

Пасля забойства

Далейшае падрабязна апісана ў многіх творах і ў фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Не ўсім вядома, дарэчы, што асновай для стужкі паслужыў спектакль «Гэта было ў Мінску» на Купалаўскай сцэне. Расказваюць, што Уладзімір Уладамірскі, будучы народны артыст СССР, так пераканаўча іграў стаўленіка Гітлера, што публіка сціналася ад жаху.

Міна ірванула ў ноч з 21 на 22 верасня 1943 года.

Пасля таго, як «спыніўся га­дзіннік», мы яшчэ раз выходзім на лагойскі след: першую ноч пасля ўдалай спецаперацыі Алена Мазанік правяла ў Янушкавічах. Я даведалася пра гэта, працуючы над дакументальнай кніжкай, ад Ларысы Бутманавай (Марцынкевіч), ураджэнкі сяла. Мазанік прывезлі на ноч да іх бабулі Мальвіны Лукінічны Прахаровіч. На пограбе для аховы паставілі кулямёт. Што за жанчына і чаму яна тут начуе, ніхто не казаў. Сама госця перш калацілася ад страху, а пасля скакала і радавалася: «Папкі няма! Папкі няма!» Бабуля не магла даўмецца, што гэта за «папка» і чаму тут радавацца. Тым не менш, з гэтай нагоды выпілі па чарачцы.

А што ж Кеймах?

Незадоўга да падрыхтаванага замаху, у ноч з 13 на 14 верасня, Давід Кеймах таемна пакінуў атрад. Ён не паехаў на далёкі аэрадром — па яго спусцілася «страказа» і забрала на борт. Самалёт тройчы прызямляўся на лясных аэрадромах, забіраў параненых, вёз важныя разведзвесткі і «наградныя лісты», аднак да Масквы не даляцеў. Мяркуецца, што ён быў збіты ў раёне Вялікіх Лукаў.

Чацвёра партызанскіх камандзіраў выправіліся на сустрэчу са Сталіным. Кеймах, да таго ж, меў намер правесці кансультацыі з кіраўніцтвам Генеральнага штаба. Разам з ім вярталіся дамоў яго жонка і дачка. «Навошта ён іх з сабою браў?» — пытаецца баброўская бабуля. А я дзівуюся, як яны рызыкнулі ляцець на занятую ворагам тэрыторыю. Варанянскі вёз здабытыя лагойскімі партызанамі каштоўныя звесткі і спісы на ўзнагароды. Імёны двух іншых увогуле не паведамляюцца. Дзіўная гісторыя з гэтай мяркуемай сустрэчай… Спланаваць яе маглі або два Лаўрэнціі (Берыя і Цанава), або Панцеляймон Панамарэнка. І тут мы пераходзім да тэмы, хто і як дзяліў славу пасля выканання загаду Вярхоўнага камандуючага.

Цанава першы паспеў адрапартаваць, што расправу над «катам беларускага народа» здзей­снілі яго людзі — разведчыкі 4-га Упраўлення НКУС: «Група ГРУ пад кіраўніцтвам Фёдарава ніякіх прамых адносінаў да забойства Кубэ не мела». Надзея Траян, якая таксама атрымала зорку Героя, адзначана не за вынік, а за ўдзел: яна падстрахоўвала Мазанік, везучы на дамскім ровары ў сталіцу другую, ужо непатрэбную міну. Панцеляймон Панамарэнка, са свайго боку, ні з кім не збіраўся дзяліцца славай. У адным з данясенняў ён напісаў, што прадстаўнікі 4-га разведупраўлення «здольныя толькі прысвойваць баявыя справы партызан».

З Руднянскага бору данясення ў Цэнтр не паступіла. Чаму выканаўцы тэрмінова не паведамілі пра ўдалы выбух у атрад? І хто павінен быў паведамляць? Сувязныя? Пры адсутнасці камандзіра (пра яго гібель маўчалі яшчэ паўгода) гэты момант, магчыма, не быў агавораны. (Не спадзяваліся на ўдачу?) Кеймах быў тым галоўным звяном, без якога рассыпалася схема.

