Рыгору Кобецу 110

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага драматурга, кінасцэнарыста і тэатральнага дзеяча Рыгора Кобеца. І ўжо прайшло 20 гадоў, як ён пайшоў ад нас у іншы свет. Яго жыцця хопіць на некалькі прыгодніцкіх раманаў, драм і трагедый. Такі яму выпаў час. Такім быў яго характар. Юнацтва — праз полымя дзвюх рэвалюцый і грамадзянскай вайны, пад свіст ідэй і куль. Пратэст і пошук праўды. Анархісцкая суполка, Аўстрыйскі фронт, войска Махно. І покліч талента да пяра, які перамагаў усё. З 1920-х гадоў



43b52842663fa6e4100c72751d08de6f.jpg

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага драматурга, кінасцэнарыста і тэатральнага дзеяча Рыгора Кобеца. І ўжо прайшло 20 гадоў, як ён пайшоў ад нас у іншы свет. Яго жыцця хопіць на некалькі прыгодніцкіх раманаў, драм і трагедый. Такі яму выпаў час. Такім быў яго характар. Юнацтва — праз полымя дзвюх рэвалюцый і грамадзянскай вайны, пад свіст ідэй і куль. Пратэст і пошук праўды. Анархісцкая суполка, Аўстрыйскі фронт, войска Махно. І покліч талента да пяра, які перамагаў усё. З 1920-х гадоў
— у Беларусі: качагар, рабкор, журналіст, паэт, пісьменнік і драматург. Да вяршынь. І... да ГУЛАГа.
Першы прафесійны кінадраматург, аўтар першага гукавога і першага беларускамоўнага фільма «Двойчы народжаны», аўтар сусветна вядомай кінакамедыі «Шукальнікі шчасця» і іншых таленавітых твораў.
У 1935 годзе ён першы з беларускіх пісьменнікаў (разам з Анатолем Вольным) атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў за вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускага кіно. А ў 1938-м — рэпрэсаваны. 22 гады
— у лагерах і ссылках. Поўнасцю рэабілітаваны толькі ў 1960 годзе. 2010-ы юбілейны год можна лічыць шчаслівым у творчай біяграфіі напаўзабытага пісьменніка. Нядаўна ўбачыла свет кніга яго выбраных твораў, выдадзеная ў серыі «Беларускі кнігазбор», у якой упершыню надрукаваны яго кінасцэнарыі.
4 лістапада музей Янкі Купалы адзначыў 110-ю гадавіну з дня нараджэння Рыгора Кобеца. Супрацоўнікі музея назвалі гэта свята «Шукальнік шчасця». Напярэдадні стала вядома, што ў снежні да Дня работнікаў беларускага кіно БТ плануе паказаць фільм «Шукальнікі шчасця». Фільм, які і праз 75 гадоў пасля выхаду на экраны застаецца цікавым для сучаснага гледача. І вакол якога віруюць новыя жарсці. Такое вось парадаксальнае пацвярджэнне мастацкай вартасці даўняй кінастужкі, знятай па сцэнару Рыгора Кобеца.
Пра фільм і яго новыя прыгоды — аповед дачкі драматурга. Са згоды аўтара друкуем у скарачэнні.
-----------------------------------------------------------------------------
Залатая жыла
Алена КОБЕЦ-ФІЛІМОНАВА
«Пиня ехал, Пиня шел, Пиня золото нашел». Гэту песеньку прыдумалі кінагледачы пра свайго любімага героя Піню з сатырычнай кінакамедыі «Шукальнікі шчасця».
1928 год. З розных раёнаў Савецкага Саюза і нават з-за мяжы едуць на Далёкі Усход яўрэі-перасяленцы будаваць новую радзіму, савецкі Бірабіджан (Яўрэйскую аўтаномную вобласць). Іосіф Сталін выдзеліў для гэтай будоўлі дзікія, неапрацаваныя таежныя землі на беразе Амура.
Ніхто не ведаў, што Сталін задумаў на гэтай зямлі заснаваць ВПЛ (выхаваўча-працоўны лагер) для «дэкласаванай нацыі», якая быццам бы не прыносіць ніякай карысці дзяржаве. У другой палове 1930-х гадоў, калі пачнецца «вялікі тэрор» (1937-1938), ужо будуць пабудаваныя адна турма і чатыры лагеры. Напрыканцы 1940-х пад выглядам барацьбы з касмапалітызмам закрыюць яўрэйскі тэатр, яўрэйскія школы, спаляць кнігі на ідыш, сінагогу. Адновяцца арышты і расстрэлы бязвінных людзей. Але напачатку 1930-х гадоў пра запланаваны Сталінам генацыд ніхто не ведаў.

