«На Дзяды ў тым годзе ішоў натоўп, а вяртаўся ўжо беларускі народ». Згадваем легендарную акцыю

Трыццаць шэсць гадоў таму тысячы беларусаў накiравалiся ад Маскоўскiх (Усходніх) могiлак да ўрочышча Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяраў НКУС. 

Зянон Пазьняк выступае падчас мітынгу. Дзяды-1988

Зянон Пазьняк выступае падчас мітынгу. Дзяды-1988

Гэтая падзея стала пераломным момантам у гісторыі Беларусі, паклаўшы пачатак актыўнаму нацыянальнаму адраджэнню.

Мітынг быў арганізаваны моладзевымі нефармальнымі суполкамі «Тутэйшыя» і «Талака». 30 кастрычніка тысячы людзей сабраліся каля Усходніх могілак у Мінску. Аднак улады не далі дазволу на правядзенне акцыі і спрабавалі разагнаць дэманстрантаў.

Васіль Быкаў у «Доўгай дарозе дадому» прыгадваў тыя гістарычныя падзеі наступным чынам:

«Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў».

Разгон мітынгу меў вялікі грамадскі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Савецкім Саюзе. Гэтая падзея балюча ўдарыла па аўтарытэце камуністычнай партыі і паказала, што грамадства гатова да зменаў.

Сілы савецкай міліцыі, якія заблакавалі Курапаты

Сілы савецкай міліцыі, якія заблакавалі Курапаты

«Менавіта падзеі ў Курапатах на Дзяды 1988 году сталіся ці ня першым гучным масавым выступам на тагачасчных „ імперскіх ускраінах”, першым гучным сігналам Маскве аб змярканні савецкай імперскай эры», — пісаў дэпутат ВС 12-га склікання Сяргей Навумчык у кнізе «Сем гадоў Адраджэння, альбо фрагменты найноўшай беларускай гісторыі».

Бел-чырвона-белы сцяг на мітынгу

Бел-чырвона-белы сцяг на мітынгу

«Там упершыню ў новай гісторыі Беларусі адкрыта быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг.

Як сказаў Зянон Пазьняк, на Дзяды ў тым годзе ішоў натоўп, а вяртаўся ўжо беларускі народ», — згадваў праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Шэсце ў бок Курапатаў на Дзяды-88. Фота з архіву Уладзіміра Арлова

Шэсце ў бок Курапатаў на Дзяды-88. Фота з архіву Уладзіміра Арлова

"Дзяды" 1988 года паспрыялі абуджэнню нацыянальнай свядомасці беларусаў і ўзмацненню руху за незалежнасць краіны.

Алесь Бяляцкі казаў: «На мой погляд, гэта быў вельмі моцны ўдар па тагачаснай савецкай уладзе. І вось так, крок за крокам, мы расхіствалі гэтую жалезабетонную савецкую сістэму, якая не давала беларусам дыхаць свабодна».

Разгон Дзядоў-88. Фота з архіву Уладзіміра Арлова

Разгон Дзядоў-88. Фота з архіву Уладзіміра Арлова

«Разгон «Дзядоў» меў шырокі розгалас. Апраўдваючыся, улады былі вымушаныя казаць і пра ўтварэнне БНФ – хай і ў адмоўным ракурсе, — пісаў Сяргей Навумчык. — Суполкі БНФ пачалі стварацца ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Пашыраліся патрабаванні аб беларусізацыі, вяртанні гістарычнай памяці». 

Сёння, праз 36 гадоў пасля тых падзей, "Дзяды" застаюцца важным сімвалам барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Памяць пра тыя падзеі працягвае натхняць новыя пакаленні беларусаў на барацьбу за свае правы і свабоды.