На патрабаванне з Цэнтра ўнесці яснасць у заблытанае пытанне, памочнік Кеймаха Мікалай Фёдараў у якасці арганізатара аперацыі сціпла назваў… сябе. Ну так, фактычна на той час ён ужо выконваў абавязкі камандзіра ці нават быў афіцыйна зацверджаны на пасадзе. Між тым, пра пышнае пахаванне Кубэ Фёдараў даведаўся толькі 26 верасня з нямецкай газеты!

Славу падзялілі, зоркі раздалі траім «дзяўчатам». Валянціна Шчуцкая і Мікалай Фёдараў атрымалі па ордэну Леніна. У апошнюю хвіліну ўспомнілі пра пакаранага на той час фашыстамі мінскага падпольшчыка Мікалая Драздова, які сыграў важную ролю ў перадачы міны. Начыста «забыліся» толькі на Давіда Кеймаха, які быў рухавіком і распрацоўшчыкам плана «Кабан».

Сямейныя магілы блакаднікаў у вёсцы Янушкавічы. Фота Галіны Каржанеўскай

Сямейныя магілы блакаднікаў у вёсцы Янушкавічы. Фота Галіны Каржанеўскай

Незаўважаны герой

Напрошваецца пытанне, чаму Фёдараў (вышэйшы, дарэчы, па званні, за свайго начальніка) перавёў стрэлкі на сябе. Што калі Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, разважаю я, не давялі пра збіты пры пералёце экіпаж? Або давялі нашмат пазней? Памочніка маглі папярэдзіць, каб маўчаў пра камандзіра, інакш інфармацыя дойдзе да Сталіна. А той пацікавіцца: хто такі? А дзе ён? Ах, збілі! А хто не забяспечыў бяспеку палёту? Падаць мне яго сюды!.. Такім чынам, падобна, закрывалі тэму збітага борта. Добра Варанянскаму: ён Кубэ не забіваў і таму мае вуліцу ў сталіцы.

Адносна таго, як дастаўлялі ў Маскву Чорную, Галю з сястрой і Фёдарава (псеўданім «Колокол»), няма недагаворак. Мы ведаем лётчыкаў: гэта Пакроўскі і штурман Баравы, ведаем марку самалёта: СІ-47, бартавы нумар 822. Але чаму грамадскасць дасюль не ведае ні імёнаў пасажыраў, ні экіпажу збітага борта, на якім ляцелі Варанянскі з Кеймахам? Пытанне без адказу. Невядомасць і завеса сакрэтнасці даюць падставу для розных здагадак і домыслаў.

Справа, канешне, не толькі — і не столькі — ва ўзнагародах, колькі ў арэоле далейшай сакрэтнасці вакол Кеймаха. Ён не быў пад падазрэннем, ні ў чым не правініўся перад Савецкай уладай. Яго не дапытвалі на Лубянцы, як генерала Нічыпаровіча. У чым жа справа?

Так, віна Кеймаха не мае тэрміну даўнасці… «Дзіма» належаў да армейскай разведкі, якую Берыя не прызнаваў, і ён жа пасмеў абскакаць «Самога»! Няйначай капітан стаў ахвярай міжведамаснай канкурэнцыі. Аўтарам (і цэнзарам) першага даведніка, прысвечанага партызанскай барацьбе, быў шэф дзяржбяспекі БССР Цанава. Імя непасрэднага кіраўніка аперацыі па ліквідацыі Кубэ было папросту праігнаравана. Пазней, у іншых выданнях прыбралі ўсялякія спасылкі на атрад «Дзімы» і на дыслакацыю атрада, гэта значыць — на Лагойскі раён. Няма сумневаў: існавала (і не адменена!) негалосная забарона на імя.

Аднак імя гэтае праўдамі і няпраўдамі ўсё ж прасочвалася на старонкі айчынных выданняў. На старонцы 340 2-га тома «Всенародной борьбы…» цэлы абзац прысвечаны атраду «Дзімы». Гаворка ідзе пра звычайныя дыверсіі і сувязь з гарадскім падполлем, пра групу Осіпавай (не было ў яе ніякай «сваёй» групы!). Пры гэтым аўтары відавочна «цямняць»: гаворыцца пра дыверсіі і разведку, але без сувязі з аперацыяй «Кабан».