Ілюстрацыі ўзяты з кнігі Алены Кобец-Філімонавай «Калі ўцякала сонца»,
Мінск, «Кнігазбор», 2006

 


Не ведалі гэтага і аўтары кінафільма «Шукальнікі шчасця», і таму абвінавачваць іх у лакіроўцы рэчаіснасці нельга. У першых варыянтах сцэнарыя былі эпізоды і рэплікі, якія не прапусціла цэнзура.
Дык пра што гэты фільм? Пра адну яўрэйскую сям'ю, сям'ю старой Двойры, якая ў пошуках шчасця пакінула мяжу аселасці вялікадзяржаўнай Расіі, маленькае яўрэйскае мястэчка ў Літве.
Блукаючы па свеце, сям'я апынулася ў Палесціне, але і там не знайшла свайго шчасця, і паехала ў савецкі Бірабіджан. Сям'я працуе ў калгасе «Ройтэ Фэлд» («Чырвонае поле»). І толькі Піня працаваць у калгасе не захацеў, і тайна ад усіх шукаў у тайзе золата. Аднак яго мара—разбагацець і купіць за мяжой фабрыку падцяжак — лопнула як бурбалка.
Піня — галоўны герой фільма. Піня Копман, «кароль падцяжак». Вакол гэтага вобраза і зараз не сціхаюць спрэчкі. Адны крытыкі па-ранейшаму лічаць яго дармаедам, іншыя трактуюць гэты вобраз па-новаму. Адзін украінскі літаратуразнаўца сказаў: «Дажыві Піня да нашых дзён, ён стаў бы ўсімі паважаным камерсантам».


Вобраз Піні ў выкананні артыста Веньяміна Зускіна (расстралянага ў 1952-м) — самы яркі ў сцэнарыі і ў фільме. Яго рэплікі сталі крылатымі выслоўямі: «Мой арганізма не прымае цяжкай працы», «У мяне галава, і аба мне не турбуйцеся»...
І ў мінулыя гады, і сёння большасць успрымае гэты фільм як вясёлую кінакамедыю. Глядач палюбіў Піню—маленькага няшчаснага чалавека, які выклікае спачуванне і смех адначасова. Акрамя Піні, у фільме цэлы шэраг яркіх вобразаў — няўдачлівы жаніх, улюбчывы таўсцяк Шлёма, маці вялікай сям'і, якая кранае сваёй чуллівасцю і ў горы, і ў радасці.
Фільм стаў сусветна вядомым. Поспех яго тлумачыцца перш за ўсё таленавітымі сцэнарам (Рыгор Кобец, сааўтар яго вучань Іаган Зельцар), рэжысурай (У. Корш-Саблін), гульнёй артыстаў і музыкай Ісаака Дунаеўскага.
Сцэнарый надрукаваны на 5 мовах: на ідыш, на рускай, англійскай, французскай і беларускай (у кнізе «Рыгор Кобец. Выбраныя творы», выдадзенай у снежні 2009 г. у выдавецтве «Беларускі кнігазбор»). Гэта першая публікацыя сцэнарыя ў Беларусі (у маім перакладзе з рускай мовы). Фільм перажыў сваіх аўтараў, і гэта дае права называць яго класічным.
Пасля выхаду фільма на экраны прайшло 74 гады, а шукальнікаў шчасця накшталт Піні не стала менш. Адзін з іх патэлефанаваў мне ў лютым 2010 года. Прадставіўся: Ігар Якаўлевіч Афанасьеў, тэатральны рэжысёр з Кіева. Яму 56 гадоў, жыве ў ЗША. Рускі тэатр ставіць пастаноўку «Шукальнікі шчасця» па кінасцэнарыі майго бацькі, які ён знайшоў інтэрнэце. Рэпетыцыі ў самым разгары.
— Мы дадзім другое жыццё «Шукальнікам шчасця». Нешта дадалі сваё. Прэм'ера адбудзецца ў канцы красавіка ў Благавешчанску (на Далёкім Усходзе).


