Яўстах Янушкевіч: паўстанец 1831-га, выдавец, патрыёт

Сёньня адзначаем гадавіну з дня народзінаў слыннага сына беларускай зямлі, які быў вымушаны бегчы ў чужыя краі пасьля паўстаньня супраць расейскай акупацыі роднай зямлі. Ужо за межамі, у сталіцы Францыі, ён рабіў тое, што было забаронена на Радзіме – выдаваў кнігі.

Яўстах Севярын Станіслаў Костка Янушкевіч

Яўстах Севярын Станіслаў Костка Янушкевіч

«Я зьяўляюся кніжным антэрпрэнэрам у самым шырокім значэньні пад назвамі: рэдактара, выдаўца, кіраўніка, кнігара, камісанта — але мне абсалютна няважна, як мяне назавуць, Бог ведае, ўрэшце, якой назвай, абы б толькі я, якую толькі мог, прыносіў карысьць агулу і быў здольны зарабіць для сябе», — пісаў Яўстах Янушкевіч пра сябе.

Яўстах Севярын Станіслаў Костка Янушкевіч нарадзіўся ў 1805 годзе. Яго бацька Міхал Янушкевіч атрымаў ад Тадэвуша Касьцюшкі званьне падпалкоўніка.

Адзін зь першых яго выдавецкіх праэктаў – Янушкевіч хацеў перавыдаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году – скончыўся няўдала. А яшчэ да выезду на эміграцыю Яўстах Янушкевіч спрычыніўся да асобнага выданьня верша Адама Міцкевіча, якое было зьвязана з прыездам у Вільню ў статусе прафэсара Іяхіма Лялевеля. Гэта была настолькі істотная ў культурным і інтэлектуальным сэнсе падзея, што Міцкевіч напісаў верш, і гэты верш на сабраныя студэнтамі грошы быў выдадзены як буклет-улётка.

Яўстах, скончыў Віленскі ўнівэрсітэт са ступеньню кандыдата абодвух правоў, служыў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губэрнатара і там атрымаў чын калежскага сакратара. Пасьля ўнівэрсітэту, з 1825 года распачаў юрыдычную практыку, а з 1829 года працаваў у Камісіі Радзівілаўскай масы, якая займалася ўпарадкаваньнем спадчыны Дамініка Радзівіла. У гэты ж час ён рэдагаваў «Віленскую Газэту».

Там жа ён і сустрэў доўгачаканае паўстаньне супраць акупантаў.

Паўстанец

Падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў Яўстах Янушкевіч, як піша Дзьмітры Мацьвейчык, зьвязваецца са змоўшчыкамі ў Вільні і з інструкцыямі ад Цэнтральнага Віленскага камітэта быў высланы ў Ашмяны да мясцовых арганізатараў выступу. Пасьля пачатковых посьпехаў паўстанцаў і захопу імі Ашмянаў, ён праз Наваградзкі павет і палескія балоты трапіў на Валынь з пашпартам на імя Антона Прыбоўскага.

Праз пагрозу арышту ён вымушаны быў перабрацца ў аўстрыйскую Галіцыю, адкуль яму ўдалося трапіць у Варшаву. Тут 24 ліпеня 1831 года ён паступіў падпаручнікам у Другі полк кракавянаў, а затым выконваў абавязкі кіраўніка штабу корпуса генэрала Самюэля Ружыцкага.

Ратуючыся ад пагрозы поўнага разгрому, гэты корпус 26 верасьня 1831 года перайшоў Галіцыю. З гэтага часу ў жыьцці Яўстаха пачаўся эміграцыйны перыяд, які расьцягнуўся да самай яго сьмерці. Для самога Яўстаха Янушкевіча разьвітаньне з радзімай мела таксама і адзін прыемны момант — у Галіцыі ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Яўгеніяй Лярыш, якой на працягу доўгіх гадоў эміграцыі ён будзе пісаць лісты.

Крыж Virtuti militari быў адзінай залатой узнагародай, якую ён прывёз з сабой у краіну выгнаньня — Францыю.

За сваю прыналежнасьць да паўстаньня Яўстах, «які прымаў актыўны ўдзел у распаўсюджаньні бунту і служыў у мяцежніцкім апалчэньні», 21 жніўня 1833 года пастановай Менскай губернскай сьледчай камісіі па справах паўстаньня быў аднесены ў 2 разрад злачынцаў. Гэта азначала, што ў выпадку зьяўленьня на радзіме, якая была пад акупацыяй Расейскай імпэрыі, яго павінны былі арыштаваць і аддаць пад суд.

