У цэнтры Мінска знайшлі скарб канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя

Залатыя манеты часоў Мікалая ІІ, пярсцёнак, зубныя каронкі, ланцуг — усе гэтыя рэчы выявіліся падчас рэканструкцыі інжынерных камунікацый у парку Марата Казея.

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва

«Мы літаральна ходзім па золаце»

На артэфакты натрапіў супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, экскурсавод і сябра Грамадскай назіральнай камісіі па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Павел Каралёў. Звычка аглядаць земляныя насыпы падчас работ у яго з’явілася пасля таго, як год таму падобныя працы праводзіліся ў парку Янкі Купалы ля музея паэта. Тады будаўнічая тэхніка раскапала падмуркі дамоў братоў Луцкевічаў і лазні Плаўскага, якая стаяла на гэтым месцы да вайны і дзе парыліся многія вядомыя беларускія дзеячы, у тым ліку сам народны паэт. Дзякуючы намаганням Паўла Каралёва ўдалося захаваць падмуркі, а заадно сабраць з зямлі некаторыя прадметы ўжытку: фрагменты кафлі і посуду канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.


Такія ж рэчы трапляліся Паўлу Каралёву і ў парку Марата Казея. Але днямі яго ўвагу сярод насыпанай зямлі прыцягнула нешта жоўтае. Павел падумаў, што гэта савецкі пятак, але калі дастаў знаходку, аказалася, што гэта залатая манета з выявай Мікалая ІІ. Побач аказаліся яшчэ манеты, зубныя каронкі, ланцуг, пярсцёнак, яшчэ манеты… Там жа быў кавалак тканіны — Павел мяркуе, што скарб быў закручаны ў яе.

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва


Экскурсавод папрасіў рабочых спыніць працы і патэлефанаваў археолагу Сяргею Дзярновічу, які вядзе археалагічны нагляд на аб’екце. Той выклікаў калегу з металашукальнікам. Апроч знойдзеных Паўлам 16 манет спецыялісты знайшлі яшчэ 8, яны датуюцца 1898, 1901 гадамі і да нашых дзён захаваліся ў вельмі добрым стане. Пасля ўвесь скарб забраў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза.
Павел Каралёў мяркуе, што адна з версій паходжання скарба звязаная з Другой сусветнай вайной, але прызнаецца, што ўпершыню сутыкнуўся з гэтай з’явай і не можа сцвярджаць дакладна. Верагодна, нехта сабраў усе свае самыя каштоўныя рэчы і вырашыў прыхаваць іх да лепшых часоў, аднак чамусьці не скарыстаў.
— Хоць для нас скарб — гэта цікава, але за кожным з іх стаіць пэўная трагедыя, бо чалавек гэты скарб не мог забраць. Часцей за ўсё гэта звязана са смерцю. Магчыма, гэта трагедыя і некалькіх людзей, — гаворыць Павел.
На жаль, даволі часта схаваныя ў зямлі прадметы даўніны, якія дастае будаўнічая тэхніка, вывозяцца на сметнік.
 Мне шкада, што гэта мала каму патрэбна, — гаворыць Павел. — Было б добра, каб у Тэатр оперы і балета можна было прыйсці і ўбачыць экспазіцыю пра Траецкую гару (гістарычная назва месца, на якім стаіць тэатр, а таксама яго ваколіцы. — НЧ), тыя знаходкі, якія дасталі з ямінаў, якія тут вырылі. Бо мы літаральна ходзім па золаце.

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва


«Дакладна сказаць, адкуль гэтыя рэчы, вельмі малаверагодна»

Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Сяргей Дзярновіч, які вядзе археалагічны нагляд на тэрыторыі, дзе праводзяцца работы, зазначае, што, з навуковага пункту гледжання, асаблівай сенсацыйнасці ў знойдзеным скарбе няма. Хаця, гаворыць ён, такія з’явы — усё ж рэдкасць.
— У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя тут быў далёка не цэнтр, — аналізуе даследчык мясцовасць, дзе быў знойдзены скарб. — Забудова тут была, але не настолькі рэгулярная і шчыльная, як на Верхнім горадзе. Падчас будаўнічых прац я бачыў, што гэтая тэрыторыя ўжо перапланаваная. Пасля Другой сусветнай вайны ішлі вялікія працы па рэканструкцыі Мінска. Лічыцца, што забудова, якая тут была, выгарэла ў чэрвені-ліпені 1941 года. Гэтыя руіны былі перамяшаныя з будаўнічым друзам, які вывозіўся напрыканцы 1940-х — 1950-х. Таму дакладна сказаць, адкуль гэтыя рэчы, на сённяшнім этапе вельмі малаверагодна.
Сяргей Дзярновіч гаворыць, што знойдзены скарб быў сабраны пэўнай сям’ёй з жадання мець фінансавую стабільнасць, «падушку бяспекі». Назапашвала гэтыя рэчы адно пакаленне ці некалькі, сказаць таксама цяжка: Першая сусветная, Грамадзянская вайна, першыя Саветы, Другая сусветная, — пачатак ХХ стагоддзя быў вельмі нестабільны. 
— Для мяне пакуль што гэта — рэчы з жоўтага металу. Наколькі яны каштоўныя, можна будзе сказаць пасля вывучэння, — зазначае археолаг.
Цяпер прадметы перададзеныя ў Інстытут гісторыі і будуць захоўвацца там, пакуль Сяргей Дзярновіч не падрыхтуе справаздачу па іх. Потым будзе праведзеная іх атрыбуцыя, прычым не толькі складнікаў скарбу, а ўсіх рэчаў, якія трапілі на ўлік падчас археалагічнага нагляду на гэтай тэрыторыі. Пасля будзе прымацца рашэнне, у які з музеяў іх перадаць.
— Для таго, каб захоўваць рэчы з каштоўнага металу, у арганізацыі павінна быць ліцэнзія. Па маім меркаванні, увесь комплекс — керамічны, металічны, шкляны, у тым ліку скарб, знойдзены на адным участку (летась працы ішлі ў парку Янкі Купалы, сёлета — насупраць, але з пункту гледжання горадаўтварэння гэта адзін участак, які забудоўваўся і развіваўся ў адным кантэксце), — лагічна было б перадаць на захаванне ў адно месца. З улікам таго, што рэчы знойдзены на тэрыторыі, якая прылягае да музея Янкі Купалы, можна разглядаць пытанне перадачы туды. Але гэта ўжо не мая кампетэнцыя, — гаворыць археолаг.

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва

Фота з фэйсбука Паўла Каралёва


Знойдзеныя манеты і цяпер выкарыстоўваюць для інвестыцый

Паводле слоў Рамана Крыцука, спецыяліста па нумізматыцы, за апошнія некалькі гадоў падобныя скарбы былі знойдзеныя ў Гродне, а таксама ў Мінску за будынкам чыгуначнага вакзала, але рэчаў там было менш.
Ён тлумачыць, што знойдзеныя ў парку Марата Казея манеты шырока выкарыстоўваліся менавіта ў якасці дэпазіту і ў даваенныя, і ў пасляваенныя часы.
Спецыяліст мяркуе, што знойдзены ў скарбе ланцуг, верагодна, быў часткай гадзінніка. Гледзячы на фота, Раман можа меркаваць, што гэта пазалота, але дадае, што патрэбны больш дэтальны агляд.  
— Што тычыцца навуковай цікавасці, то праблема ў тым, што перыяд скарбаў ХХ стагоддзя слаба даследаваны. Вялікую колькасць такіх скарбаў, знойдзеных у савецкі час, перадавалі ў міліцыю, а потым яны ішлі ў Дзяржсхоў СССР.
Што да кошту скарба, нумізмат гаворыць, што ў часы Расійскай імперыі гэта была «даволі значная сума». Пра савецкія часы казаць складана, бо тады золата можна было афіцыйна здаць толькі ў ламбард па вельмі невысокім кошце. Цяпер жа такія манеты даволі распаўсюджаныя, і іх кошт залежыць ад розных фактараў — металу, ступені захаванасці.
 Калі паглядзець у інтэрнэце, то 5 рублёў каштуе манета, калі яна падрапаная ці дэфармаваная. Калі яна ў добрым стане, то яе кошт большы — ад 170 да 200 долараў у залежнасці ад года выпуску, стану. Звычайна такія манеты выкарыстоўваюцца больш не для калекцыянавання, а як інвестыцыйныя. Калі ў вас ёсць грошы, але вы не давяраеце банкаўскай сістэме ці не жадаеце набываць долары, то вы набываеце манеты такога тыпу.