Яго цікавіць, ці ёсць у мяне дакумент, які пацвярджае мае правы на літаратурную спадчыну Рыгора Кобеца. Пачуўшы ў адказ, што такі дакумент, завераны натарыусам, у мяне ёсць, хуценька развітаўся, паабяцаўшы:
— Я буду вам званіць.
Прайшоў амаль год. Рэжысёр Афанасьеў мне так і не пазваніў. На маім рахунку ў банку і сёння пуста. А 18 чэрвеня мая знаёмая атрымала ліст з ЗША ад сваячкі. У ім: «Здесь прошла реклама на ТВ. В июне приезжает в Нью-Йорк Амурский драмтеатр на гастроли с одним спектаклем «Искатели счастья». А посвящен этот фильм 110-летию со дня рождения И. Дунаевского. Об авторах самой пьесы (во всяком случае в этой рекламе) —ни слова. Музыка, конечно, замечательная, но ведь были и авторы текста. Может быть, в афишах они указаны будут».
А з лютага месяца ў інтэрнэце мноства рэклам, ухваляючых аўтара п'есы «Шукальнікі шчасця» І. Афанасьева ў пастаноўцы Амурскага тэатра, яго «геніяльныя рэжысёрскія знаходкі», і нічога пра сапраўдных аўтараў кінасцэнарыя, пакладзенага ў аснову гэтай п'есы, а больш дакладна, знявечанага сцэнарыя. Афанасьеў і сам піша: «...Это даже не пьеса, это, скажем, такое ревю по фильму, по сюжету пьесы, по музыке Дунаевского, это такой специфический жанр». У п'есу ўціснуты музыка і песні Дунаеўскага з іншых фільмаў.
Вернемся ў інтэрнэт. Ён аж стракаціць рэкламамі. І дэзінфармацыяй:
«...Мелодии из кинофильма «Искатели счастья» никогда не исполнялись ни по радио, ни по телевидению».
«Премьера фильма состоялась в 1936году, и «Искатели счастья» тут же оказались под запретом» ...
Усё няпраўда! У 1936 годзе карціна не была забаронена. Яна з трыумфам пайшла па ўсім свеце. У Ізраілі нават пазыўнымі радыёстанцыі была мелодыя песні Дунаеўскага «На рыбалке, у реки». Беларускі кінасцэнарыст П. Шамшур прыгадваў: «Шукальнікі шчасця» вось ужо 30 гадоў не сыходзяць з экрана, уваходзячы
ў рэдкую шарэнгу бессмяротных кінатвораў».
Першы раз фільм быў забаронены пасля арышту Кобеца. Другі раз — пасля забойства Міхоэлса і Зускіна ў пасляваенныя гады. У 1960-м рэабілітаваны разам з Кобецам і паказаны на экране ў 1962 годзе. Яшчэ адна забарона была ў 1969 годзе, пасля «хрушчоўскай адлігі», у час застою. У 1987 годзе, калі адбылася перабудова, фільм быў адноўлены на кінастудыі імя М. Горкага. У 2007 годзе запісаны на дыск (Масква. ООО «Компания Восток В». Пад рубрыкай «Энциклопедия «Мастера кино»).
Якую выснову я зрабіла, прачытаўшы ў інтэрнэце яўна прадуманыя інсінуацыі? Каму гэта трэба і навошта? Гэта своеасаблівая навука, як стаць першым. Дастаткова запэцкаць пачынальнікаў ці проста замоўчваць іх поспехі, скарыстаўшы іх заслугі, каб самім ускараскацца на тэатральны Алімп.
...Пэўна і таму сціраецца прозвішча Кобеца, каб яго наследнікам не дасылаць ганарар.
Ці не нагадвае Афанасьеў Піню з «Шукальнікаў шчасця»? Розніца ў тым, што сучасны амерыканскі Піня знайшоў сапраўднае золата, а больш дакладна, залатую жылу.
Ці не мною адноўлены кінасцэнарый трапіў яму ў інтэрнэце з літаратурнага альманаха «Год за годом»?
У інтэрнэце спектакль Афанасьева названы «культурным подзвігам». А мне яго ўчынак у адносінах да родных Кобеца і да стваральнікаў фільма падаўся бескультурным. Такой непавагі не заслужыў ніхто з нас. Калі грошы памерлага аўтара сцэнарыя яго наследнікам аддаваць шкада, дык хоць бы з п'есай азнаёміў, тым больш, што ў інтэрнэце сказана, быццам стваральнікі фільма сталі героямі спектакля. Якую ролю адвёў рэжысёр Рыгору Кобецу?
За такі подзвіг — плагіят і замах на літаратурную ўласнасць, на спадчыну нацыянальнага мастацтва — раней падавалі ў суд.
Р-S. У красавіку 1998 года журналіст газеты «Известия» Дзмітрый Філімонаў (унук Рыгора Кобеца) паехаў у Бірабіджан, каб напісаць нарыс аб жыцці сучасных бірабіджанцаў.
«Пытаюся ў губернатара вобласці, — узгадвае Дзмітрый, — ці ён ведае фільм «Шукальнікі шчасця».
— Канешне ведаю. — Губернатар Мікалай Волкаў ідзе ў пакой, што побач з яго кабінетам, і выносіць каробку цукерак. На каробцы намаляваны адзіны ў Бірабіджане кінатэатр («Цэнтральны») з афішай на ім — «Шукальнікі шчасця».
Перадайце гэтыя цукеркі вашай маці, — кажа губернатар».