Малюнак сямейнага дрэва Янушкевічаў, на якім пазначаны бацька Яўстаха — Міхал

Малюнак сямейнага дрэва Янушкевічаў, на якім пазначаны бацька Яўстаха — Міхал

Яго маёмасьць, якая належала асабіста яму на момант паўстаньня, а таксама якая магла адысьці яму ў спадчыну пасьля бацькоў, прысуджалася да канфіскацыі.

Ужо 6 студзеня 1832 года ён пасяліўся ў Парыжы. Гэта паказвае на яго матэрыяльную забясьпечанасьць, бо пры пасяленьні ў сталіцы, французскі ўрад патрабаваў адмовіцца ад грашовай дапамогі са свайго боку і ўтрымліваць сябе сваімі сродкамі.

Іншыя браты Яўстаха – Рамуальд і Адольф бралі непасрэдны ўдзел у паўстаньні, па выніку якога першы трапіў у эміграцыю, а другі на больш чым 20 гадоў быў сасланы ў Сібір.

Выдавец

З 1832 года Яўстах Янушкевіч пачаў займацца дзейнасьцю, якая ў далейшым стане яго асноўнай у эміграцыі — выдавецтвам. У лістападзе гэтага года ім было заснаванае перыядычнае выданьне «Польскі Пілігрым» («Pielgrzym Polski»). Выкарыстоўваючы свае шырокія кантакты, яму ўдалося прыцягнуць да супрацоўніцтва некаторых вядомых літаратараў — сярод яго рэдактараў і аўтараў былі Адам Міцкевіч і Багдан Янскі, — зазначае Дзьмітры Мацьвейчык.

Кніга аўтарства Юліяна Клачко, напісаная пра яго сучасьніка Яўстаха Янушкевіча

Кніга аўтарства Юліяна Клачко, напісаная пра яго сучасьніка Яўстаха Янушкевіча

Менавіта ў ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў Адама Міцкевіча, у якіх ён сярод іншага супрацьпастаўляў вышыню духу паўстанцаў, якія да паўстаньня былі грамадзянскімі асобамі, і халоднасьць прафэсійных вайскоўцаў з рэгулярнага польскага войска.

18 чэрвеня 1834 года Яўстах Янушкевіч пісаў: «Я маю партрэт маёй мамы, які дайшоў да мяне з Варшавы некалькі дзён таму і зь якім я ўвесь дзень пешчуся — раніцай я жадаю яму добрага дня, разьвітваюся зь ім, калі выходжу з дому, і з вяртаньнем ізноў вітаюся, і мне так здаецца, што я на радзіме, у Літве…».

Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863 года Яўстах Янушкевіч уваходзіў у якасьці сакратара ў склад створанага ў Парыжы Франка-польскага камітэта. Яго мэтай было пачаткова дамагчыся пазыкі ў французскага ўрада для Нацыянальнага ўрада ў Варшаве, а пасьля паражэньня паўстаньня — дапамога прадстаўнікам новай хвалі эміграцыі. Вынікам дзейнасьці камітэта стала працаўладкаваньне вялікай колькасьці эмігрантаў.

Асобнае месца ў жыцьці Яўстаха Янушкевіча займаюць яго ўзаемаадносіны з Адама Міцкевічам, да кола блізкіх сяброў якога ён належаў на працягу ўсяго часу эміграцыі. У 1840-я гады апроч выдаваньня кнігаў паэта, Яўстах Янушкевіч стаў крэдыторам Міцкевіча. На пачатку 1844 года ён адкрыў крэдыт спачатку для яго жонкі Цэліны з Шыманоўскіх, а затым і для яго самога.

Кніга Адама Міцкевіча, выдадзеная яшчэ ў 1828 годзе

Кніга Адама Міцкевіча, выдадзеная яшчэ ў 1828 годзе

Разам з Адамам Міцкевічам Яўстах Янушкевіч на працягу ўсяго жыцьця ў Заходняй Эўропе патрымліваў сталыя кантакты яшчэ з адным вялікім прадстаўніком беларускай і польскай культуры — Іяхімам Лялевелем. Падставай для іх узаемаадносінаў сталі навукова-выдавецкія справы. Жывучы ў Брусэлі, Лялевель меў патрэбу ў выдавецтве ў Парыжы для больш шырокага распаўсюду сваіх твораў.

