Спадчына Храптовічаў у Шчорсах: што далей?
Сёлета цягам летніх месяцаў у Шчорсах на Карэліччыне, на тэрыторыі былых уладанняў Храптовічаў, прайшоў цэлы шэраг летнікаў. Валантэры чысцілі стары шляхецкі парк ды гаспадарчы двор. Але калі чакаць рэальнага рэзультату і як ён мае выглядаць?
Палацава-паркавы комплекс у Шчорсах некалі быў адной з пярлінай старажытнай Наваградчыны. Тут захоўвалася ўнікальная бібліятэка, дзе працаваў Адам Міцкевіч, а гаспадарчы двор у Мураванцы (10 хв. пешкі ад цэнтру Шчорсаў) не толькі адпавядаў апошнім тэхналогіям ХІХ-пач. ХХ стст., але яшчэ і быў аформлены ў стылі неараманскага замку з двума вежамі на заездзе.
Час заняпаду
Сам палац спалілі казакі ў 1915 годзе, а рэшткі разабралі камсамольцы ў 1950-я. Парк, флігельныя пабудовы ды гаспадарчы двор таксама прыйшлі ў заняпад за савецкім часам. У выніку, сёння мы маем велічныя руіны ў Мураванцы і «джунглі Барнэа» замест парку… Што рабіць? «Прыводзіць у парадак і аднаўляць!» — так лічаць валантэры адразу з некалькіх арганізацыяў, што зараз займаюцца Шчорсамі.
Час валантэраў
Некалькі валантэрскіх вартаў былі арганізаваныя фондам «Шчорсы і Храптовічы» і асабіста Ганнай Булдай — гэта былі студэнты розных ВНУ, якія праводзілі ў Шчорсах у сярэднім па два працоўныя тыдні. На апошнім этапе, у другой палове жніўня, да працы далучыліся валантэры Таварыства аховы помнікаў.
Што рабілі валантэры? Праца ішла на двух аб’ектах: гаспадарчы двор Храптовічаў у Мураванцы валантэры чысцілі ад падлеску ды пустазелля, а стары парк — ад смецця і сухастою. Пасля працоўнага дня маладзёнаў (з-большага гэта хлопцы і дзяўчаты ад 18 да 27) чакала культурная праграма: выступы гісторыкаў і музыкаў, сярод якіх апынуліся Алесь Краўцэвіч, Мікола Плавінскі, Алесь Дзянісаў ды інш.
Апошняе слова за экспертамі ды нашчадкамі Храптовічаў
Пачатак працы пакладзены, але, напрыклад, старшыня Таварыства Антон Астаповіч, які таксама наведаў летнік, звярнуў увагу на па-першае вялізныя маштабы працы (аднаго парку тут дзесяткі гектараў), па-другое — на адсутнасць праекту аднаўлення. Дагэтуль невядома, які выгляд мае набыць парк у выніку, які функцыянал мае займець Мураванка?.. Згодна сп. Астаповічу, падобная кабінетная экспертная праца яшчэ наперадзе — для гэтага акурат ёсць халодная паравіна году.
Паводле Юрася Меляшкевіча, намесніка старшыні Таварыства, падобныя працы найперш маюць быць сагласаваныя з Мінкультам ды непасрэдна з нашчадкамі Храптовічаў, якія зараз жывуць у ЗША. Напрыклад, Пётр Храптовіч-Буценеў асабіста бываў у Шчорсах і выказваў цікавасць да спадчыны сваіх продкаў.
Фотаздымкі аўтара, Алесі Каролік, Яны Літвінчук