І тут я здагадалася праверыць імянны ўказальнік. Аказалася, што Фёдараў у ім прысутнічае, а Кеймах выпаў. Як быццам не праходзіў у змесце! Вось і думай што хочаш. Не то вучоныя мужы прыдумалі, як абвесці вакол пальца цэнзара, не то змушаны былі «пачысціць» імянны спіс ад канкрэтнага непажаданага прозвішча.

Партызанскі лагер. Фота Галіны Каржанеўскай

Партызанскі лагер. Фота Галіны Каржанеўскай


Рэабілітаваць Кеймаха

Здавалася б, гістарычную несправядлівасць маглі выправіць сучасныя аўтары. Згаданы Л.Зубараў («Расплата», 2008) мадэлюе дыялогі Кеймаха з таварышамі, аздабляе аповед мастацкімі эпізодамі. Пры гэтым пазбягае ўсялякай геаграфічнай прывязкі: не называе дакладных месцаў дыслакацыі атрада — ні вёсак, ні сельсавета, ні раёна. Як, напрыклад, зразумець сказ: «Дзіма» з атрадам падаўся ў дальнія мясціны». Або: «Атрад перабазіраваўся бліжэй да сталіцы Беларусі». Як быццам аўтар баіцца парушыць даўно ўстаноўленыя рамкі адносна таго, што можна гаварыць, а што — нельга.

Анатоль Валахановіч, з якім мне пашчасціла стэлефанавацца незадоўга да яго смерці, расставіў кропкі над «і», падрабязна апісаўшы этапы падрыхтоўкі ліквідацыі гаўляйтара і ўдзел усіх ключавых фігур у гэтай нашумелай палітычнай дзеі. У кнізе прайшла недакладнасць: атрад «Дзімы» не далучыўся да Чырвонай Арміі пры наступленні. Яго, па сутнасці, расфарміравалі. Новапрызначанага Фёдарава перавялі ва Украіну, ён загінуў у Польшчы і пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Загінуў начальнік штаба Дзмітрый Чупрыс, пераведзены ў брыгаду «Штурмавая». Без вестак знік камандзір атраднай разведкі Якаў Свентаржыцкі. Атрад «імя Дзімы» не згадваецца сярод тых, што знаходзіліся ў аблозе на возеры Палік. Значыць, ён перастаў існаваць як воінская адзінка.

Да сённяшняга дня гісторыкі прытрымліваюцца старых правілаў гульні. Возьмем адносна свежую публікацыю («Звязда» 04.07.2016). Яўген Бараноўскі піша аб прадстаўніках розных нацыянальнасцяў у партызанскім і падпольным руху Беларусі. Сярод камандзірскага складу называюцца рускія, украінцы, грузіны, армяне, латышы і літоўцы… З прыкладамі, з канкрэтнымі прозвішчамі. Няма толькі аднаго прадстаўніка — яўрэя Давіда Кеймаха. Не думаю, каб кандыдат гістарычных навук скардзіўся на памяць. Піша ж ён пра гібель Варанянскага, пра тое, што ў біяграфіі не ўказваюцца прычыны і дата смерці. Але ж гэтыя відныя ўдзельнікі партызанскага руху ляцелі на адной «страказе»!

Прымушае задумацца такая загадкавая фраза: «Па афіцыйнай версіі, самалёт быў збіты. Але парэшткі яго і іншыя сведчанні трагедыі ніхто не бачыў». Не бачыў, бо не шукаў! Па ідэі, пасля вызвалення тэрыторыі дзяржаўная камісія мусіла правесці расследаванне. Не над тайгой упаў савецкі самалёт — на заселенай тэрыторыі.

7 верасня 1943 года Кеймах яшчэ прысутнічаў на сходзе камандзіраў. Праз тыдзень яго не стала сярод жывых. Далей савецкія ідэолагі, як згаварыўшыся, паводзілі сябе так, быццам яго не існавала ўвогуле.

«Зямля бацькоў, Лагойшчына мая… Край неўміручай партызанскай славы», — пісаў народны паэт Беларусі, ураджэнец і пясняр гэтага краю Ніл Гілевіч. Выснова гэтая, на жаль, афіцыйнай гістарыяграфіяй не пацвярджаецца. На прыкладзе аднаго лёсу мы маем яскравы прыклад фальсіфікацыі значных падзей крывавай і пераможнай вайны 1941–1945 гадоў.