Яго выдаўцом і стаў Яўстах Янушкевіч. Напрыклад, менавіта ён займаўся выданьнем адной з асноўных гістарычных працаў Лялевеля ў эміграцыі — «Гісторыі Літвы і Русі аж да вуніі з Польшчай, заключанай у 1569 годзе ў Любліне». Можна сказаць, што Яўстах Янушкевіч зьяўляўся не толькі выдаўцом Лялевеля ў Парыжы, але і яго даверанай асобай, піша Дзьмітры Мацьвейчык.

Не раз Лялевель прасіў яго аб выплаце каму-небудзь у Парыжы пэўнай сумы грошай, альбо рэкамендаваў каму-небудзь зьвяртацца да яго ў розных справах, зьвязаных з кнігамі. Яго вобраз у лістах Лялевеля нязьменна станоўчы. Напрыклад, Яўгеніі Лярыш ён пісаў у 1850 годзе:

«З маладых гадоў Яўстаха я быў усім сэрцам для яго, больш нас зблізіла эміграцыйная нядоля. Я не мог патрабаваць ад яго ўзаемнасьці. Ён сам атачыў мяне сваёй добразычлівасьцю і сяброўствам, якой няма другой. Стакроць мой суцяшальнік».

Пасля сьмерці гісторыка Янушкевіч у Познані выдае невялікую брашуру «Апошнія хвіліны Іяхіма Лялевеля», аўтарам якой ён зьяўляўся сумесна з Севярынам Галянзоўскім.

«Апошнія хвіліны Іяхіма Лялевеля»

«Апошнія хвіліны Іяхіма Лялевеля»

Як зазначае Вікторыя Гарбачова, найбольш значны мемуарны твор быў напісаны Яўстахам для сваёй дачкі, але не быў выдадзены пры жыцьці аўтара. Рукапіс успамінаў быў напісаны ў 1871 годзе, у ім апісаныя падзеі ад нараджэньня аўтара да ад’езду ў эміграцыю. Нягледзячы на вялікі часавы прамежак, абраны для апісаньня, твор не зьяўляецца аб’ёмным. Яўстах апісваў асноўныя падзеі жыцьця, на засяроджваючыся на дробязях. Адзін з найбольш значных фрагмэнтаў прысьвечаны яго ўдзелу ў паўстаньні 1830–1831 гадоў.

Заключны пэрыяд жыцьця стаў для Яўстаха Янушкевіча часам стварэньня ўласнага пісьменьніцкага здабытку. У 1861 годзе сумесна з вядомым эміграцыйным выдаўцом Фэліксам Уратноўскім ім было падрыхтаванае «Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў». Аб’ект кнігі — родны брат Яўстаха Янушкевіча. Яго падрабязны жыцьцяпіс на 240 старонак дапаўняецца лістамі Адольфа да сям’і, у першую чаргу да маці, у якіх апісваюцца розныя аспекты жыцьця на чужыне.

У 1874 годзе, усяго за некалькі месяцаў да сваёй сьмерці, Яўстах Янушкевіч напісаў успаміны пра сваю дзейнасьць у Польскай Кнігарні і Друкарні. Зроблена гэта было ў выглядзе аб’ёмнага ліста да сына Адама Міцкевіча Ўладзіслава. Разам з апісаньнем сваіх выдавецкіх справаваў у ліст былі ўключаныя і ягоныя ўспаміны пра супрацоўніцтва з Адамам Міцкевічам, што было зроблена, відавочна, паводле жаданьня Ўладзіслава, які займаўся зборам усіх магчымых зьвестак пра свайго бацьку для напісаньня яго жыцьцяпісу.

Памер Яўстах Янушкевіч 27 верасьня 1874 года ў Парыжы на руках жонкі, якая прыехала з Кракава.

З ліста Яўстаха Янушкевіча ў 1835 годзе: «У трыццаць гадоў я — дзіцё! І колькі тут такіх, якія сьмяюцца зь мяне, што я прывез літоўскую зямлю і літоўскія кветкі і поўна вазонаў на вакне ў кошыку, на коміне панастаўляў, і калі я ўвечары вяртаюся да сябе, кожны зь іх вітаю асобна, і мне лягчэй на сэрцы, бо мне здаецца, што я ў сваёй Айчыне».